Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Захараў “распасьцёрся” на дзьве зборныя


Міхаіл Захараў і Глен Хэнлан

Міхаіл Захараў і Глен Хэнлан

Хакейны спэцыяліст Міхаіл Захараў прэтэндуе заняць месца ў Кнізе рэкордаў Гінэса. Міністэрства спорту і турызму напярэдадні прызначыла Захарава галоўным трэнэрам нацыянальнай зборнай Беларусі – у той час, як ён ужо зьяўляецца трэнэрам каманды Ўкраіны.

Прызначэньне зробленае ў аўральным парадку, за сто дзён да пачатку зімовых Алімпійскіх гульняў у Ванкувэры. Падставай да кадравай ракіроўкі стала сэрыя гучных скандалаў у беларускім хакеі. На мінулым тыдні Менск пакінуў канадзкі адмысловец Глен Хэнлан, які заявіў пра сваё рашэньне разьвітацца з беларускай зборнай. Да гэтага кроку канадца падштурхнула рашэньне старшыні Беларускай фэдэрацыі хакею Ўладзімер Навумаў скасаваць кантракт з заакіянскім спэцыялістам, які паралельна зьяўляўся настаўнікам менскага “Дынама”. Хэнлан заявіў, што ў стане маральна-псыхалягічнай падаўленасьці ён наўрад ці здолее эфэктыўна кіраваць зборнай, таму дачасна разьвітваецца зь Беларусьсю.

Па гарачых сьлядох было абвешчана, што на вакантнае месца прэтэндуюць шэраг знакавых пэрсонаў, уключна зь вядомымі трэнэрамі Чэхіі, Славаччыны, Расеі. У якасьці асноўнага прэтэндэнта разглядаўся Ўладзімер Крыкуноў, які падчас Алімпіяды ў Солт-Лэйк-Сіці сэнсацыйна прывёў беларусаў да чацьвёртага месца. Аднак нечакана нават для хакейных знаўцаў на трэнэрскай пасадзе аб’явіўся Міхаіл Захараў – гулец прэзыдэнцкай каманды і ўвогуле чалавек, набліжаны да Лукашэнкі. Спартовыя аналітыкі не выключаюць, што сама па сабе гісторыя з нэўтралізацыяй Хэнлана была зробленая дзеля таго, каб зноў вярнуць Захарава ў вялікі хакей.

Нагадаем, што з імем Міхаіла Захарава зьвязаная ня лепшая старонка ў гісторыі беларускага хакею. Менавіта пад яго кіраўніцтвам зборная Беларусі ня здолела пераадолець кваліфікацыйны турнір, каб трапіць на Алімпіяду-2006 у Турын. Ведучы па ходзе сустрэчы з латышамі, беларусы ўрэшце бязвольна прайгралі. Тады трэнэр абвінаваціў у сабатажы гульцоў, выклікаўшы незадавальненьне такімі паводзінамі ў спартовых колах.
XS
SM
MD
LG