Лінкі ўнівэрсальнага доступу

nicolaev

Цягам астатняга року ці двох багата хто на’т з далёкіх ад жыцьця грамадзкага мяшканцаў Беларусі маглі пачуць: «Літвіны — існуюць рэяльна між нас; у год Міленіуму Літвы, у кастрычніку 2009-га — пад час попісу люднасьці РБ — намераныя ўголас абвесьціць: Я — ЛІТВІН!» Перапіс адбыўся, колькі адважных спаткаемцаў вялікай нацыі абвесьцілі аб сваем Літвінстве — дась Божа — даведаемся ў верасьні 2010-га альбо ў сьнежні 2011-га. Але ўжо сёньня, дзякуючы Радыё Свабода, маем паразважаці пра п.301 дзяржаўнага «Алфавитного кодификатора национальностей и языков» ад 28.06.08.«ЛІТВІН». Вялікая ўдзячнасьць мая РС — за запрашэньне да гутаркі — і пану Аляксандру Яну Стральцову-Карвацкаму — за вартыя ўважлівага прачытаньня й пашырэньня думкі, на якіх пабудаваў, Ласкай Божай, гэты свой выступ тэт-а-тэт зь Беларусьсю! Погляды на Літвінства існуюць розныя, і адзін зь іх — ад уласнага імя, у Імя Божае й Вялікай Літвы імя — зара’ маю агучыць...

У сяняшнім грамадзтве вельмі важкім пытаньнем ё самаазначэньне чалавека. Самасьведамасьць жыхароў Рэспублікі Беларусь — размытая й не вядзе да яснай самаідэнтыфікацыі. Перш за ўсё падзівімася, якім чынам чалавек набывае гэную сьведамасьць, бо, вядома, яна яму не даецца цалкам ад нараджэньня. Увогуле, самасьведамасьць, у тэм ліку й нацыянальная — пачуцьцё асобнасьці адносна іншых, што сфармавалася такімі нацыятворчымі чыньнікамі, як то: сымбалі, мова, крэўныя сувязі, стаўленьне да культурнае спадчыны, да тэрыторыі, нацыянальны характар. Заўжды вырашальны ўплыў на самасьведамасьць робіць веравызнаньне, якое для праўдзівага верніка ё вышэйшай катэгорыяй земскага сьвету. Пачуцьцё сьвядомасьці нацыянальнай асабліва праяўляецца ў крызысных сытуацыях, што вымагаюць супольных дзеяньняў дзеля агульназразумелага дабра народу.

Запытайма ся, ці наш народ і наша Бацькаўшчына сёньня ў крызыснай сытуацыі? Водле папярэдняга вызначэньня — падобна што не, бо ня бачна моцнае праявы нацыянальнае сьведамасьці. У той жа час маем відавочныя праявы сьведамасьці сацыяльнай. Ці можа сацыяльная сьведамасьць замясьціць нацыянальную? Так, можа, і прыклады таму былі ў гісторыі. Гэтак у сярэднявеччы абсалютная большасьць сялян у Эўропе ня мела выразьлівай нацыянальнай сьвядомасьці, але паўсюдна акрэсьлівала ся як людзей «простых», «тутэйшых», адрозных ад «паноў», хоці ў той жа час гэныя сяляне мовілі ўласьцівай ім тамтэйшай моваю, і можна было б казаць аб іх як аб асобнай этнічнай супольнасьці.

Так сама мусім браць пад увагу і складанасьць, якую накладае на наш рэґіён культурніцка-рэліґійны падзел. Крэўныя сувязі ў нашым Краі не заўжды аўтаматычна перакладаюцца на самаазначэньне ў нацыянальным сэнсе, а ў мяшаных сем’ях гэтае самавызначэньне стаецца пытаньнем уласнага, сьвядомага выбару чалавека. На’т калі сямейная сытуацыя, здавалася б, не пакідае сумніву датычна нацыянальнага самавызначэньня, агульная культурная сытуацыя, каньюнктура ды іншыя чыньнікі маюць зрабіць на вынік гэтага самаазначэньня ўплыў вырашальны.

