Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі: “Адказ па справе Красоўскага зроблены і атрыманы”


МЗС Беларусі сьцьвярджае, што накіраваў у Камітэт правоў чалавека ААН камэнтары адносна скаргі сям’і зьніклага Анатоля Красоўскага. Прадстаўнікі сям’і Красоўскага заяўляюць, што ў ААН дагэтуль адказу зь Менску не атрымлівалі.

16 лістапада скончыўся тэрмін, цягам якога ўрад Беларусі мусіў адказаць на пазоў сям’і Анатоля Красоўскага, які зьнік у 1999 годзе, як мяркуецца, з палітычных прычын. Прадстаўнікі сям’і Красоўскіх 17-га лістапада заявілі, што, паводле іх інфармацыі, у Камітэце правоў чалавека ААН дагэтуль не атрымалі адказу ад беларускага боку.

19 лістапада супрацоўніца ўправы інфармацыі Міністэрства замежных спраў Марыя Ваньшына паведаміла Радыё Свабода: “Камэнтары беларускага боку адносна скаргі Красоўскіх накіраваныя ў Камітэт правоў чалавека ў вызначаны тэрмін. Паводле інфармацыі, якую мы маем, камэнтары Беларусі атрыманыя ў камітэце правоў чалавека ААН”.

Прадпрымальнік Анатоль Красоўскі быў скрадзены невядомымі разам з апазыцыйным палітыкам, ягоным сябрам Віктарам Ганчаром. Гэтая справа дагэтуль не раскрытая. У прыватнасьці, сям’я Красоўскіх патрабуе дапытаць асобаў, якія фігуруюць у справаздачы Эўрапарлямэнту ў якасьці падазроных у арганізацыі і замове злачынства, але дагэтуль не дапытаныя беларускімі сьледчымі. Паводле правілаў ААН, пазоў Красоўскіх можа быць разгледжаны і без прадстаўнікоў ураду Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG