Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве прэзэнтавалі “Барацьбу за вызваленьне”


Сёньня ў Магілёве адбылася прэзэнтацыя кніжкі “Барацьба за вызваленьне”. У яе увайшлі неапублікаваныя раней творы дзеяча беларускага адраджэньня першай паловы дваццатага стагодзьдзя Антона Луцкевіча. Прэзэнтавалі выданьне яго укладальнік Анатоль Сідарэвіч і рэдактар часопіса “ARCHE” Валерка Булгакаў. Арганізавалі сустрэчу магілёўскія суполкі Таварыства Беларускай мовы і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.
Ігар Барысаў


Анатоль Сідарэвіч


Валерка Булгакаў

На прэзэнтацыю ў грамадзкі цэнтар “Кола” прыйшлі тры дзясяткі чалавек. Пераважна актывісты няўрадавых арганізацыяў абласнога цэнтру, а таксама студэнты магілёўскіх унівэрсытэтаў — будучыя гісторыкі. Яны прыйшлі больш даведацца пра вядомага й невядомага Антона Луцкевіча:

Юнак: “Гэта, наколькі я ведаю, трэцяя кніга пра Антона Луцкевіча. Я вывучаю гісторыю БНР, а гэта адзін зь людзей, які стварыў ідэю БНР, зрабіў усё, каб гэтая ідэя жыла ў нашых сэрцах”.

Лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў гэтак патлумачыў неабходнасьць публічнай прэзэнтацыі “Барацьбы за вызваленьне”.

+“Антон Луцкевіч — гэта выдатная постаць у беларускім адраджэнскім руху. Ён адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыялістычнай грамады — спадкаемцам якой выступае Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя. Гэта велізарная асоба ў гісторыі нашай краіны, якая вымагае больш грунтоўнага вывучэньня”.

У зборніку прадстаўленыя малавядомыя творы Луцкевіча, якія ён пісаў ад 1906 да 1937 году. Укладальнік кнігі літаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч адзначае, што Луцкевічава спадчына — сьведчаньне таго, што ў Беларусі існавала незалежная палітычная думка:

“Палітычная думка глыбокая, празорлівая. Вось гэты чалавек Антон Луцкевіч зьяўляецца цэнтральнай фігурай нацыянальнага руху. Я папросту не магу сказаць, каго зь беларускіх палітычных мысьліцеляў, публіцыстаў можна паставіць зь ім побач”.

Кніжка выйшла дзякуючы падтрымцы Інстытуту беларусістыкі зь Вільні й Беларускага гістарычнага таварыства зь Беластоку. У Эўрапейскіх краінах, адзначае рэдактар часопіса “ARCHE” Валерка Булгакаў, кніжкі падобнага зьместу выходзяць пры падтрымцы дзяржавы. У нас жа дзяржаўныя структуры адмаўляюцца гэта рабіць:

“Перш за усё з-за ідэалягічных прычынаў. Гэта вялікі посьпех Беларусі, што ёсьць група энтузіястаў, якія фактычна падмяняюць уплывовыя дзяржаўныя структуры. Гэтая кніга зроблена на высокім акадэмічным узроўні і ў гэтым сэнсе яна зьяўляецца працягам традыцыяў падобных публікацыяў, якая запачаткавалася некалькі гадоў таму.”
XS
SM
MD
LG