Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльда Свабоды
Віцебск, вуліца Шубіна, 2. Сьвята-Пакроўскі катэдральны сабор.
Гэта першы віцебскі будынак, які выратавалі ад зьнішчэньня сябры клюбу аматараў старажытнасьці “Ўзгор’е”. Яны склалі касьцяк ініцыятыўнай групы, якой у 1988 годзе ўдалося дамагчыся скасаваньня рашэньня аб будаўніцтве Віцебскай АЭС.
Калі ў 1986 годзе віцебскія ўлады заявілі, што будуць руйнаваць Пакроўскую царкву, помнік архітэктуры пачатку XVIII стагодзьдзя, а піратэхнікі нават пачалі закладаць бікфордавы шнуры, група энтузіястаў наладзіла суботнікі і вынесла з будынка тоны зямлі і сьмецьця. Так запачаткаваўся клюб “Узгор’е”, у які ўвайшлі дзясяткі чалавек — археоляг Ігар Цішкін, лекар Міхась Паўлаў, рабочы Сяргей Цярэнцьеў, мастацтвазнаўца Людміла Вакар, выкладчыкі Віктар і Эсфірь Арловы, архітэктар Пётра Ляшковіч, мастак Аляксандар Мемус, журналіст Сяргей Навумчык ды іншыя.

“Узгорцам” удалося ня толькі абараніць ад зьнішчэньня гістарычны цэнтар Віцебску, але і дамагчыся аднаўленьня ўжо зруйнаваных Усьпенскага сабору і Ўваскрасенскай царквы.

У 1988 годзе “Ўзгор’е” стала касьцяком ініцыятыўнай групы, якая змагалася супраць будаўніцтва Віцебскай АЭС. Прыгадвае тагачасны карэспандэнт газэты “Віцебскі рабочы” Сяргей Навумчык:

“Рашэньне аб будаўніцтве АЭС прымалі ўпотайкі, і калі я даведаўся пра яго, за адну ноч напісаў артыкул. У нашай газэце мне адмовілі, але яго пусьцілі “самвыдатам”. На віцебскіх прадпрыемствах пачалі зьбіраць подпісы — сабралі некалькі дзясяткаў тысяч. Тады ж у Віцебску адбыліся першыя пікеты і затрыманьні. Першы сакратар абкаму КПБ Уладзімер Грыгор’еў вырашыў спаткацца з грамадзкасьцю і пад тэлекамэрамі паставіць “нефармалаў” на месца. Сход праводзілі ў актавай залі тэхналягічнага інстытуту. Нечакана аўдыторыя запатрабавала даць слова і праціўнікам АЭС. У мяне ўжо былі дакумэнты і вынікі экспэртызы, і ў нас атрымалася даволі эмацыйная дыскусія. Калі тэлевізійнай групе далі каманду згортваць апаратуру, я зразумеў, што мы выйгралі. Казалі, потым Грыгор’еў сам званіў у Маскву і прасіў скасаваць рашэньне аб будаўніцтве АЭС, паколькі сытуацыя ў горадзе выйшла з-пад кантролю”.

У канцы 1980-х у Беларусі шмат якія культурніцкія і экалягічныя ініцыятывы пераўтвараліся ў палітычныя. Ня быў выключэньнем і клюб “Узгор’е”: шмат хто зь яго ўдзельнікаў увайшоў у новаўтвораны БНФ, а некаторых абралі дэпутатамі саветаў розных узроўняў.

Дыскусія пра АЭС першага сакратара Віцебскага абкаму КПБ Уладзімера Грыгор’ева і журналіста Сяргея Навумчыка, лістапад 1988 г.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG