Лінкі ўнівэрсальнага доступу

16 лістапада Аляксандар Лукашэнка падпісаў Указ № 549 “Аб некаторых пытаньнях стварэньня сумесным адкрытым акцыянэрным таварыствам “Фэрэйн” фармацэўтычнай вытворчасьці ў Рэспубліцы Беларусь”. Дакумэнтам прадугледжаная перадача беларускага фармацэўтычнага прадпрыемства “Дыялек” расейскаму бізнэсоўцу Ўладзімеру Брынцалаву, вядомаму ў сябе на радзіме гучнымі скандаламі.

Амаль два гады таму ўнітарнае прадпрыемства “Дыялек” было перададзена Ўладзімеру Брынцалаву ў арэнду для рэалізацыі інвэстыцыйнага праекту. Расейская кампанія “Фэрэйн” паставіла на “Дыялек” новае абсталяваньне, уклаўшы ў праект каля 40 мільёнаў даляраў. А літаральна пару дзён таму Аляксандар Лукашэнка вырашыў цалкам аддаць расейцам прадпрыемства, дазволіўшы будаваць на яго тэрыторыі новы завод. Мы спрабавалі атрымаць інфармацыю зь першых вуснаў, у беларускім прадстаўніцтве кампаніі “Фэрэйн”. Сакратарка спачатку паабяцала злучыць з кіраўніцтвам кампаніі, але потым паведаміла:

— Камэнтаваць нічога ня будзем.

— А хто канкрэтна гэта сказаў?

— Кіраўніцтва. Мне перадалі, што вам адказаць. Я адказала.

— А сам спадар Брынцалаў даступны?

— Мы самі ня ведаем, дзе ён.

Згодна з указам Лукашэнкі, створанае пасьля рэарганізацыі сумеснае адкрытае акцыянэрнае таварыства “Фэрэйн” стане правапераемнікам усіх правоў і абавязкаў “Дыялеку”. “Дыялеку” сьпішуць усе запазычанасьці перад бюджэтам, а потым перададуць “Фэрэйну” як маёмасны комплекс.

Кампанія “Фэрэйн” страчвае рынкі збыту ў Расеі. Многія лічаць: з прычыны сваёй скандальнай рэпутацыі. Да прыкладу, у 2001 годзе Міністэрства аховы здароўя Расеі адклікала ліцэнзіі на выраб “Фэрэйнам” асобных лекавых прэпаратаў, вугорская кампанія Gedeon Richter афіцыйна заяўляла, што “Фэрэйн” цалкам капіюе ліцэнзійныя прэпараты. У 2006 годзе Фэдэральная падатковая служба Расеі таксама пацьвердзіла, што кампанія Брынцалава падрабляла замежныя лекі. Тады ж на складзе знайшлі вялікую партыю фальшаванага асьпірыну. Гэты сьпіс можна працягваць.

Фармацэўт: Брынцалаўскія лекі, да прыкладу, мы, супрацоўнікі аптэкі, ніколі для сябе ня купім.
Ці можна давяраць такой кампаніі? Прэсавы сакратар Беларускага дзяржаўнага канцэрну па вытворчасьці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіялягічнай прамысловасьці “Белбіяфарм” Міхаіл Бондараў:

“За рэпутацыю Брынцалава няхай адказвае сам Брынцалаў. Справа ў тым, што калі Брынцалаў будзе вырабляць лекі ў Беларусі, то ён вымушаны будзе вырабляць прэпараты ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі, якія дзейнічаюць у нас, а не ў Расеі”.

Фармацэўт-аналітык лекаў адной са сталічных аптэк: “Дыялек” — нядрэнная кампанія. Вельмі шкада, канечне. Брынцалаўскія лекі, да прыкладу, мы, супрацоўнікі аптэкі, ніколі для сябе ня купім. Яны па якасьці ня вельмі добрыя. Біядаступнасьць (то бок эфэкт) — мінімальная. Калі параўноўваць нават нашы, беларускія прэпараты (якія не вызначаюцца вельмі высокай біядаступнасьцю, эфэктыўнасьцю), то расейскія, менавіта “брынцалаўскія” — гэта яшчэ горш”.

У канцэрне “Белбіяфарм”, у склад якога ўваходзіць і прадпрыемства “Дыялек”, распавялі, што ў Беларусі ёсьць два сумесныя фармацэўтычныя прадпрыемствы. Гэта лагойскі “Лекфарм” — беларуска-брытанска-расейскае адкрытае акцыянэрнае таварыства, і нясьвіскі “Фармлэнд” — сумеснае беларуска-галяндзкае фармацэўтычнае таварыства з абмежаванай адказнасьцю. А каб цалкам аддалі прадпрыемства замежнікам — такога яшчэ не было.
XS
SM
MD
LG