Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захараў: “Павіншавалі ўсе, апроч Фэдэрацыі хакею”


Міхаіл Захараў і Глен Хэнлан
Міхаіл Захараў і Глен Хэнлан

Прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму пракамэнтавалі спрэчнае, з гледзішча многіх спэцыялістаў, прызначэньне галоўным трэнэрам хакейнай зборнай Беларусі Міхаіла Захарава.

Паказальна, што кіраўніцтва Фэдэрацыі хакею Беларусі (ФХБ) праігнаравала мерапрыемства — не сакрэт, што старшыня фэдэрацыі Ўладзімер Навумаў надзвычай нэгатыўна ставіцца да Захарава, які даўно крытыкуе мэтады працы спартовага функцыянэра. Аднак, лічаць аналітыкі, Навумаў сам прыклаў руку да рэанімацыі апанэнта, валявым рашэньнем звольніўшы з пасады трэнэра менскага “Дынама” Глена Хэнлана. Празь некаторы час канадзкі спэцыяліст заявіў, што спыняе супрацоўніцтва і з нацыянальнай зборнай.

Фармальна Міхаіл Захараў займае ажно тры пасады. Ён дзейны трэнэр хакейнага клюбу “Юнацтва”, а таксама дзьвюх зборных — Украіны і Беларусі. Праўда, канчаткова кандыдатура галоўнага трэнэра зборнай Беларусі будзе зацьверджаная 25 лістапада на паседжаньні выканкаму арганізацыі. Але з ваколхакейных крыніцаў стала вядома: кіраўніцтва ФХБ мае намер “блякаваць” Захарава, нягледзячы на тое, што Нацыянальны алімпійскі камітэт, а таксама Міністэрства спорту і турызму сваё слова на карысьць Захарава ўжо сказалі. Намесьнік міністра Дзьмітрый Шычко кажа: няма супярэчнасьці, што адкарэктавалі ранейшую завядзёнку, калі кандыдатуру трэнэра зацьвярджала ФХБ, а потым яна ішла на ўзгадненьне ў міністэрства:

“Пасьля атрыманьня заявы Захарава з просьбай разгледзець яго кандыдатуру на пасаду галоўнага трэнэра, 11 лістапада быў накіраваны адпаведны ліст у ФХБ з прапановай правесьці паседжаньне выканкаму і разгледзець заяву. А калі атрымалі адказ з фэдэрацыі, што кандыдатура разглядацца ня будзе, мы скарысталі папраўку статута ў разьдзеле “іншыя арганізацыі”. З улікам таго, што алімпійская каманда будзе прадстаўленая на Алімпіядзе Нацыянальным алімпійскім камітэтам, мы афіцыйна зьвярнуліся ў камісію НАК, якая курыруе пытаньні фэдэрацый і якую ўзначальвае Юрый Бародзіч. Дарэчы, мы накіроўвалі заяву ня толькі Захарава, але яшчэ 10 кандыдатаў, якія ФХБ унесла на наш разгляд. Камісія разгледзела і з улікам абставінаў — застаецца 85 дзён да Алімпійскіх гульняў — вырашыла: гаворку трэба весьці перадусім адносна таго, хто ведае каманду і хто можа яе падхапіць. З 11 кандыдатаў рэкамэндавалі Захарава. Пасьля чаго быў падпісаны загад міністра”.

Сам Міхаіл Захараў сказаў, што пасьля зьяўленьня новых акалічнасьцяў паўстае пытаньне далейшага супрацоўніцтва з камандай Украіны. Ён ня стаў хаваць, што варта акцэнтавацца на адным кірунку і беларускі варыянт выглядае больш прыярытэтным — перадусім што тычыцца магчымасьці паўдзельнічаць у зімовай Алімпіядзе. Перад украінскай зборнай задачы зусім іншыя — вярнуцца ў элітны дывізіён “А”. Дзеля дасягненьня са зборнай Беларусі найвышэйшых задачаў Захараў гатовы супрацоўнічаць з усімі зацікаўленымі асобамі, у тым ліку са сваім даўнім апанэнтам — кіраўніком ФХБ Уладзімерам Навумавым. Дарэчы, Захараў паскардзіўся, што з прызначэньнем яго павіншавалі ўсе, апроч хакейнай фэдэрацыі:

“Я зь любым чалавекам, і з тым жа Навумавым, гатовы хоць сёньня сядаць і працаваць. Алімпійская зборная — гэта не мая прыхамаць, гэта грамадзкі набытак. Таму я мушу кантактаваць зь любым чалавекам, каб гэта ішло на карысьць хакею. Калі Ўладзімер Ўладзімеравіч гатовы са мной сустрэцца, я таксама гатовы зь ім абмяркоўваць усе пытаньні. Але такіх спробаў няма. Так, у нас вельмі шмат спрэчак адносна хакею, усе гэта цудоўна ведаюць. Я сваё меркаваньне агучваю па хакейных справах, у яго свая пазыцыя. Я хачу, каб 2—3 беларускія каманды гулялі ў КХЛ, ён намагаецца, каб там не было ніводнай. Але каб сёньня былі нават 2 каманды ў КХЛ, зусім іншае становішча было б у зборнай — гульцы атрымалі б больш гульнявой практыкі. Таму я гатовы супрацоўнічаць зь любым — і з Андрыеўскім, і з Гусавым, і з Навумавым. З усімі людзьмі, якія працуюць на хакей і будуць дапамагаць. Бо галоўнае — дапамагаць, а не высьвятляць, хто горшы, хто лепшы”.

У Фэдэрацыі хакею лічаць непатрэбным камэнтаваць прызначэньне Захарава, пакуль усе працэдурныя пытаньні ня будуць вырашаныя 25 лістапада. Дарэчы, істотна адрозьніваюцца ў бакоў і пляны на Алімпіяду ў Ванкувэры. Так, у плянах фэдэрацыі — месца ня горшае, чым у 2002 годзе ў Солт-Лэйк-Сіці, то бок — як мінімум чацьвёрка наймацнейшых. Захараў лічыць прымальным, калі Беларусь замацуецца ў васьмёрцы. Новы трэнэр кажа, што нематываваныя захады кіраўніка ФХБ Навумава супраць канадзкага спэцыяліста Глена Хэнлана стварылі нэрвозную сытуацыю ня толькі ў грамадзтве, але і ў камандзе, і спадзявацца на тое, што ўсё пройдзе незаўважана, не выпадае.

У сваю чаргу, старшыня камісіі НАК для працы з фэдэрацыямі Юрый Бародзіч заклікае зацікаўленыя бакі спыніць непатрэбную варожасьць і меней чым за тры месяцы да Алімпіяды нарэшце закапаць “сякеру вайны”:

“Што тычыцца нейкіх крыўдаў зь якога б там ні было боку, то апэляваць такімі катэгорыямі папросту не да месца. У дадзеным выпадку трэба аб’яднаць намаганьні ўсіх зацікаўленых бакоў з тым, каб нацыянальная каманда падышла да Алімпійскіх гульняў у максымальнай гатовасьці. Аказаць максымальнае спрыяньне галоўнаму трэнэру, трэнэрскаму штабу, каб яны маглі дасягнуць пастаўленай мэты. Я перакананы, што выканкам фэдэрацыі ўважліва разгледзіць яшчэ раз усе пытаньні і ўзгодніць кандыдатуру Міхаіла Захарава. Асабіста я ня бачу праблемаў, якія могуць нам перашкодзіць у плянавай падрыхтоўцы. У Фэдэрацыі хакею досыць кваліфікаваныя спэцыялісты, я ўпэўнены, што мы знойдзем паразуменьне і будзем эфэктыўна дзейнічаць у інтарэсах нацыянальнай каманды”.

Фэдэрацыя хакею Беларусі ў якасьці прэтэндэнтаў на пасаду галоўнага трэнэра беларускай зборнай прапаноўвала шэраг замежных спэцыялістаў, сярод якіх чэхі Ўладзімер Вуйтэк, Алоіс Гадамчык, Мілаш Ржыга, а таксама расейцы Ўладзімер Крыкуноў, Барыс Міхайлаў, бацька і сын Юрзінавы і г.д. Міхаіл Захараў у сьпісах ня значыўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG