Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Выжыць на гэту пэнсію можна, годна жыць — немагчыма”


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 18 лістапада 2009 году

Чаму большасьці людзей у сёньняшняй Беларусі жывецца значна цяжэй, чым іхным заходнім суседзям — у эўрапейскіх краінах? Многія нашы слухачы ў сваіх лістах на “Свабоду”, абапіраючыся на ўласны досьвед, спрабуюць адказаць на гэта пытаньне.

З аднаго такога ліста пачну сёньняшнюю размову. Вось што лічыць наконт гэтага Мікалай Чыбісаў з пасёлку Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну. Слухач піша:

“Галеча, нізкія заробкі, беспрацоўе — там, дзе дзяржавай доўгі час кіруе адзін чалавек, які не жадае ні з кім дзяліцца ўладай. Паглядзіце, дзе найгорш жывуць людзі? На Кубе, у Паўночнай Карэі, у некаторых рэспубліках былога Савецкага Саюзу. Словам, там, дзе дыктатура, дзе ўлада нязьменная. А там, дзе ўладу рэгулярна пераабіраюць, людзі жывуць значна лепш. Прыклад: краіны Эўразьвязу, ЗША, Канада, Аўстралія.

Ці хопіць прэзыдэнту Лукашэнку і набліжаным да яго чыноўнікам інтэлекту і адукацыі, каб зразумець, што галоўны тормаз для Беларусі — яны самі? Што менавіта яны не даюць працоўным Беларусі жыць так, як жывуць людзі ў Эўропе?

У нас вельмі значная колькасьць насельніцтва занятая ў бюджэтных арганізацыях. Яны нібыта і працуюць, але рэальнай прадукцыі не вырабляюць. Менавіта бюджэтнікі — апірышча Лукашэнкі і набліжаных да Лукашэнкі, якія, кажуць, зарабляюць па 15—20 мільёнаў беларускіх рублёў штомесяц. На любых выбарах гэта — людзі прэзыдэнта, што выконваюць любыя ягоныя загады”
.

“Бюджэтнікі”, спадар Чыбісаў, — гэта найперш настаўнікі, мэдыкі, бібліятэкары — тыя людзі, заробкі якіх часта не дацягваюць нават да сярэдніх у краіне. Казаць, што яны дужа задаволеныя сваім цяперашнім становішчам і гатовыя выконваць любыя загады ўлады — яўнае перабольшаньне. Хоць (і тут вы маеце рацыю) менавіта іх прыцягвае ўлада падчас выбарчых кампаніяў да працы ў рознага ўзроўню камісіях, карыстаючыся іхным падпарадкаваным, залежным становішчам.

Асобная каста — чыноўнікі. Іншы статус, іншыя заробкі, іншыя пэнсіі. Гэта, сапраўды, — людзі, якім ёсьць што губляць у выпадку страты ўлады. Хоць і ў гэтым асяродку, наколькі мне вядома, сёньняшнія сярэднія заробкі вымяраюцца зусім не дзясяткамі мільёнаў рублёў.

Наш даўні сябар Леанід Курпатаў зь Ліды адгукнуўся на просьбу “Свабоды” і даслаў свой водгук на нашы перадачы. Слухач, сярод іншага, піша:

“Парадаў вам даваць ня буду. На мой погляд, такія, як я, людзі сталага веку раіць нешта “Свабодзе” ня здольныя. Бо мой сьветапогляд вельмі адрозьніваецца ад сьветапогляду больш позьніх пакаленьняў. Сёньняшняя моладзь кучкуецца з бутэлькамі піва ў руках. Хлопчыкі і дзяўчаткі, якім няма яшчэ і 18-ці, адкрыта паляць і жудасна брыдкасловяць. Проста слупянееш. І думаеш: куды гэта рухаецца дзяржава?

У нас каля паліклінікі вельмі прыгожа аздобілі калёнку — рознымі мэталічнымі выкрутасамі. А на самой калёнцы ўсталявалі кветку вадзяной лілеі. Але мінула зусім мала часу — і пялёсткі гэтай прыгажосьці абламалі.

А што робіцца са сьценамі гарадзкіх будынкаў? Толькі пафарбуюць, адрамантуюць — зьяўляюцца незразумела якія надпісы... Якія тут і каму даваць парады? Хто іх будзе слухаць? Адзін мудры чалавек некалькі год таму сказаў, што нашы людзі хворыя. Пагаджаюся. Прычым дадам, што хваробы ў нас разнастайныя.

Днямі пачуў па “Свабодзе”, як адна жанчына хвалілася сваёй пэнсіяй — дзяржава ёй адваліла “аж” 470 тысяч рублёў. І пры гэтым яна папракала тых, каму налічылі толькі 280 тысяч. Але ці ж гэта грошы? Што 280, што 470 тысяч — гэта ж толькі каб выжыць. Годна жыць на іх немагчыма.

Добра было б, каб Радыё Свабода ў сваіх перадачах параўноўвала заробкі і пэнсіі людзей аднолькавых прафэсій у нас і на так званым “гнілым” Захадзе. Каб нашы людзі хоць крышачку абуджаліся ад “саветызму”. Бо яны яшчэ сьпяць, і вельмі доўга будуць спаць пад узьдзеяньнем дурнотнай прапаганды”
.

Дарэмна вы, спадар Леанід, лічыце, што парады старэйшых людзей нікому не патрэбныя. Моладзь — розная. Адны бязмэтна бадзяюцца па вуліцы з бутэлькамі піва ў руках, ламаючы зробленае чужымі рукамі. А другія ў гэты ж час карпеюць над падручнікамі, аруць поле, працуюць за кампутарам ці за станком. Гэтак было і дваццаць, і трыццаць, і пяцьдзясят гадоў таму. Іншая рэч, што зь цягам часу, пад цяжарам гадоў мы часта ідэалізуем сваю маладосьць і занадта прыдзірліва глядзім на моладзь цяперашнюю.

Наш слухач Адась Качаноўскі з Маладэчна ў сваім лісьце на “Свабоду” згадвае першыя пасьляваенныя гады, калі на вуліцах гарадоў было шмат інвалідаў — пакалечаных салдат, якія вярнуліся з вайны і ў мірным жыцьці аказаліся нікому не патрэбнымі. Многія зь іх жабравалі. Успамінаючы той час, спадар Качаноўскі піша:

“Іх было вельмі шмат паўсюль — бяз рук, бяз ног, з пакалечанымі тварамі. Па сутнасьці, гэтых няшчасных людзей кінулі на волю лёсу. Іх можна было ўбачыць на кожным вакзале, у любым людным месцы. Спынялі прахожых, прасілі на ежу... І раптам недзе ў 50-ыя гады іх ня стала. Мяне гэта раптоўнае зьнікненьне цікавіць і хвалюе дагэтуль. У свой час я спрабаваў распытваць у сваім асяродзьдзі: куды маглі раптоўна зьнікнуць інваліды вайны? Ніхто мне на гэта адказаць ня змог.

На пачатку 90-х гадоў у маскоўскім часопісе “Юность” я прачытаў верш “Інваліды”, у якім былі наступныя радкі:

“Как-то сразу их не стало, как-то сразу замолчала
Эта музыка войны. Не видны и не слышны
Те, что гибли в плащ-палатках и потом на танцплощадках,
Оголив свои медали, чуть хромая, танцевали...”

І хто дапаможа разгадаць гэты рэбус? Я ня ўпэўнены, але ёсьць адна здагадка: ці не сталі яны ахвярамі камуністычнага генацыду, на які бальшавікі, як вядома, былі вялікімі майстрамі”
.

Казаць пра генацыд тут наўрад ці выпадае, а вось тое, што на пачатку 50-х гадоў савецкія ўлады распарадзіліся ўсіх беспрытульных інвалідаў выслаць з гарадоў у адмысловыя дамы-інтэрнаты — дакладна. Такіх людзей налічваліся сотні тысяч. Без жытла, безь сям’і, пакалечаныя, без належнага догляду, на самаробных інвалідных вазочках, што грымелі на ўсю вуліцу. І адначасова — увешаныя савецкімі мэдалямі і ордэнамі. Гэта быў жывы папрок усяму камуністычнаму ладу.

Іх, як правіла, зьбіралі за адну ноч з усяго гораду адмысловыя нарады міліцыі і дзяржбясьпекі, звозілі на чыгуначныя станцыі, грузілі ў цяплушкі кшталту тых, што перавозілі зьняволеных — і накіроўвалі ў аддаленыя раёны СССР у так званыя “дамы-інтэрнаты”, далей ад людзкіх вачэй. Пры гэтым адбіралі пашпарты і салдацкія кніжкі. Адна зь мясьцін, куды прымусова звозілі савецкіх інвалідаў, — выспа Валаам сярод Ладаскага возера, што на расейскай поўначы, у Карэліі. Там у мурах колішняга праваслаўнага манастыра інвалідзкі дом-інтэрнат праіснаваў з ’52-га па ’84-ы год.

Наш даўні сябар Мікола Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну свой новы ліст напісаў пасьля таго, як пачуў па “Свабодзе” завочную дыскусію двух слухачоў наконт беларускамоўнай адукацыі. Адзін зь іх патэлефанаваў у рэдакцыю і паведаміў, што ў іх у Маладэчне няма ніводнай беларускамоўнай клясы. А другі слухач — зь Ліды — усклаў адказнасьць за такі стан мовы на глябалізацыю. Маўляў, бацькі дбаюць пра будучыню дзяцей, таму і выбіраюць расейскую мову. Адказваючы на гэта, Мікола Бусел піша:

“Што вы мелеце, панове! Якая глябалізацыя? Хіба ня памятаеце антызаконнага рэфэрэндуму ’95-га году і ягоных натхняльнікаў? Хіба ня бачылі, як тады адзін высокі чыноўнік, ледзь варочаючы языком, з пагардаю чытаў школьным выпускнікам тэмы сачыненьняў па беларускай мове? От тады ён, напэўна, і дапяў, што з гэтай “барбарскай мовай” трэба канчаць.

Хіба вы не разумееце, што дэмагагічнае права бацькоў выбіраць мову навучаньня для сваіх дзяцей — такое ж эфэмэрнае, як і ўсе астатнія правы ў Беларусі? Не, гэта — не глябалізацыя: не хітруйце і не маніце самі сабе. Гэта — палітыка рэжыму, які зьнішчае нашу мову, асяродак жыцьця, нацыянальную ідыясінкразію. Гэта ён гукае ў зямлянкі.

А званіць на Свабоду трэба. Тут вам і глябалізацыя, і інтэрактыўнасьць, і пераадрасаваньне эмоцый… Але трэба пісаць і галоўным кілерам нашай мовы. Патрабаваць спыніць этнацыд. Улада пільна сочыць за рэакцыяй грамады. Няхай ваш голас будзе той кропляй, што сьвідруе камень. Але пакуль няма паспалітага рушэньня…”
.

Сапраўды, спадар Мікола, стаўленьне значнай часткі беларускага грамадзтва да мовы сваіх продкаў — своеасаблівае, спэцыфічнае. З аднаго боку, беларусізацыі не патрабуюць, дзяцей у беларускамоўныя школы не аддаюць, па-беларуску між сабой гавораць рэдка… Але, з другога, і вынішчэньня беларушчыны ня хочуць, нацыянальную мову лічаць каштоўнасьцю, рабіцца расейцамі не зьбіраюцца. Мова для многіх — як чамадан бяз ручкі: і несьці цяжка, і кінуць шкада. Гэту адметнасьць беларусаў асабліва выразна можна было назіраць падчас перапісу. І вынікі перапісу, хутчэй за ўсё, адлюструюць гэту супярэчнасьць.

Беларуская ўлада, натуральна, бачыць гэту няпэўнасьць, нявызначанасьць у грамадзкіх настроях. І менавіта ўлада без істотных цяжкасьцяў можа схіліць грамадзкую думку ў той бок, які быў бы на карысьць будучыні беларускай дзяржавы і нацыі. Можа, але — ня хоча.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG