Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У старажытнай Ішчалне даўняе ды пэрманэнтнае падзеньне…”


5 год таму вёску Ішчалну, што за некалькі кілямэтраў убаку ад шашы Менск — Гродна, я… не знайшоў. Указальніка не было, а на Лідзкім ды Шчучынскім аўтавакзалах мне паведамілі, што такі населены пункт у іх маршрутах папросту ня значыцца.

Гэтым разам я ехаў беспамылкова — з краязнаўцам Уладзімірам Круцікавым, што ня першы дзясятак год вандруе па Гарадзеншчыне. Акурат у Шчучынскім раёне, да якога адміністрацыйна належыць паселішча, на ўскраіне дворыка тутэйшага касьцёла Сьвятой Тройцы, ён зрабіў унікальную знаходку.

Круцікаў: “Каля касьцёла проста стаяў, а на яго ніхто не зважаў…”

Гамана пра адзіны, што захаваўся ў краіне, сапраўдны сонечны гадзіньнік. І хоць у Нясьвіжы ёсьць трактат на лаціне, дзе дакладна апавядаецца пра мэханізм яго вырабу, дагэтуль не было ніводнага матэрыяльнага сьведчаньня, каб у нас вымяралі час такім чынам. Уладзімір дасьледаваў гісторыю знаходкі і самога паселішча, пра што падрыхтаваў артыкул у тоўсты часопіс. Для слухачоў “Свабоды” — найбольш цікавыя факты. Мы, дарэчы, стаім перад пабудовай у форме мэталёвага слупа, крыху вышэйшага за мэтар, з градуснай разьметкай па ўсёй акружнасьці.

Круцікаў: “Гэты касьцёл быў пабудаваны на месцы старога ў 1758 годзе, і разам зь ім быў замоўлены сонечны гадзіньнік. У тыя часы існавалі ўжо мэханічныя, але былі вельмі недакладныя. І таму для зьверкі часу каля касьцёлаў на плошчах стаялі сонечныя. Вось тут відаць градацыю ад 4 раніцы да 8 вечара. Прынцып дзеяньня такі: верхняя рыска накіраваная на Палярную зорку. А шкала рабілася ў залежнасьці ад шыраты месца. Вось пазначана: 54 градусы 40 хвілінаў 2 сэкунды — шырата мястэчка Ішчална. Цень ад рыскі падаў на шкалу. Ён дзеючы, але рыска дакладна не зарыентаваная на зорку…”

Між іншым, месца вырабу гадзіньніка — Вільня. Ішчална, кажа суразмоўца, у часы ВКЛ была там добра вядомая.


Круцікаў: “Цяжка сабе ўявіць, што на месцы гэтай вёскі некалі знаходзіўся невялікі гарадок. Першы запіс пра падзеі ў Ішчалне датуецца 1515 годам, калі пад старастам з Эйшышкаў Андрэем Завальным быў закладзены драўляны касьцёл пад назвай Сьвятой Тройцы. У 1708-м Ішчална была занятая швэдзкімі войскамі, у Жалудку знаходзілася стаўка Карла XII-га. І тыя паразьбівалі касьцельныя званы. Да пачатку 18 стагодзьдзя касьцёлу ахвяравалі землі, грошы. Шляхціц Андрэй Завальніцкі ахвяраваў 200 талераў за тое, каб, калі памрэ, 500 дзён чыталі за яго імшу — відаць, шмат грахоў нарабіў. (Сьмяецца.) У 1713-м шкоды нарабіў пажар, калі згарэла плябанія, дзе былі асноўныя парафіяльныя дакумэнты. Таму зьвесткі сьціплыя. Але вядома, што кірмашы праводзіліся штотыдзень, стаяла некалькі крамаў, дзейнічала карчма…”

Робім пярэрву, бо да пляцоўкі перад касьцёлам пад’яжджае конік з павозкай і ўсьлед — аўталаўка. 77-гадовая цётка Марыя Курса з сынам прыехалі з засьценка, дзе жывуць пяцёра чалавек і куды аўталаўка не даходзіць.

Курса: “Мы не тутэйшыя — да аўталаўкі прыехалі з Кімянаў. У нас нічога няма — толькі кабылка. Сын троху “не такі”, але са мной жыве…”

Жвавы, 25-гадовы кіроўца-прадавец Андрэй Гайдукевіч прыяжджае сюды двойчы на тыдзень. Пакуль не сабраліся мясцовыя, пасьпявае паведаміць:

Гайдукевіч: “Пакупнікоў звычайна чалавек 7-8. Бяруць хлеб, макарону, кілбасу. Зьбіраю тут тысяч 70-80 у дзень. Больш, як прыйдзе пэнсія, сьвята. Сьпіртным гандлюю таксама. Бяз гэтага таваразварот не набярэш хлебам ды запалкамі…” (Сьмяецца.)

Спадар Круцікаў кажа, што бачым ці не фінальныя сцэны заняпаду з розных прычынаў храму і паселішча. А пачаўся заняпад аж на пачатку 18 веку.

Круцікаў: “Пасьля таго як згарэлі дакумэнты, маёмасьць касьцёла пачала зьмяншацца з-за шляхецкіх наездаў. Аканом з Васілішак перанёс уначы капцы і адсек некалькі га зямлі. Казаў: а пакажыце карты, дзе праходзіць мяжа — згарэлі? Шляхціц Ювілевіч высек паўтара га касьцельнага лесу і засеяў сабе…”

Пажывіліся касьцельным дабром і паўстанцы Тадэвуша Касьцюшкі.

Круцікаў: “Атрадам на тэрыторыі Ішчалнаўскай парафіі камандаваў нейкі Хлявінскі. Забраў у свой абоз усю касьцельную скарбонку, а таксама срэбныя аклады і кароны з абразоў…”


Тым ня менш адмыслоўцы лічаць, што мы, магчыма, на парозе мноства неспадзяваных адкрыцьцяў у Ішчалнаўскім касьцёле. У яго мурах на пачатку 20 стагодзьдзя па загадзе тагачаснага польскага біскупа Казімера Бальцаровіча былі зафарбаваныя старажытныя беларускія фрэскі. І раптам на даўно не рамантаванай сьцяне праступіла фрэска 1635 году мастачкі Катарыны Хвалеўскай з выявай Сьвятой Тройцы! Кажа Ўладзімір Круцікаў:

Круцікаў: “Палякі палічылі, што ня маюць мастацкай вартасьці, і зафарбавалі іх. І вось зараз пачалі яны праступаць — трэба рэстаўрыраваць!”

* * *

У часе сустрэчаў з сучаснымі ішчалнаўцамі пераканаўся, аднак, што іх жыцьцёвы гадзіньнік ідзе, як самі кажуць, у адваротны бок ад сонца. 47-гадовы Генадзь Макараў працуе ў тутэйшым СВК “Вялікае Мажэйкава” паляводам. За акулярамі — самотныя вочы…



Макараў: “На лекавых травах працуем, на пасяўной копы кладзем. Узімку тэхніку рамантуем, кусты сячэм — што загадаюць, тое робім. Дзень ненармаваны. Выходзіць абы-што — 200 тысяч, болей — не. Народ бяжыць — хто ў чарку, хто куды. Моладзі няма. Усе старыя…”

Карэспандэнт: “Я чуў, што і бабулек прымушалі лекавыя травы зьбіраць?”

Макараў: “Так, пэнсіянэраў! Бо інакш цукру, макароны, мукі не дадуць. ў Геня…”

Цётка Аўгенія Ходыш 7 год як на пэнсіі. Твар мае абветраны ды сьпіты, сама з бутэлькай у руцэ. На маўклівае пытаньне адказвае: што яшчэ застаецца?



Ходыш: “50 рублёў пэнсіі атрымліваю толькі. Астатнія вылічваюць — дзяўчына паступала ў Гродзенскі ўнівэрсытэт, было бясплатнае навучаньне, потым зрабілі 3 мільёны ў год, і я плачу. Ня маю на кавалачак хлеба — у людзей раблю. І ў калгас хаджу каменьні зьбіраць…”

Макараў: “Працуючых — я, вунь яшчэ трактарыст пайшоў…”

Трактарыст Пётра Мар’янавіч сьпяшаецца, але пасьпявае паскардзіцца:

Мар’янавіч: “300 зь нечым маю — з 8 раніцы да 9 вечара…”

Ўздоўж ляска пераходзім на другі бок вёскі. Налічваем 9 пустых хат. Заходзім да 77-гадовай цёткі Ўладзіславы ды 78-гадовага Браніслава Сьцяпуляў. Тыя вярнуліся з палеткаў і адразу пачынаюць пра балючае ды надзённае:

Уладзіслава: “Хлопцу бульбу змарнавалі, бо побач калгасная кукуруза. Кукурузу даўно травяць хімікатамі і, дзеткі, мо даўно атручана. Дый убіраць яе празь іхныя соткі хадзілі, як праз прыбіральню. Зьбірай, кажу, камісію — не захацеў…”

Браніслаў: “З 8 баразён па 700 мэтраў сабралі ўсяго 50 маленькіх мяшэчкаў — мо й траўленыя. Будзе есьці — а што ж?!”

Крыху супакоіўшыся, Сьцяпулі апавядаюць пра астатнія бядоты, што напаткалі іх сямейства ды ўсю вёску, у якой засталося каля трох дзясяткаў жыхароў.

Уладзіслава: “Сын захварэў, рабіў 14 год на чыгунцы. 2 гады як схапіў ціск, паставіла на ўлік урач Чадоўская як алькаголіка. І пайшоў “на бабы” ў саўгас — а з чаго жыць дзецям?! 25 тысяч дай дзіцяці ў школе есьці, 20 тысяч таму на інтэрнат. Усю пэнсію аддаём, а самым як жыць?! Нічога нам не даюць з саўгаса. Чатыры бабы зь вёскі ходзяць на валяр’яну — даюць на сьвіней па 100 кіль камбікармоў за сабраную тону. Дык цэлае лета працуюць! Здавалі па 7-8 тон…”

Браніслаў: “Сын мой на паляводзтве той месяц і нядзелямі, і суботамі рабіў — 73 тысячы зарабіў усяго, а за жнівень — 140. І жонка хворая, нідзе ня робіць, дзяцей двох. У нас пэнсія 416. Каб мы не дапамагалі — ня выжылі яны б! Пайшоў хлопец вучыцца, сюды бяжыць, каб грошы далі. То палову ім, палову сабе — за 100 тысяч жа не пражывуць 4 душы…”

Непадалёк пад’ехаў самазвал і адчайна забрахаў сабака. Не спыняўся на працягу ўсёй размовы — яўна не расьпешчаны гасьцямі. Гаспадар — саўгасны кіроўца Іван Мішчанка. Кажа, што жыве з амаль 90-гадовай маці са скурчанымі рукамі ад калючай валяр’яны, што садзіла, палола, убірала ўсё жыцьцё. А жыцьцё, маўляў, ня мех цукру, што “ў падзяку” выдавала за пякельную працу саўгаснае кіраўніцтва восеньню.



Мішчанка: “50 тысяч у месяц атрымліваю на машыне, апошні месяц — 26 тысяч…”

Карэспандэнт: “А што вы возіце?”

Мішчанка: “Усё — на самазвале, ад цямна да цямна. Быў на рамонце — па 2 тысячы плацяць. Болей чым 100 усё роўна не давалі. На акладзе на “ўазіку” 200 меў. Тэхніка старая, псуецца, а запчастак няма. На ўборцы не працую. Шмат звальняюць па артыкулу, калі ня выйшаў дзень-два. Сёньня звольнілі, заўтра ўзялі. Палітыка — прэміі нашы сабе эканомяць. Не магу зьехаць — маці 86 год…”

Маці: “Ой, ён усё мне прыносіць. Каб ня ён, нікуды б не дайшла. Слаба бачу, рукі і ногі ніяк ня рухаюцца — на травах змарнавалі…”

Карэспандэнт: “Будучыню сваю ў Ішчалне ня бачыце?”

Мішчанка: “Не-не, у Гродна кватэра, сям’я. Тут дрыгва, дый зараз два саўгасы аб’ядналі — бардак! Працы даволі, але ня плацяць нічога. Збыт — ніякі…”

Заўважаем, што некалькі машын, гружаных лекавымі травамі, праехалі ў бок мыйкі, што за некалькі кілямэтраў ад вёскі, ля панскай яшчэ сажалкі. Адсюль на фабрыку ідзе гатовы тавар. Знаёмімся з брыгадай рабочых — 43-гадовым Стасем Грыневічам, практыкантам Анатолем Ярмантовічам ды брыгадзірам, 55-гадовым Віктарам Кулевічам. Даведваемся, і чаму па-зімоваму апранутыя.



Спадарства (на фоне вадаспаду ў мыйцы): “У ванну ўлазіць паўпрычэпа — чыстая тона. Сэзон доўжыцца паўтара месяца… Перамываем у залежнасьці ад завозу валяр’яны, але тон 500 выходзіць сырога кораню… Абяцалі 600 тысяч зарплату. Працуем да 6 вечара з 8 раніцы — па 12 гадзінаў. Адзін дзень адзін мые, другі дзень — другі. Бывае і да 12 ночы…”

Карэспандэнт: “І за такую працу 600 тысяч?”

Спадарства: “Так. А гэта праца карпатлівая, а як маразы — пастойце каля мыйкі! Кашмар!”

Ужо знаёмы Ўладзімір Круцікаў дзеліцца ўражаньнямі не як краязнаўца, а як палітык, старшыня Лідзкай раённай суполкі Партыі БНФ:

Круцікаў: “Ішчална, вядома, уражвае, бо пра такія заробкі ва ўсім раёне нідзе не чуваць. Гэта прамы зьдзек уладаў зь людзей. Відаць, што гаспадарка ў поўным заняпадзе. І ўсе, хто яшчэ можа працаваць, хочуць зьяжджаць…”

Шлях назад быў пустэльны. Але вось на ўскраіне бабулька з палачкай, што пільна ўзіраецца на рэдкіх падарожнікаў. Гэта выйшла падыхаць паветрам спадарыня Марыя Штурма, што 38 год прапрацавала бібліятэкаркай. Нядаўна пахавала мужа. Яе расповед — як споведзь…

Штурма: “Адна ў хаце, дзеці ў Гродна, у Менску. Валяр’яну не бяру, карову, каня прадалі. Як мужык быў, і клямка акуратная ў браме была, і гарод. Як памёр, дзьверы асядаюць, сьвіран ды лазьня цякуць. Дзеці — “мама, рамонт не рабі, едзь да нас”. Была я тую зіму. Праўнукаў цяпер у садок аддалі, і прыехала дахаты. Усё пасівела — вядома, ня палена. Моль у шафе ўсё паела. Прыехала, села на падворак і заплакала. Як карову гадавала…” (Плача.)

Карэспандэнт: “Ішчална хоць і бядотная, але ўсё-ткі родная…”

Штурма: “Канечне! Радзіма адна, іншай не бывае…”
XS
SM
MD
LG