Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Iten

У індывідуальнай псыхалёгіі ёсьць паняцьце “неаплачанай ідэнтычнасьці”: індывід прымае вызначаную ідэнтычнасьць, абмінуўшы працэс дасьледаваньня сябе, зрабіўшы выбар не самастойна, а пад узьдзеяньнем вонкавых фактараў. Можна паспрабаваць ужыць гэтае паняцьце індывідуальнай псыхалёгіі ў дачыненьні да беларускага грамадзтва, на калектыўным узроўні, сьцьвярджаючы, што сучасная сытуацыя ў Беларусі — гэта шмат у чым сытуацыя “неаплачанай ідэнтычнасьці”. Мы ўсе сталі “беларусамі” ў 1991 годзе, але так і не зразумелі, што гэта значыць для ўсіх нас. А гэта, у сваю чаргу, замінае ўсім нам ператварыцца ў паўнавартасную супольнасьць.
гэты рэжым дадзены нам для таго, каб грамадзтва зразумела нарэшце, у чым палягае каштоўнасьць палітычнай і іншай свабоды ...

На самой справе, мы не змагаліся за сваю незалежнасьць, яна нам дасталася практычна дарма, пасьля распаду СССР у 1991 годзе. Грамадзтва калі што і ацаніла з падзей тых гадоў, дык гэта “фармальны” бок таго, што адбылося — атрыманьне незалежнасьці, а ўсё астатняе пакуль што не асэнсавана належным чынам. Шматлікія эпізоды нашай сучаснай гісторыі зьвязаныя якраз з адсутнасьцю досьведу разважаньня, перш за ўсё на калектыўным узроўні. Напрыклад, кароткі пэрыяд свабоды ў 1991—1994 гадах быў пэрыядам эмоцый, а не асэнсаваньня, а таму мы гэтай свабоды і пазбавіліся. Сёньняшні палітычны рэжым завуць аўтарытарным, дыктатарскім, але на самой справе на яго варта зірнуць крыху інакш: гэты рэжым дадзены нам для таго, каб грамадзтва зразумела нарэшце, у чым палягае каштоўнасьць палітычнай і іншай свабоды. Праблемы стаўленьня ўлады і грамадзтва сёньня — гэтае высьвятленьне таго, што ёсьць свабода (хоць само гэтае слова зараз рэдка гучыць у выглядзе лёзунгу, ад яго ўсё “стаміліся”).

Аналягічны лёс спасьціг і наш нацыянальны праект: ён не атрымаўся менавіта таму, што ён ня быў асэнсаваны ў належнай меры на стадыі праектаваньня. Апытаньні паказваюць, што беларусы адчуваюць сваю прыналежнасьць да нацыі як “мэханічную салідарнасьць”: жывуць у адной краіне, на адной тэрыторыі. І хоць цяпер нацыянальныя праекты памнажаюцца (хтосьці кажа пра дзяржаўны нацыяналізм, хтосьці пра этнічны, хтосьці пра лібэральны), іх аб'ядноўвае адна агульная ўласьцівасьць: у гэтых праектах занадта мала прысутнічае рацыянальнае асэнсаваньне сытуацыі, альбо гэтае асэнсаваньне толькі выглядае рацыянальным. “Нацыя” шмат для каго зараз — гэта адна суцэльная тайна, мы ў яе “верым”, а таму ніяк ня можам яе стварыць. Але тайна нацыі палягае ня ў ёй самой, а ў тых сэнсах, якія мы ўкладаем у паняцьце нацыі, а тут няма адмысловай “тайны”, таму што гэтыя сэнсы могуць быць рацыянальнымі. Каштоўнасьць мае ня нацыя, а тыя, хто ў яе ўваходзіць, беларусы, са сваімі правамі і вартасьцю. У Беларусі, прабачце за такое абагульненьне, вельмі імкнуцца тое, што можна рацыяналізаваць, ператвараць у “тайну”, і наадварот.
Мы павінны ганарыцца не сваёй гісторыяй і культурай, а тым, што мы нарэшце ў іх разабраліся...

Заняпад беларускай культуры таксама зьвязаны з нашым нежаданьнем думаць. Мы часта баімся прадставіць сваю нацыянальную культуру слабой, а таму знаходзім у ёй “моцныя” бакі: герояў і факты, якія дазваляюць нам выглядаць ня горш, чым іншым. Або “ўзнаўляем” традыцыі, спрабуючы ў сучасных умовах паводзіць сябе так, як паводзілі сябе людзі шмат гадоў назад. Аднак такія стратэгіі перашкаджаюць нам зірнуць на сытуацыю рэалістычна: пазьбягаючы аналізу слабых бакоў нашай культуры, мы ня можам яе ўзнаўляць, мы проста ад яе адмаўляемся, саромеемся нашай недасканаласьці альбо канчаткова ператвараем у нешта нерухомае, мёртвае. Неабходна зьмяніць стратэгіі. Мы павінны ганарыцца не сваёй гісторыяй і культурай, а тым, што мы нарэшце ў іх разабраліся, настолькі, наколькі гэта магчыма, пазналі сваю сілу і сваю слабасьць. Працэс такога аналізу практычна бясконцы, а таму і нацыянальная культура мае шанец выжыць.

Стан “неаплачанай ідэнтычнасьці” можа працягвацца доўга, але ён павінны зьмяніцца на стан “дасягнутай ідэнтычнасьці”, пры якім наша грамадзтва “знойдзе сябе” і перастане выглядаць нежывым. А гэта залежыць ад самога грамадзтва, ад яго інтэлектуальнай эліты, ад улады. Мы ўсё павінны прызнаць каштоўнасьць рацыянальнасьці, асэнсаваньня, якія выходзяць за рамкі нашых індывідуальных паводзін на вышэйшы, калектыўны ўзровень.

Iten

Нарадзіўся ў 1974 годзе ў Мінску, трохі пажыў у часы СССР і жыву зараз у іншай краіне, таму маю цікавасьць да гісторыі і зьмены каштоўнасьцяў. Выкладаю гуманітарныя дысцыпліны ў адной зь мінскіх ВНУ.

Навошта я пішу блог?


Пачаў пісаць блог таму, што, як мне здавалася, жадаю выказаць свае пачуцьці і думкі. Пры гэтым усё пачуцьці і думкі здаваліся годнымі выразу, а гэта ня так. Абраў у якасьці аватары выяву Вальтэра, таму што мне падабаецца яго розум і крытычнае стаўленьне да жыцьця.

Што больш за ўсё я люблю ў блогах?

Больш за ўсё люблю ў блогах чалавечую суб'ектыўнасьць, аповед пра досьвед, які мне цікавы. Люблю чытаць праўду, да якой яшчэ сам не гатовы, заўсёды цікавая чужая свабода і розум.

Што я больш за ўсё не люблю ў блогах?

Не падабаецца ў блогах адсутнасьць пачуцьця меры і асэнсаваньня ўласнай дзейнасьці, гэта значыць — усё тое, на што сам пакутую.


Пяць блогаў, якія я раю наведаць:

http://pigbig.livejournal.com/profile

http://a-paradeigma.livejournal.com/profile

http://alyrik.livejournal.com/profile

http://f-f.livejournal.com/profile

http://untergeher.livejournal.com/profile


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG