Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газпром” пацьвердзіў значны доўг Беларусі за спажыты газ


У офісе канцэрну “Газпром” на запыт Радыё Свабода афіцыйна пацьвердзілі: запазычанасьць Беларусі за спажыты ў першым паўгодзьдзі расейскі прыродны газ дасягнула амаль 166 мільёнаў даляраў.

Праўда, як сказаў супрацоўнік дэпартамэнту інфармацыйнай палітыкі канцэрну Дзяніс Ігнацеў, ёсьць вусная дамова зь беларускім бокам аб кампэнсацыі доўга да канца году:

“Вам якога кшталту пацьверджаньне патрэбнае? Наколькі лічба запазычанасьці адпавядае рэальнасьці?”

Карэспандэнт: “Так, наколькі яна карэктная”.


“Лічба карэктная. Гэта афіцыйная справаздача, яна ёсьць на нашым сайце, можаце на яе спасылацца”.

Карэспандэнт: “Учора ў “Газпроме” адбыўся міжнародны форум “Газ Расеі-2009”. Ці гучэлі нейкія заявы на адрас Беларусі?”

“Не, нічога такога не было”.

Намесьнік старшыні праўленьня канцэрну “Газпром”, генэральны дырэктар падразьдзяленьня “Газпром-экспарт” Аляксандар Мядзьведзеў падчас форуму прызнаў: глябальны крызіс нэгатыўна паўплываў на аб’ёмы паставак прыроднага газу за межы Расеі. Гэта прывяло да некаторай карэляцыі коштаў на газ у бок паніжэньня. Аднак ён перакананы, што запатрабаванасьць паліва неўзабаве будзе на тым жа ўзроўні:

“Мы плянуем экспартаваць у 2009 годзе 142 мільярды кубічныя мэтры, што ўсяго толькі на 10,5 мільярда кубамэтраў газу меней, чым у 2007 годзе. А наш прагноз на 2010 год -- ужо 160,8 мільярда кубічных мэтраў газу. Што тычыцца валютнай выручкі, то ў гэтым годзе наш прагноз складае 42,5 мільярда ад экспарту газу ў дальняе замежжа, што вышэй за экспартную выручку 2007 году, якая была 39,5 мільярда. Адносна прагнозу на наступны год выручка складзе 51 мільярд даляраў у цэлым”.

На мінулым тыдні прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што беларускі бок будзе патрабаваць ад “Газпрома” зьніжэньня цаны на газ для Беларусі, ня гледзячы на падпісаныя раней міждзяржаўныя кантракты. Кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер кажа, што Менску трэба трымацца выключна ратыфікаваных дакумэнтаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG