Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб вучыцца эўрапейскай дэмакратыі, не абвязкова ехаць у Эўропу


Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007
Russia -- Stationary phone set . Moscow - 23mar2007

Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 19 лістапада. У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы адгукаюцца на палітыку Брусэлю адносна працягу санкцыяў супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў, згадваюць выбары, падтрымліваюць тыя дэмакратычныя выданьні, якім Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньні.


Нашыя слухачы адгукаюцца на рашэньне Эўразьвязу адносна працягу і адначасовага замарожваньня санкцыяў супраць шэрагу беларускіх чыноўнікаў.

Спадар: “17-га вырашалі ў Брусэлі пра зьняцьцё санкцыяў, убогае дзейства! Была ў войску такая пагаворка: “Ідзі сюды — стой там”. Тое, што адлюстроўвае стаўленьне Эўразьвязу да Беларусі. Балбатня проста дзівіць!”

Чарговая нязгода з Брусэлем:

Спадарыня: “Сьмех скрозь сьлёзы выклікае фраза: “Санкцыі працягнулі на год для беларускіх чыноўнікаў, але на гэты ж год іх замарозілі”. Абсурд нейкі! Няма словаў! Нестае іх, каб выказаць, наколькі сьмешна выглядае новая тактыка Эўразьвязу ў адносінах да Лукашэнкі. Палітыкі Эўразьвязу, з вашай падтрымкі ён тэрарызуе апазыцыю, як і раней. Ваша эфэктыўная дапамога народу Беларусі ператварылася ў рэальную дапамогу і падтрымку дыктатара Лукашэнкі і яго рэжыму”.

Людзі лічаць, што ў выніку эўрапейскай палітыкі страчваюць і ні ў чым не вінаватыя шарагоўцы.

Спадарыня: “Я ня вельмі ў палітыцы разумею. Толькі адно: крычаць на ўвесь сьвет — парушаюцца правы, а Эўропа сама ў першую чаргу супраць нашага беларускага народу парушае правы. Пры чым тут рабочыя санкцыі?”

Новы погляд на праблему:

Спадарыня: “Зь Беларусі Лукашэнка не павінен прыяжджаць у Эўропу. Гэта ж не праказа? Дык вы іх не пускайце на пляжы ў Францыю, Італію, але вы іх павінны пускаць на ўсе палітычныя сустрэчы!”

Прашу пракамэнтаваць гэты блёк грамадзкага рэдактара тыдня — лекарку з Асіповічаў Тацяну Барэль.

Тацяна Барэль
Тацяна Барэль
: “Я лічу, што нашыя чыноўнікі як выконвалі, так і будуць выконваць даведзеныя ім зьверху загады. Незалежна ад таго, ці маюць яны візы за мяжу, або не... Эўропа насамрэч і не закрывалася ні ад кога. Для вучобы дэмакратыі, эканоміцы яна адкрытая нават без паездак туды! Вучыцца ў яе можна і ня трацячы народныя грошы. Таму я за працяг санкцыяў”.

Да нас працягваюць паступаць званкі з абмеркаваньнем кандыдатур магчымых прэтэндэнтаў на пасаду беларускага прэзыдэнта. Часам — вельмі эмацыйныя, калі абараняюць тых, з кім зьвязваюць свае спадзевы на лепшае жыцьцё.

Спадарыня: “Не перашкаджай блытацца пад нагамі Мілінкевіча Аляксандра, Анатоля Лябедзькі, Казуліна. Яны разумныя людзі. Мы ўсю надзею паклалі на іх, мы іх называем сваімі сынамі. Стань на калені, прасі прабачэньня ў іх, баўтун!”

Спадарыня Арцёмаўна, Менск: “Адзін слухач даў адмоўную характарыстыку Шушкевічу, Лябедзьку. Усё забывае. Памяць часам па-рознаму жыве. Памяць пра Дастаеўскага і Булгакава жыла дрэнна, стала жыць добра. Таму пра Пазьняка і пра Шушкевіча яшчэ ўсё будзе сказана”.

А вось рэакцыя на тое, што Міністэрства інфармацыі вынесла чарговыя папярэджаньні шэрагу дэмакратычных выданьняў.

Анастас Семяновіч: “Таварыш Лукашэнка, я “Народную волю” і “Нашу ніву” чытаю зь першай да апошняй старонкі. Прыдрацца да гэтых газэтаў немагчыма. Пішуць яны толькі праўду, ня хваляць вас. Вось за гэта вашы падхалімы вырашылі зрабіць ім папярэджаньне”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG