Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папярэджаныя газэты, магчыма, будуць бараніцца ў судзе


Ці будзеце вы абскарджваць папярэджаньне Мінінфармацыі? Наш карэспандэнт задаў гэтае пытаньне прадстаўнікам рэдакцый газэт “Народная воля” і “Комсомольской правды” в Белоруссии”, тыднёвіка “Наша ніва” і рэклямнага выданьня “Ва-банк”.

У рэдакцыях “Комсомольской правды” в Белоруссии” і рэклямнага выданьня “Ва-банк”, у якіх адзін заснавальнік, пакуль не камэнтуюць папярэджаньні, атрыманыя ад Міністэрства інфармацыі. Рашэньне будзе прынятае пасьля кансультацый, сказала юрыст Людміла Марцінчык:

“Ведаеце, зараз мы фармуем сваю пазыцыю па гэтым папярэджаньні і крыху пазьней прымем рашэньне”.

18 лістапада Мінінфармацыі папярэдзіла “Комсомольскую правду” в Белоруссии” за парушэньні 4-га і 49-га артыкулаў закону “Аб сродках масавай інфармацыі”. Рэдактар выданьня Алена Міронава паведаміла, што “папярэджаньне тычыцца публікацыі ад 14 лістапада пра тое, што ў Гомельскім абласным тубэркулёзным шпіталі няма прэпарату таміфлю”. У Міністэрстве інфармацыі мяркуюць, што такі прэпарат у шпіталі быў, а газэта паведаміла няспраўджаныя зьвесткі.

Тыднёвік “Наша ніва” таксама быў папярэджаны Мінінфармацыі — нібыта за парушэньне 34 артыкула закону, дзе ідзецца пра статус журналіста. Падставай для атрыманьня папярэджаньня стаў артыкул «Замоўчваньне грыпу выклікала эпідэмію панікі», які быў надрукаваны 4 лістапада.

У паведамленні Міністэрства інфармацыі за подпісам міністра Ўладзіміра Русакевіча паведамляецца, што ў адпаведнасьці з артыкулам 34 Закону аб СМІ журналіст сродку масавай інфармацыі абавязаны правяраць сапраўднасьць атрыманых ім звестак для распаўсюджваньня дакладнай інфармацыі.

Між тым, на думку чыноўнікаў Міністэрства інфармацыі статыстыка колькасьці захварэўшых і памерлых ад пнэўманіі ў Менску, якая прыводзіцца ў артыкуле, «не адпавядае сапраўднасьці». Аб гэтым 12 лістапада Міністэрству інфармацыі паведаміла Міністэрства аховы здароўя.

Рэдактар Андрэй Дынько прытрымліваецца вэрсіі, што прычынай стала зусім не змаганьне з панікай вакол грыпу. Пра прычыны папярэджаньня рэдактар “Нашай нівы” мае адметнае меркаваньне:

“Вельмі дзіўна! Два апошнія гады не давалі папярэджаньняў нікому, і тут раптам у адзін дзень становіцца вядома адразу пра папярэджаньні ўсім буйнейшым недзяржаўным выданьням. І гэта здараецца на другі дзень пасьля таго, як паведамілі, што журналістаў незалежных мэдыяў запрасілі на сустрэчу да прэзыдэнта Расеі Мядзьведзева”.

Андрэй Дынько сказаў, што рэдакцыя абавязкова будзе адстойваць сваю пазыцыю, а ў якой форме — вырашыцца пасьля кансультацый з юрыстамі.

Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец нагадаў, што на выпраўленьне парушэньня закону даецца 10 дзён, а калі з папярэджаньнем рэдакцыя ня згодная, яго магчыма абскардзіць праз суд. Папярэджаньне, якое ўступіла ў дзеяньне, можа стаць падставай для прыпыненьня на 3 месяцы працы выданьня, нагадаў Андрэй Бастунец:

“А да таго, як падаваць у суд, і нават калі ўжо будзе судовы працэс, бакі могуць дамовіцца. Трэба растлумачыць Мінінфармацыі, што іх прэтэнзіі не заснаваныя на законе”.

Рэдакцыя “Народнай волі” папярэджаная за артыкул, у якім нібыта заклікаюць да антыканстытуцыйных дзеяньняў. Юрыст Андрэй Бастунец лічыць гэтае папярэджаньне неабгрунтаваным, бо толькі суд можа прызнаць, ці ёсьць пэўны артыкул “экстрэмісцкім”. Рэдактар газэты Ёсіф Сярэдзіч пагрозу, якая навісла над выданьнем, улічвае.

“Мы гатовыя да любога сцэнару разьвіцьця сытуацыі”, — сказаў Ёсіф Сярэдзіч і дадаў, што сёньня для яго галоўнае — “падрыхтаваць добры нумар газэты, а цягам 10 дзён будзем вырашаць наконт суду”.

У Беларускай асацыяцыі журналістаў нагадалі, што цяперашнія папярэджаньні — найбольш масавыя з 2004 году, калі за разьмяшчэньне рэклямы закрытай уладамі “Белорусской деловой газеты” былі папярэджаныя і пасьля прыпыненыя газэты “Салідарнасьць”, “Предпринимательская газета”, “Местная газета”. “З 2006 году, калі папярэджвалі “Бобруйский курьер”, Мінінфармацыі рэдка выносіла папярэджаньні выданьням менавіта за зьмест, але вось гэтыя часы вярнуліся”, — адзначаюць у БАЖ.
XS
SM
MD
LG