Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Адзіны дастойны канкурэнт Лукашэнку — гэта Зянон”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы разважаюць пра маючыя адбыцца выбары: называюць найперш неабходныя зьмены ў заканадаўстве, спрачаюцца наконт кандыдатур, згадваюць мэханізм фальсфікацый.

Пачынаем са згадкі пра ўчорашні Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі

Cпадар: “Да той пары, пакуль на Беларусі баль правіць лукашэнкаўская аўтарытарная дыктатура і існуе мітычная “лінія Сталіна”, рассакрэціць праўду пра рэпрэсіі НКУС, КДБ вельмі праблематычна і нават немагчыма”.

Чарговы разьдзел нашай радыёперадачы — выбарчая тэматыка.

Андрэй, Салігорск: “Наконт 12 пунктаў Эўропы для Лукашэнкі. Гэта ўсё абсурд. Лукашэнку трэба 2 пункты: няўдзел у выбарах, то бок скасаваньне дзеяньня рэфэрэндуму, і замена апарату Ярмошынай на новы. І ўсё. Гэтыя два пункты вырашаць усе пытаньні. Лукашэнка ўжо перажыў свой давер”.

У наступным званку ўдакладняецца на рэальных прыкладах тое, пра што казаў папярэдні спадар

Cпадарыня, в. Квасоўка: “Хачу сказаць, як праходзяць датэрмінова выбары ў прэзыдэнты. Пэнсіянэры па сьпісе: прыйшоў галасаваць — чатыры баразны бульбы, не прыйшоў — выкрасьляць. Усё пад страхам і пад прымусам”.

Веры ў сапраўды справядлівыя выбары няма й на гэты раз.

Cпадар: “Іншадумцы будуць адсунутыя, а тыя, хто насьмеліцца прымаць удзел у выбарах, пасьля іх апынецца, як спадар Казулін, у турме. Выбараў, хутчэй за ўсё, ня будзе — будзе проста дарагі спэктакль, камэдыя, пародыя. Лепш гэтыя грошы аддаць пэнсіянэрам для павышэньня пэнсіі”.

Аднак далёка ня ўсе са слухачоў “Свабоды” чакаюць зьменаў ад вышэйшай улады.

Cпадар: “Калі вам так ненавісны Лукашэнка, то прапануйце кандыдатуру ад апазыцыі. Шушкевіч? Дык мы ўжо жылі, калі па талёнах атрымлівалі алей на месяц. Вячорку? Дык яго свая ж партыя скінула зь лідэрства. Мілінкевіча? Але ўжо намі камандаваў у савецкія часы Брэжнеў і Андропаў. Лябедзька? Цудоўна жыве на гранты. А яшчэ я вам раю ў дэмакратычную краіну, дзе правіць Юшчанка. Там пэнсіі ўдвая меншыя. У Саакашвілі пэнсіі ўвогуле 16 даляраў”.

Аўтар наступнага званка таксама разважае над якасьцямі патэнцыйнага кіраўніка краіны.

Cпадарыня Арцёмаўна, Менск: “Які павінен быць прэзыдэнт? Па большай частцы ўсе, хто імкнецца перамагчы, выйшаў з гэтага простага народа. Марылі многія стаць гаспадзінам, але ён у гэтым не прызнаецца. Будзе называць сябе ва ўзвышаным сэнсе слугой народа, і каб ня здарылася так, што ён спачатку вёў барацьбу зь няравенствам, знаходзячыся ўнізе, а падняўшыся наверх, будзе весьці барацьбу за няравенства”.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — лекарка з Асіповічаў, сябра Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Тацяна Барэль.

Тацяна Барэль
Тацяна Барэль: “Адзіны дастойны канкурэнт дзейнаму кіраўніку краіны — гэта Зянон Пазьняк. Захаплялася ім і ягонай праграмай яшчэ на першых выбарах. Яе, дарэчы, многія дэмакраты практычна паўтараюць і сёньня. У чым няма нічога дзіўнага: яна актуальная і выканальная нават у сучасных умовах. Выдатная была і каманда спадара Зянона. Ня горшую ён зможа сабраць і зараз. Большасьць кандыдатаў думаюць насамрэч, як мінімум, пра сябе і пра Беларусь, а ў яго — абы выцягнуць з багны Беларусь, каб усё ў нас было нармальна”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG