Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Магілёўскі Час” зноў не зарэгістравалі


Журналістка Ганна Ільіна
Журналістка Ганна Ільіна

Міністэрства інфармацыі вярнула таварыству з абмежаванай адказнасьцю “Магілёўскі Час” пакет дакумэнтаў на рэгістрацыю газэты. Паводле чыноўнікаў, у пакеце адсутнічала копія дамовы заснавальніка зь юрыдычнай асобай, на якую ўскладаліся функцыі рэдакцыі газэты. Гэта сталася прычынай вяртаньня дакумэнтаў.

“Такі адказ зь міністэрства быў чаканым. Мы ўвогуле пасьля першай адмовы і ня думалі, што нас зарэгіструюць. Рэчаіснасьць прызвычаіла нас да абсурднасьці сытуацыі, таму даваць нейкую палітычную характарыстыку адмовам я аб'ектыўна не магу. Мы будзем аналізаваць адказ Міністэрства зь юрыдычнага боку, а ўжо пасьля — прымаць рашэньне аб далейшых дзеяньнях. Калі мы палічым, што ён цалкам абсурдны і парушае закон — мы будзем магчымымі спосабамі спрабаваць гэта даказаць. А мэта наша ад самага пачатку не мянялася — рэгістрацыя выданьня”, — пракамэнтавала “Свабодзе” адмову ў рэгістрацыі дырэктарка ТАА “Магілёўскі Час” Ганна Ільіна.

Першы раз газэту адмовіліся рэгістраваць, бо ў яе галоўнага рэдактара не было вышэйшай адукацыі. 12 кастрычніка заснавальнікі “Магілёўскага Часу” атрымалі пра гэта ліст зь міністэрства. Юрысты БАЖ ацанілі тады адмову як беспадстаўную, бо ў “Законе аб СМІ” такой падставы для адмовы ў рэгістрацыі выданьня няма.

Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец у сваім камэнтары зазначыў, што Міністэрства інфармацыі бязь ведама галоўнай рэдактаркі Ганны Ільіной зьбірала асабістыя зьвесткі пра яе асобу.

Перад тым як падаць дакумэнты другі раз, галоўным рэдактарам прызначылі іншую асобу — адпаведную патрабаваньням кваліфікацыйнага даведніка (на які і спаслалася міністэрства першы раз).

Газэта “Магілёўскі Час” выходзіла як незарэгістраванае грамадзка-палітычнае выданьне ад 2007 году з накладам 299 асобнікаў. Спрабуюць зарэгістраваць газэту ад 10 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG