Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Маскевіч: Пазыцыя адносна Абхазіі і Асэтыі будзе ў студзені


Сяргей Маскевіч і Давід Бакрадзэ

Сяргей Маскевіч і Давід Бакрадзэ

Група дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, якая 17 лістапада вылецела ў Тбілісі для вывучэньня пытаньня прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, правяла сустрэчу са сьпікерам парлямэнту Грузіі Давідам Бакрадзэ.

Д.Бакрадзэ выказаў надзею, што рашэньне Беларусі ў пытаньні прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі будзе адпавядаць прынцыпам міжнароднага права.

"Загадзя казаць, вядома, складана, але ў любым выпадку мы пастараемся перадаць максымальную інфармацыю гасьцям, якая дапаможа ім прыняць такое рашэньне, якое будзе адпавядаць прынцыпам міжнароднага права", заявіў Бакрадзэ на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы зь беларускімі дэпутатамі.

Паводле Д.Бакрадзэ, грузінскі бок мае на мэце пераканаць сяброў беларускай дэлегацыі не прызнаваць незалежнасьць гэтых рэгіёнаў, перадае сайт "Новости-Грузия".

"Мы ўсе разумеем, што парлямэнцкая дэлегацыя прыбыла з даволі далікатнай місіяй і задачай у Грузію. Менавіта таму наша задача – максымальна пераканаць іх у праўдзівасьці грузінскага боку, максымальна пераканаць у тым, што тут не ідзе гаворка пра выбар паміж Расеяй і Грузіяй, тут стаіць пытаньне паміж законнасьцю і беззаконьнем, міжнародным правам і несправядлівасьцю, мірам і гвалтам. Лічу, што калі яны ўбачаць, што грузінскі бок стаіць на баку міжнароднага права і прынцыпах справядлівасьці, ім будзе нашмат прасьцей рабіць выбар, які Беларусь урэшце зробіць”, – заявіў Д.Бакрадзэ.

Ён адзначыў, што сябры дэлегацыі ўважліва выслухалі грузінскі бок і паабяцалі, што абавязкова прымуць рашэньне з улікам атрыманай інфармацыі.

Тым часам кіраўнік беларускай дэлегацыі Сяргей Маскевіч у інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што канкрэтная пазыцыя ў пытаньні прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі будзе сфармаваная ў студзені 2010 году:

"Мы зусім не разглядаем гэтага візыту як падвядзеньне нейкіх вынікаў. Гэта – этап вывучэньня сытуацыі, якая цяпер ёсьць вакол гэтага пытаньня".

Заўтра беларускія парлямэнтары маюць намер адправіцца ў Горы і Зугдзідзі, каб сустрэцца з грузінскімі ўцекачамі з канфліктных рэгіёнаў і азнаёміцца з сытуацыяй на адміністратыўных межах.
XS
SM
MD
LG