Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь і Вэнэсуэла — разам у сацыялістычную будучыню”


Амэрыка Дыяс Нуньес

Амэрыка Дыяс Нуньес

Амбасадар Вэнэсуэлы ў Беларусі Амэрыка Дыяс Нуньес найбольшыя спадзяваньні ў двухбаковым супрацоўніцтве зьвязвае з газам, нафтай і адкрыцьцём у Вэнэсуэле двух сумесных прадпрыемстваў — па зборцы трактароў МТЗ і аўтамабіляў МАЗ. Такое меркаваньне ён выказаў сёньня, адказваючы на пытаньні журналістаў у Менску.

Амбасадар Вэнэсуэлы акцэнтаваў увагу на некалькіх сумесных праектах у галіне машынабудаваньня:

“Удзельнічаюць дзьве краіны. І гэта як бы будзе злучэньне з суседзямі — продаж затым у Калюмбію, Балівію, на Кубу, а таксама ў іншыя краіны карыбскага рэгіёну. І гэта, канечне, больш вялікі рынак. А недалёка і Бразылія, чый рынак патэнцыйна надзвычай вялікі для фірмаў, якія ствараюцца”.

Я спытаўся ў амбасадара Нуньеса, ці не атрымаецца так, што новая тэхніка праржавее пры перавозцы з адной краіны ў іншую? А менавіта так атрымалася з партыяй МАЗаў, якія праржавелі ў дарозе на Каракас. У выніку іх вярнулі назад у Беларусь.

Амбасадар адказаў так:

“Ня ведаю, я ня ведаю гэтага. Няма ніякага канфлікту. Усё вырашаецца паміж сябрамі”.

Кандыдат эканамічных навук Леанід Заіка цьвердзіць: у Вэнэсуэле для Беларусі няма ніякіх стратэгічных інтарэсаў:

Леанід Заіка
“80% рынку МАЗаў рухнула. І ніякая Вэнэсуэла тут не дапаможа. Усё тут можна разумець толькі як дэманстрацыйнае: дзьве краіны сацыялізму будуюць сумесную будучыню”.

Ня бачыць пэрспэктываў эканаміст і ў нафтавай галіне:

“Вэнэсуэла, канечне, вялікі вытворца нафты — нічога ня скажаш. Але Беларусі здабываць нафту за тысячы кілямэтраў, будаваць там буйны комплекс? У нас жа няма такіх буйных прадпрыемстваў, як “Лукойл” альбо былы “Юкос”. Тут наагул патрэбна падумаць, з кім і чым мы гандлюем. Тое, што адбываецца ў беларускім зьнешнім гандлі, заслугоўвае самай вялікай увагі і грамадзкай ацэнкі”.

Тым часам афіцыйная статыстыка паказвае: ад пачатку году аб’ём зьнешняга гандлю Беларусі зьменшыўся на 34,8%. А адмоўнае сальда зьнешняга гандлю дасягнула 5 мільярдаў даляраў.
XS
SM
MD
LG