Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэдзіч: У папярэджаньні мінінфармацыі няма ніякай лёгікі


На сайце Міністэрства інфармацыі зьмешчана паведамленьне пра пісьмовыя папярэджаньні шэрагу недзяржаўных выданьняў. У дакумэнце ўказваецца, што зроблена гэта ў сувязі з парушэньнямі ў публікацыях газэт “Народная воля”, “Наша ніва”, “Комсомольская правда” в Белоруссии” і “Ва-банк’” патрабаваньняў закону “Аб сродках масавай інфармацыі.

У выпадку з “Нашай нівай” гаворка пра парушэньне, зьвязанае са статусам журналіста, у адносінах да “Народнай волі” гэта тычыцца інфармацыі, распаўсюд якой забаронены. Адразу тры артыкулы, на погляд ведамства, парушыла рэклямная газэта “Ва-банк’”, два парушэньні — у пасіве “Камсамолкі”.

Як паведамілі ў рэдакцыі газэты “Комсомольская правда” в Белоруссии”, газэта стала ахвярай “сьвінога грыпу”. Дакладней, у рэальныя формы выліліся абяцаньні намесьніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч на пачатку лістапада ўжыць адэкватныя захады супраць незалежных СМІ, якія набіраюць наклады “дэзінфармацыяй” вакол грыпознай сытуацыі.

У рэдакцыі тыднёвіка “Наша ніва” таксама выказваюць падазрэньне, што прычынай пільнай увагі боку Міністэрства інфармацыі, магчыма, сталі публікацыі пра сытуацыю з грыпам і пнэўманіяй. Такую думку агучыў рэдактар аддзелу палітыкі Зьміцер Панкавец.

У сваю чаргу, галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч паведаміў, што папярэджаньне, якое рэдакцыя атрымала сёньня, тычыцца артыкула пазаштатнага аўтара газэты Ігара Драка пад назвай “Не перашкаджай іншым адстойваць свабоду”:

“На голым месяцы ўсё ўзьнікла. Мы ж ня мелі на ўвазе, што трэба праяўляць нейкі экстрэмізм. Мы мелі на ўвазе, што калі будуць парушацца законы, калі будзе парушацца Канстытуцыя, то беларускі народ сапраўды мае права на абарону і Канстытуцыі, і закону. Мы, зноў жа, ведаем з інтэрвію Лукашэнкі, калі ён сказаў: так, у нас парушаўся закон, я сам даў каманду зьмяніць дадзеныя падліку галасаваньня.

Дык скажыце, калі ласка: калі парушае сам “гасудар” закон, няўжо народ ня мае права запатрабаваць, каб ён выконваў гэты закон? Калі ў нас ішоў гэты артыкул Ігара Драка, жыхара горада Менску, то ён меў на ўвазе менавіта такую сытуацыю: калі будуць парушацца нашы законы, то чаму сапраўды народ ня можа прымусіць той жа Цэнтарвыбаркам, іншыя структуры, каб усё было падлічана чэсна, сумленна? Такая ж сытуацыя была ва Ўкраіне. Наш прэзыдэнт сустракаецца зь Юшчанкам. А Юшчанка ж прыйшоў да ўлады менавіта дзякуючы такой сытуацыі! Калі народ адстойваў справядлівасьць. Дык я не разумею — ніякай жа лёгікі няма ў гэтым папярэджаньні!”.

Што тычыцца газэты “Ва-банк’”, то яна пацярпела за разьмяшчэньне рэклямных паведамленьняў.

У пісьмовых папярэджаньнях, разасланых па адрасах згаданых рэдакцый, даводзіцца ў дзесяцідзённы тэрмін выправіць парушаныя пункты закону, паведаміўшы пра гэта Мінінфармацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG