Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньняшні расповед у апошнім фотарэпартажы з цыклу “Прэс-тур у чарнобыльскую зону”, зарганізаванага Беларускай асацыяцыяй журналістаў, тычыцца псыхалёгіі чалавека ў чарнобыльскай зоне.

Амаль за чвэрць стагодзьдзя пасьля катастрофы ў заражаных радыяцыяй паселішчах Гомельшчыны ды іншых рэгіёнаў краіны сфармаваўся, як многія лічаць, новы тып людзей.

У вёсцы Губарэвічы Хойніцкага раёну пасьля чарнобыльскай катастрофы засталося паўдзясятка хатаў. Цяпер мясцовыя жыхары згуртаваліся й пярэчаць супраць перасяленьня — не жадаюць адгукацца на прапановы ўладаў перасяліцца ў суседняе Стралічава ці ў раней атрыманыя кватэры ў Хойніках, Гомелі, Менску. З прынцыпу: жылі тут 23 гады пасьля чарнобыльскай бяды — і будзем жыць.

Мясцовая кабета спадарыня Надзея:

“Нам давалі ў Менску кватэры. Зь вёскі ўсе рынуліся ў Менск. Многія! Паехалі дзеля кватэраў для дзяцей. А некаторыя — тут сямей пяць-шэсьць — засталіся. Тут мы сеем й ямо ўсё сваё. І прыяжджаюць да нас дзеці — усё добра. А зараз прыдумалі, што ўсе нашы хаты трэба закапаць. А хто застаўся, тых выселіць. А мы ня хочам: радзіма ёсьць радзіма! Там, дзе нарадзіўся, хочацца жыць. Я кожны хутарок, кожнае дрэва ведаю — гэта даваеннае, гэта пасьляваеннае”.

спадарыня Надзея

Спадарыня Надзея прыдумала ўжо, што будзе рабіць, калі ўлады раптам настояць на высяленьні:

“Я вокны заб’ю з вуліцы, а буду гародамі прыходзіць ды ціхенька сядзець тут”.

Адзінокая 79-гадовая жыхарка Губарэвічаў Марыя Дашук кажа, што ніякай радыяцыі да апошняга часу не адчувала:

“Я пражыла і амаль не хварэла. Гэта ўжо тры апошнія гады сьпіна ў мяне баліць так, што не магу. А так ніякай радыяцыі не адчувала. Яшчэ ў тую восень усе дровы пасекла. Парэзаць наняла, а пасекчы — сама ўсе пасекла”.

Марыя Дашук

Бабуля сьцьвярджае, што многія аднавяскоўцы, якія пакінулі вёску адразу пасьля чарнобыльскай трагедыі, даўно паўміралі:

“Усе не падажывалі нашага ўзросту: хто ў пяцьдзясят, хто ў семдзесят памёр. Ну, памерлі амаль усе”.

вёска Савічы

Амаль такой жа думкі прытрымліваецца й 75-гадовая спадарыня Марыя зь вёскі Двор Савічы Брагінскага раёну. Маўляў, была радыяцыя й прайшла:

“А якая тут радыяцыя? Пражылі ўжо 25 гадоў і цяпер, слава Богу, жывем. Што нам тая радыяцыя?! Кабана кормім — дзеткі ж у горадзе, трэба даць ім мясца. Самі ямо, нічога ў ім няма. І дзеці бяруць. Усе дзеці бяруць, якія ёсьць. Ніякай тут радыяцыі няма — прайшла!”

Кабеты зь вёскі ДворСавічы (сп.Марыя- другая справа)

Такія настроі выгадна падтрымліваць уладам. Людзі не патрабуюць ні перасяленьня, ні нейкіх мінімальных выгодаў цывілізацыі. Ніякіх асаблівых выдаткаў дзяржаве! Аўталаўку даслалі самасёлам у закінутую вёску — і ўсё. Ну, можа яшчэ правераць людзей на радыяцыю раз на год, як кажа спадарыня Валянціна зь вёскі Дублін таго ж Брагінскага раёну:

спадарыня Валянціна

“У год раз правяраюць у Брагіне на радыяцыю. Кажуць, нармальна. Усе кажуць, што нармальна — і ўсё тут. А хто ж нам добра пра яе раскажа?! Пакуль жывецца, трэба жыць. Нармальна, не нармальна, а трэба жыць, пакуль ходзіш”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG