Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За дабрачынную раздачу кашы — у суд


У судзе Ленінскага раёна Берасьця 27 лістапада будзе разгледжаная адміністрацыйная справа жыхара горада Аляксандра Казьлянка, паведамляе БелаПАН.

8 лістапада Аляксандр Казьлянок разам зь сябрам зладзілі дабрачынную акцыю: непадалёк ад Сьвята-Мікалаеўскай царквы раздавалі бяздомным грэцкю кашу, якую прыгатавалі самі. Супрацоўнікі міліцыі даставілі іх у пастарунак, дзе канфіскавалі плякат з выявай самалёта, які скідвае ежу, а таксама 290 улётак па прафіляктыцы грыпу. У той жа дзень затрыманых маладых людзей адпусьцілі зь міліцыі без складаньня пратаколу.

Аднак празь дзесяць дзён, 18 лістапада Аляксандра Казьлянка выклікалі ў апорны пункт і склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 23.34 КоАП (парушэньне парадку арганізацыі або правядзеньня масавага мерапрыемства або пікетаваньня). Таксама спадару Казьлянку паведамілі, што матэрыялы яго адміністрацыйнай справы суд Ленінскага раёна Берасьця разгледзіць 27 лістапада.

Паводле берасьцейскіх праваабаронцаў, каля Сьвята-Мікалаеўскай царквы маладыя берасьцейцы раздавалі ежу маючым патрэбу цягам апошніх трох гадоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG