Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мінздраў: “Менш бы палілі – было б менш і грыпу...”


Цягам 10 дзён на сайце Міністэрства аховы здароўя інфармацыя пра колькасьць выпадкаў сьвінога грыпу ў Беларусі не мянялася — 185 выпадкаў паводле стану на 10 лістапада. Новых зьвестак пра захворвальнасьць на сьвіны грып і пнэўманію афіцыйныя асобы не даюць. У той жа час Міністэрства інфармацыі выкарыстоўвае карныя санкцыі супраць прэсы — выносіць папярэджаньні “Комсомольской правде” в Белоруссии” і “Нашай Ніве” за паведамленьні пра грып.

Галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан:

“Я ня маю права даваць інфармацыю без дазволу кіраўніцтва. Патэлефануйце ў прыёмную Валянціны Іванаўны, калі яна дасьць дазвол — я распавяду”.

Сакратарка галоўнага санітарнага лекара краіны з самой Валянцінай Качан не злучыла, а перадала словы шэфа — зьвяртацца ў прэсавую службу.

Супрацоўніца прэсавай службы трымалася цьвёрда, а потым параіла лепш змагацца з паленьнем:

“Літаральна цягам сёньняшняга дня будзе на сайце прэс-рэліз, і вы выкарыстаеце гэту інфармацыю. Яна будзе. Чаму замоўчваем? Яна будзе”.

Карэспандэнтка: “Зноў лічбы ад 10 лістапада? Дык мы іх на памяць ведаем — 185 выпадкаў...”

“Вы ўбачыце інфармацыю, якая будзе на сайце. А сёньня ж дзень барацьбы з паленьнем, на шкоднасьць паленьня зрабіце акцэнт, падтрымайце. Менш бы палілі, было б менш і грыпу, быў бы добры імунітэт...”

БелТА 19 лістапада паведаміла, што ў 13 чалавек, якія памерлі ад пнэўманіі, знойдзены вірус грыпу A/H1N1. Колькі ўсяго памерла ад пнэўманіі, не ўдакладняецца. У аддзяленьнях рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі знаходзяцца 763 чалавекі, зь іх 43 дзіцяці.

Галоўны лекар Упраўленьня аховы здароўя Берасьцейскага аблвыканкаму Ігар Ласіцкі пацьвердзіў, што ўсяго ў вобласьці з пачатку месяца ад пнэўманіі памёр 21 чалавек. У абласным дзіцячым шпіталі з пнэўманіяй ляжаць 42 дзіцяці, двое — у рэанімацыі. Цэнтральны гарадзкі шпіталь Берасьця штодня прымае па 20—25 новых хворых. Усяго ад пнэўманіі лекуюцца 242 чалавекі, 13 зь іх у рэанімацыі.

Галоўны лекар Ўпраўленьня аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандар Старавойтаў паведаміў, што ад пнэўманіі памерлі 27 чалавек, у аднаго зь нябожчыкаў выяўлены вірус А/H1N1.

Не зьмяншаецца колькасьць хворых на пнэўманію і ў менскіх шпіталях, кажа лекар аднаго зь іх:

“У нашай клініцы 6 аддзяленьняў перапрафіляваныя пад пульманалёгію. Ня менее людзей. Учора за суткі 10 паступіла толькі ў наша аддзяленьне. Паліклінікі крыху перастрахоўваюцца, канечне. Неяк далі ў першы час антыбіётыкі, а зараз іх не хапае. Сёньня ня ведаю, што будзе, ня ведаю. Праўда, далі крышку таміфлю”.

Супрацоўніца прэсавай службы Міністэрства аховы здароўя Раіса Чудук, што да праблемы з антыбіётыкамі, кажа:

“У міністэрства такая інфармацыя яшчэ не паступала, што ў кагосьці няма лекаў для лячэньня пнэўманіі”.

60 тысяч упаковак таміфлю ў якасьці гуманітарнай дапамогі паставіла ў шпіталі краіны Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя. У аптэках таміфлю прадаюць толькі па рэцэптах з круглай пячаткай. Гэта скарысталі дзялкі, якія прывозяць таміфлю з Расеі і прадаюць утрая даражэй.
XS
SM
MD
LG