Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нусмумрык


Мяне клічуць Нусмумрык. Я ведаю, што сапраўднага героя звалі Снусмумрык, але я не сапраўдны герой. Я ўжо 31 раз зьдзейсьніла кругасонечнае падарожжа, значыць, 31 раз за свае жыцьцё абляцела вакол Сонца. І толькі нядаўна пра гэта даведалася — з фільма “Песьні з другога паверха” Роя Андэрсена. (Калі вы паглядзіце гэтае кіно, вы таксама будзеце ведаць, колькі ўжо разоў вы абляцелі вакол Сонца, і нават калі не пагледзіце кіно — усё роўна будзеце ведаць, бо я вам расказала, як гэта). Яшчэ я люблю пісаць у дужках — бо гэта неяк інтымна і даверліва.

Я пішу блог (у блог, у блогу), каб паказаць грамадзтву, што вар’яты — такія ж людзі, як і ўсе астатнія. І што карыстацца інтэрнэтам і пісаць у ЖЖ могуць нават і малпы. Галоўная мэта (калі б яна была ў мяне, бо я бязмэтавы чалавек і асацыяльны) блогу — сацыялізацыя і адаптацыя вар’ятаў (з дыягназамі і неабсьледаваных). Гэта робіцца (адаптацыя) для карысьці і выратаваньня сьвету. Я ніхто, нават ня зброя ў нечых руках. Я ня бачу сябе ў гэтай сыстэме, маёй кропкі няма на гэтых восях каардынат.

Я не магу казаць пра любоў ці нелюбоў да блогаў, у мяне да іх няма ніякіх асаблівых пачуцьцяў. І ня раю наведваць ніякія блогі — нічога там, зрэшты, цікавага няма. Марнаваць час! На сьвеце, у гэтым кароткім жыцьці есьць прыгожыя месцы, цікавыя людзі, запамінальныя падзеі. І сядзець той час у інтэрнэце — жаваць жвачку — замыленыя некім думкі? Жыць чужым розумам? Ёсьць выдатныя фільмы, цудоўныя кнігі!
XS
SM
MD
LG