Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зможа зрабіць для Беларусі прэзыдэнт Эўразьвязу?


На саміце Эўразьвязу ў Брусэлі першым прэзыдэнтам Эўрапейскага Зьвязу абраны прэм'ер-міністар Бэльгіі Гэрман ван Ромпэй. Міністрам замежных справаў стала брытанскі палітык, эўракамісарка ў справах гандлю Кэтрын Эштан.

Хадыка: У Брусэлі - як у Менску

“Сытуацыя ў Эўразьвязе нагадвае мне сытуацыю ў беларускай апазыцыі, калі, скажам так, вельмі крыклівая колькасьць малаўплывовых палітыкаў вызначаюць сытуацыю ў апазыцыі. Тое самае адбываецца і там. На пярэдні плян выйшла вялікая колькасьць краін Эўразьвязу – дробных, нязначных у палітычным і геапалітычным сэнсе".

Фёдараў: У сувязях Брусэлю і Менску дадасца дынаміка

"Можа быць паскарэньне ўзаемадзеяньняў, паколькі паўнамоцтвы ў прэзыдэнта будуць такія, што для вырашэньня некаторых пытаньняў не спатрэбіцца зьбіраць тую ж Раду Эўропы. Таму ўзаемадзеяньні могуць стаць больш дынамічнымі".

Ігар Карпенка: Мы паважаем выбар Эўразьвязу

"А што тычыцца, каго канкрэтна выбралі на новыя пасады, то мы ў любым выпадку павінны паважаць выбар Эўразьвязу. Гэта іх права. А мы, як незалежная дзяржава, будзем працаваць з тымі, каго яны абралі”.



***

Незадоўга да галасаваньня кандыдатура Ромпэя была вылучаная Швэцыяй, якая старшынюе ў ЭЗ. Раней на гэтую пасаду прэтэндавалі былы прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тоні Блэр, які адмовіўся ад барацьбы, і былая прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга.

Назіральнікі адзначаюць, што абое абраныя палітыкі ня вельмі вядомыя і маюць невялікі вопыт міжнароднай дыпляматыі, так што іхнае прызначэньне не павінна выклікаць хвалі крытыкі ў эўрапейскіх сталіцах.

Гэрман ван Ромпэй умее ісьці на кампрамісы, і лідэры асноўных эўрапейскіх дзяржаваў ня бачаць у ім канкурэнта. Гэта хутчэй практычны, чым харызматычны палітык, і ягоную кандыдатуру актыўна падтрымліваюць Францыя і Нямеччына, – адзначае Бі-Бі-Сі.

Ромпэю 62 гады, ён актыўны блогер у інтэрнэце і напісаў некалькі кніг па сацыялёгіі і палітыцы. У яго філязофская адукацыя, а таксама эканамічная. "Палітыка – адна з многіх частак майго жыцьця, аднак ня самая галоўная", – сьцьвярджаў ён летась у інтэрвію. Сябра партыі хрысьціянскіх дэмакратаў. Ягоная сястра Тына ван Ромпэй таксама палітык, зьяўляецца сябрам кампартыі. У ван Ромпэя чацьвёра дзяцей.



У Бэльгіі зь яе лінгвістычнымі бар’ерамі Ромпэя лічаць аб’ядноўчай сілай. Ён мірна вырашае канфлікты, якія пэрыядычна ўзьнікаюць паміж галяндзкамоўнымі флямандцамі і франкамоўнымі валёнамі. Сам ван Ромпэй – флямандзец. На пасадзе прэм'ер-міністра ён адпрацаваў менш як год – ад сьнежня 2008-га.

Крытыкі задаюцца пытаньнем: як малавядомы палітык будзе прадстаўляць інтарэсы Эўразьвязу перад лідэрамі сусьветных дзяржаваў?

Брытанскаму палітыку Кэтрын Эштан 53 гады. У 1999-м яна атрымала пажыцьцёвы тытул баранэсы і месца ў Палаце лордаў брытанскага парлямэнту. Амаль 5 гадоў яна працавала ў лейбарысцкім урадзе Вялікай Брытаніі – у міністэрствах адукацыі, канстытуцыйных справаў і юстыцыі. У 2006 годзе яна была названая "палітыкам году" ў Вялікай Брытаніі.