У плане самасьведамасьці, як казана вышэй, апроч тэрыторыі мусяць існаваць і іншыя чыньнікі: сымбалі, мова, крэўныя вузы, стаўленьне да культурнае спадчыны й нацыянальны характар. Атрымліваецца, што водле гэтых чыньнікаў люднасьць РБ дэманструе шырокую разнастайнасьць, у якой ня рэдкія ўзаемавыключальныя погляды. Найбольш відавочнымі ё сымбалі й мова. Адная частка тых, хто заве ся Беларусамі, прызнаюць за свае гэрб «Пагоню» й бел-чырвона-белы сьцяг, а іншым бліжэй камуністычна-масонская сымболіка «сталінскай выпечкі». Частка сяняшніх Беларусаў, сьвядома ці несьвядома, размаўляюць на беларускай мове ды гаворках, дыялектах, да яе набліжаных; у гэны ж час большасьць беларускага насельніцтва буйных местаў ставіцца да гэнай мовы і ейнага лёсу, мякка кажучы, абыякава.

Што да культурнае спадчыны — так сама маем істотныя падзелы. Тут сытуацыя на’т больш складаная, чымся з сымбалямі, бо ў наяўнасьці два ды болей поглядаў. Для адных сваёю ё класычная расейская культура, што грунтуецца на расейскай культуры ХІХ стагодзьдзя. Сярод моладзі й сярэдняга пакаленьня пераважае прыхільнасьць да расейскай культуры пералому ХХ-ХХІ стагодзьдзяў у ейнай папулярніцка-вульгарна-турэмным кшталце.

Бальшыня Беларусаў, якія акрэсьліваюць ся як «сьвядомыя», адчуваюць моцную прыхільнасьць да народнай культуры, што ў жывым варыянце, нажаль, вымірае разам з сацыяльна-дэмаґрафічнымі зьменамі, якія закранулі вёску, і існуе ў рэканструяваным выглядзе ў маніфэстацыі прафэсыйнымі фальклорнымі калектывамі. Частка «сьвядомых Беларусаў», не жадаючы абмяжоўваць ся выключна пост-сялянскай культурай, мае два накірункі для выбару: а) сучасная касмапалітычная заходняя культура (ці антыкультура — як каму больш да спадобы); б) шляхэцка-арыстакратычная культура Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Рэчы Паспалітай. Асноўная маса йдзе шляхам а), бо ён не вымагае сталых высілкаў у рэалізацыі падобнага кшталту культуры, і толькі нешматлікая меншасьць спрабуе ажывіць і рэканструяваць сярэднявечную «рымска-сармацкую» культуру нашых продкаў.

Ёсь, урэшце, і трэцяя група мяшканцаў нашага Краю, што ўважаюць ся за Палякаў, і якім шляхэцка-арыстакратычная культура колішнага ВКЛ ё роднаю.

Водле веравызнаньня падзел сучасных Беларусаў з дакладнасьцю акрэсьліць няма як. Таму спрычыніўся задоўгі пэрыяд псэўда-камунізму, які нібыта «замарозіў» і загладзіў падзелы, што былі на пачатку ХХ стагодзьдзя. Тым ня менш для практыкуючых — якія наведваюць царкву альбо касьцёл штонядзелі — вернікаў, што складаюць ля 5–10% люднасьці, гэнкія падзелы — відавочныя.

Аб нацыянальным характары можна была б разважаць доўга, але адзначым толькі, што гэтак званая «талярантнасьць» ё нічым іншым, як боязьзю канфрантацыі, да якой мае спрычыніцца адкрыцьцё праўды аб узаемавыключальных падставах, на якіх сёньня трымаецца «афіцыйная і неафіцыйная беларуская сьвядомасьць». На нашу думку, грунтам гэткай «талярантнасьці» ё пост-бізантыйская мэнтальнасьць большасьці насельніцтва. У бізантызьме бракуе дакладнага вызначэньня паняцьцяў, а рэзкае адасабленьне духовага жыцьця ад сьвецкага стварае паралельны рэліґійны сьвет; пашыраныя паводзіны, што ўяўляюць сабою спарадычнае практыкаваньне пэўных формаў пабожнасьці без заўважнага ўплыву на рэальныя паставы й рэальнае жыцьцё ў сьвеце згаданых асобаў. У выніку бальшыня Беларусаў — пост-бізантыйцаў — ставяцца да іншых «талярантна», што, часьцяком, таксама можна трактаваць як абыякавасьць. Але пад уплывам розных чыньнікаў, у тэм ліку й вонкавых, гэтая група асуджаная на размыцьцё й разыходжаньне па лаґярох з канкрэтнымі ідэнтыфікацыйнымі каштоўнасьцямі — што, надта марудна, але адбываецца ўжо сёньня.

Назва «Беларусь» добра пасуе да агульнае канцэпцыі «адзінства ўсіх людзей рускай цывілізацыі», да якіх, водле аўтараў гэнай канцэпцыі, належаць Вялікаросы, Маларосы й Беларусы. Менавіта на гэтым грунтуецца ўся канцэпцыя Заходнерусізму, якую, надзвычай няўдала, перанялі беларускія адраджэнцы канца ХІХ — пачатку ХХ стст. Шляхта Літвы, прыканцы свайго канчатковага ўкшталтаваньня як стану, збольшага прыняла каталіцкую веру, што і сёньня ёсь вельмі значным элемэнтам сьвядомасьці Літвінаў. Працэсы ХІХ стагодзьдзя выніклі заняпадам пазыцый палітычнага народу, супольнасьці Літвінаў не змаглося напачатку ХХ стагодзьдзя аднавіць сваю дзяржаўнасьць у гістарычных межах. Але ідэя Літвы засталася! Яна выявіла ся прыканцы ХХ стагодзьдзя, калі разам з заняпадам ЗССР зьявілася й была агучаная ідэя Балта-Чарнаморскай Супольнасьці дзяржаваў. Нажаль, з прычыны несувымернасьці палітычнага працэсу ў асобных частках колішняга ВКЛ гэта ідэя да сёньня не знайшла свайго ўвасабленьня. Але мы, Літвіны — прыхільнікі ідэі БЧС — духовыя нашчадкі шляхты й мяшчанаў ВКЛ — ёсьць, і павінныя гартавацца. На сёньня можна вылучыць наступныя групы, якія да гэнай ідэі ў той ці іншай ступені адгукаюцца:

  • Літвіны культуры балцкай;

  • Літвіны культуры польскай;

  • Літвіны культуры [бела]рускай.

Няма дзіўнага ў тым, што Літвіны ў лінґвістычным плане нагэтулькі шматаблічныя. Гэта натуральна вынікае з існаваньня нашае сярэднявечнае дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага, Руськага, Жамойцкага ды іншых, што было дзяржаваю шматэтнічнай. Літвіны — прадусім — нацыя палітычная!

Камусьці мо’ падаецца, што Літвіны колішнія ўжо зьмерлі? Гэта ня так! Частка старых Літвіноў, што яшчэ жывыя, мае страшацца публічнай маніфэстацыі ўласнае культуры, ціхенька і звыкла існуючы ў меншасьці. Іншая частка, да якой належыць пераважна малодшае пакаленьне, інтуітыўна прагнучы сваех каранёў і шукаючы іх, адчулі свойскасьць Літвіншчыны і сталіся Літвінамі з выбару. Наша задача — зьвязаць паміж сабою тыя дзьве групы і, гэткім чынам, забясьпечыць непарыўнасьць літвінскае традыцыі.

Сёньня шмат хто зь мяшканцаў Рэспублікі Беларусь мае продкаў зь Літвіноў. Але праз сацыяльныя й дэмаґрафічныя зьмены іхны сьвет парос пустазельлем маскоўска-савецкай, туранска-бізантыйскай навалачы. Пустазельле тое нагэтулькі закарэнілася ў нашай зямельцы, што пытаньне стаіць ужо аб самім нашым існаваньні гэнак, як самі таго пажадаем: альбо — выдзярэм пустазёлкі зь сябе з каранямі, ачысьціўшы глебу нашую для роднае Літвіншчыны, альбо — занепадзем канчаткова ў туранскім багне.

Таму «першасным» для Літвіна ё дзеяслоў «Стацца». Стацца Літвінам, а ўжо тады й Быць! Натуральна, гэта не датычыць старых Літвіноў, якія ўжо ёсь імі сёньня, але пераважная большасьць між нас Літвінамі водле свае культуры ’шчэ ня сталіся. У нас ё прага быць Літвінамі, але дзеля гэтага давядзецца пакласьці ’шчэ шмат высілкаў, каб адпавядаць высокай годнасьці гэтага Імя.

І першым з крокаў да вызваленьня з чужынскіх сецяў ё цьвярдое вызначэньне й паўсюдная дэклярацыя Праўды аб сабе: «МЫ ЁСЬЦЬ ЛІТВІНАМІ! Мы, Літвіны, ёсьць! І будзем...»

STAŃMA LITWINAMI!

BUDŹMA LITWINAMI!


Інфармацыю аб сабе тутака жадаю падаці выключна ЛАЦІНКАЙ. Бо гэта стыль, найдаражэйшы для мае душы — стыль, дзеля пашырэньня якога на Вялікалітве-Беларусі не шкадуем высілкаў. Каб пісаць гэнак жа, усталюйце на свае кампутары вельмі зручную раскладку клавіатуры Keyboard Lithuaniae 1009-2009, што зробленая да Міленіуму Літвы.


Міні-бія


Andrej Wojsłaŭ Mikałajeŭ-Paszkiewicz aka Wojsza [Miławid] ź Mieńsku, 1972 roku narodżańnia, ad lipnia 2005 LJ-blogger „nicolaev” — muż, wojar Chrystowy, Łaskaj Bożaj Litwin, hramadzianin Wialikaha Kniastwa Litoŭskaha, hramadzianin Respubliki Biełaruś.


1) “Навошта я пішу блог”


Kali ’szcze tolki zapaczatkawaŭ swoj ŻŻ-blog, hena była wykluczna z pryczyny zrucznaści czytać peŭny szerah cikawych dla mianie ŻŻ u adnym miejscy — frend-stużcy. Na siońnia frend-stużka stałasia dla mianie, biezumoŭna, hałoŭnaj krynicaj infarmacyjnaj! Dadatkowa, majuczy 700+ uzajma-frendaŭ i dasiah u roznyja ŻŻ-supołki, maju mahczymaść dla PR i paszyreńnia ŭ biełaruśkim ŻŻ tych idejaŭ i toj informacyji — dabraczynnaj, kulturowaj, etnicznaj, hramadzkaj, politycznaj i h.d. — czaho pażadaju j kali taho pażadaju.


2) “Што я больш за ўсё люблю ў блогах”


Kaho hwaluje, szto ja lublu i szto nie lublu… Zwyczajna, prosta pryjmaju sytuacyju „jak joś” — padabajecca jana mnie ci nie — prosta pryjmaju, jak adbyŭszysia fakt. Kaniesznie-ż, joś toje, szto mnie padabajecca i szto nie padabajecca. Ale jano amal ahulnaje dla ŭsiaho internetu. Mienawita ŭ LiveJournal mnie padabajecca adnosna wialikaja kolkaść potencyjnych tutejszych czytaczoŭ majho krejatywu, apieratyŭnaść i zrucznaść atrymańnia adnosna niezależnaj infarmacyji zwonku praz ułasnuju frend-stużku.


3) “Што я больш за ўсё не люблю ў блогах”


Amal usio wykazaŭ u papiarednim adkazie. Razdrażniaje, kali ludzi ŭparta chawajucca za niki, bajuczysia pakazać twar adkrytym. Jaszcze ja zwykły źwiartacca da żanczyn, małaznajomych, stałych i młodych, nia „tykajuczy”, i, majuczy sotni frendaŭ, razdrażniaje, kali niechta “pa-demokracku” zmuszaje surazmoŭcu trymać u haławie pustuju infu ab tym, chto ź wielkaj frend-stużki kryŭduje, kali jamu nie “tykniesz”, a “Wykniesz”.


4) “Пяць блогаў, якія я раю наведаць”


Dunadana — żona maja Litwinka, pisza nie pra polityku j etnogenez, a na duchowyja i psychologicznyja temy;


LM_WKL — Liga Monarchicznaja Wialikaha Kniastwa Litoŭskaha „Za Wieru, Ajczynu i Kniazia”;


Litwiny2009 — litwinskaja supołka da Pierapisu-2009, i bolsz za toje;


Lithuaniae2009 — litwinskaja supołka da Milleniumu Litwy 1009-2009, i bolsz za toje.


Biełaruskija manarchistyja — litoŭska-biełaruskaja supołka, hartuje ŭkoł ideji adnaŭleńnia spadczynna-monarchicznaha i stanawa-pradstaŭniczaha ładu ŭ Kraji.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG