Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сяргей Чалы


Сяргей Чалы


Фізык-тэарэтык паводле адукацыі.

У якасьці хобі цікавіўся выбарчымі тэхналёгіямі.

У 1994 году працаваў аналітыкам перадвыбарнага штабу кандыдата ў прэзыдэнты РБ А.Р.Лукашэнкі.

Пасьля працаваў у Аналітычным цэнтры адміністрацыі прэзыдэнта РБ, займаўся супрацоўніцтвам з сусьветнымі фінансавымі арганізацыямі і суправаджэньнем буйных інвэстыцыйных праектаў з замежным капіталам.

З 1998 па 2003 год працаваў упраўляючым актывамі ў інвэстыцыйнай кампаніі.

Цяпер — незалежны фінансавы аналітык.


Навошта я пішу блог?

Пісаць у блог пачаў толькі ўвосень 2008 году, калі, уласна, і здарыўся эканамічны крызіс, якога я чакаў, і здарыўся менавіта так, як я яго чакаў. Асноўная мэта — дапамагчы разабрацца ў тым, што дзеецца, і паспрабаваць акрэсьліць сцэнары магчымай будучыні. Хацелася папоўніць imho нястачу неангажаваных аналітыкаў, да чыёй думкі маглі б прыслухоўвацца прыхільнікі розных палітычных поглядаў. Гэта, здаецца, атрымалася — мяркуючы па тым, што я адзін зь невялікага ліку эканамічных “экспэртаў”, якіх інтэрвіююць як “чэсныя”, так і “нячэсныя” журналісты.

Галоўны дэвіз, якога я імкнуся прытрымлівацца, — гэта словы майго навуковага кіраўніка (цяпер нябожчыка): “не пісаць таго, што за цябе зробяць іншыя”.


Што больш за ўсё я люблю ў блогах?

Тое, што адзін чалавек з пазыцыяй і бачаньнем, дзякуючы новым мэдыям, здольны хай і трохі, але ўплываць на разьвіцьцё сытуацыі ў грамадзтве і эканоміцы. У наш час “вытворчасьць сэнсаў” ня меней, а можа, і болей важная, чым матэрыяльная вытворчасьць.

Тое, што дзякуючы блогам у пісьмовую гаворку на новым узроўні вяртаецца забытае мастацтва Арыстотэлевай рыторыкі — kairos, уменьне ацаніць сваю аўдыторыю і адаптоўваць у залежнасьці ад яе выклад свайго пункту гледжаньня.

Што не падабаецца ў блогах?

Апроч відавочных рэчаў — тупога флэйму і тролінгу, кароткіх пастоў “ні пра што” і да т.п. — ёсьць адна рэч, якая мяне ў цяперашняй блогасфэры засмучае. Усе больш таленавітых і цікавых людзей або зусім перастаюць пісаць у сваіх блогах (ці прынамсі задумваюцца над тым, каб перастаць весьці блог), або пачынаюць пісаць усякае глупства (як, напрыклад, адзін з найлепшых журналістаў краіны malishevsky :) )

Пяць блогаў, якія я раю наведаць:

http://kar_barabas.livejournal.com. Адзін з найлепшых расейскіх эканамістаў, якому больш даспадобы хаваць свой identity за псэўданімам. Вельмі шырокае кола разгляданых тэм, і галоўнае — надзвычай рэдкі для блогасфэры талент весьці дыскусію нязьменна паважліва і карэктна.

http://m-korchemkin.livejournal.com. Адзін з найлепшых аналітыкаў нафтагазавай галіны ва Ўсходняй Эўропе. Шмат пра Газпром. Вельмі актуальна для нашай краіны.

http://antiluka.livejournal.com. За такім незвычайным псэўданімам хаваецца малады беларускі філёзаф і арыгінальны публіцыст Ігар Драко, да таго ж яшчэ і мой сябар.

http://gaste11o.livejournal.com. Будучыня беларускай хімічнай навукі. Цяпер асьпірант у брытанскім унівэрсытэце ў Ворвіку. Захапляецца аматарскай авіяцыяй і фатаграфіяй — як заўсёды, прафэсійна.

http://darrius.livejournal.com. Гісторык беларускай (і ня толькі) архітэктуры.


XS
SM
MD
LG