Кэтрын Эштан, якая абраная на пасаду высокага прадстаўніка ў міжнародных справах Эўразьвязу і фактычна ўзначаліць агульнаэўрапейскае МЗС, будзе валодаць нават большымі паўнамоцтвамі, чымся прэзыдэнт. Яна атрымае ў сваё распараджэньне шматмільярдны бюджэт, дыпляматычнае ведамства з 5 тысячаў чалавек і крэсла віцэ-прэзыдэнта Эўрапейскай камісіі.

Рэформа ў структуры кіраўніцтва ЭЗ прадугледжаная Лісабонскай дамовай, якая набудзе моц 1 сьнежня 2009 году.

***

Што зьмянілася ў структуры кіраваньня ЭЗ

Прэзыдэнт абіраецца на два з паловай гады, максымальна на два тэрміны. Рэформа кіраўніцтва Эўразьвязу прадугледжвае зьмяншэньне ролі прэзыдэнта і ў той жа час узмацненьне ролі іншых агульнаэўрапейскіх кіроўных органаў, набытых паводле Лісабонскай дамовы. Галоўная зьмена – адмена права вета асобных краінаў па шэрагу ключавых пытаньняў. За некаторымі выключэньнямі, рашэньні па зьнешняй і ўнутранай палітыцы будуць цяпер прымацца кваліфікаванай большасьцю.

Узмацнілася роля краінаў-старшыняў Эўразьвязу, дзякуючы прынцыпу "трайнога старшынства". Гішпанія, якая з новага году пераймае старшынства ад Швэцыі, разам з Бэльгіяй і Вугоршчынай, якія прыдуць на чаргу за ёй – будуць супольна вызначаць адзіную палітыку блёку цягам паўтара года. Вялікія новыя паўнамоцтвы набыў і Эўрапарлямэнт.

Якія наступствы для Беларусі?

Узмацненьне ролі агульнаэўрапейскіх органаў кіраваньня азначае істотнае павелічэньне міжнароднай актыўнасьці блёку. Найважнейшым у гэтай справе зьяўляецца кансалідацыя ўсіх зьнешнепалітычных ведамстваў Эўразьвязу – з належнымі ім бюджэтнымі сродкамі – у руках Найвышэйшага прадстаўніка і павелічэньне яго паўнамоцтваў.

Наогул, на працягу наступнага году чакаецца павелічэньне важнасьці ўсходняга вэктару ў зьнешніх зносінах Эўразьвязу. Гішпанія, якая пераймае старшынства ў Эўразьвязе, абвясьціла пашырэньне сувязяў з Расеяй і залучэньне яе ў эўрапейскія працэсы адным з прыярытэтаў свайго старшынства. Мэтай гэтай супрацы абвешчана стварэньне агульнаэўрапейскай гандлёвай прасторы, што, аднак стане магчымым толькі пасьля ўступленьня Масквы ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю (СГА).

Адным з галоўных дасягненьняў дзейнасьці Кэтрын Эштан у якасьці эўракамісара па гандлі было дасягненьне пагадненьня паміж Брусэлем і Масквой аб дапушчэньні Расеі ў СГА. Высілкі эўрапейцаў у гэтым накірунку ня могуць абмінуць і Беларусь, зь якой Расея ўвязвае сваё ўступленьне.

Больш грошай

У рамках існуючых адносінаў гэта значна павышае магчымасьці Эўразьвязу для эканамічнай дапамогі Беларусі. Акрамя экстраннай макраэканамічнай дапамогі, пра якую зараз вядуцца перамовы, Менск можа разьлічваць і на даўгатэрміновае фінансаваньне мадэрнізацыі свайго энэргетычнага сэктару ў рамках праграмы па фінансаваньні змаганьня з кліматычнымі зьменамі.

Мадэрнізацыя

Эўразьвяз плянуе выдзеліць на дапамогу краінам сьвету па мадэрнізацыі індустрыі і скарачэньні вадародных выхлапаў у атмасфэру каля 50-ці мільярдаў Эўра. Выкарыстаньне гэтых сродкаў у краінах Усходняга Партэрства – адзін з прыярытэтаў палітыкі блёку.

Правы чалавека

Станоўчым чыньнікам для дэмакратызацыі ў Беларусі зьяўляецца ўзмацненьне ролі Эўрапарлямэнту, і, адпаведна, яго сьпікера, Ежы Бузэка. Слова Бузэка, даўняга адваката дэмакратычных зьменаў у Беларусі, цяпер будзе мець большую вагу ў вызначэньні палітыкі збліжэньня Беларусі і ЭЗ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG