Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таміфлю прызнаны эфэктыўным, рэмантадын і арпетол — не


У Беларусі па-ранейшаму замоўчваецца сытуацыя з захворвальнасьцю на пнэўманію і сьвіны грып. Міністэрства аховы здароўя паведамляе лічбы тыднёвай даўніны. Прышчэпак ні супраць звычайнага, ні супраць сьвінога грыпу ў краіне няма. Мінздраў Беларусі і Ўсясьветная арганізацыя аховы здароўя пацьвярджаюць толькі эфэктыўнасьць прэпарату таміфлю. Чвэрць школ краіны закрытыя.

Чыноўнікі ад мэдыцыны па-ранейшаму сьцьвярджаюць, што захворвальнасьць на вірусныя інфэкцыі ў Беларусі пайшла на спад. Але пульманалягічныя аддзяленьні запоўненыя хворымі на пнэўманію. А Міністэрства аховы здароўя дае рэкамэндацыі па лячэньні. За подпісам першага намесьніка міністра аховы здароўя Роберта Часнойця ва ўстановы разасланы ліст, у якім паведамляецца, што вірус A/H1N1 “адчувальны да таміфлю і рэзыстэнтны (то бок не адчувальны — рэд.) да рэмантадыну”.

Кіраўнік бюро Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусі Зайцаў таксама пацьвердзіў:

“На дадзены момант у нас ёсьць доказы таго, што інгібітары нэйрабіядазы (то бок таміфлю і падобныя) паказалі сваю эфэктыўнасьць. Што да арпетолу і арбідолу, яны не зьяўляюцца супрацьвіруснымі прэпаратамі, гэта імунастымулюючыя прэпараты. Таму мы рэкамэндуем толькі тое, што даказала эфэктыўнасьць”.

Нагадаем, яшчэ тыдзень таму міністар аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко рэкамэндаваў лячыцца беларускім арпетолам.

Процігрыпозных вакцын пакуль у краіне няма. На вакцыну супраць сьвінога грыпу абвешчаны тэндэр, паведаміла намесьніца галоўнага ўрача Рэспубліканскага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Людміла Наройчык:

“Што на закупкі вакцыны супраць сьвінога грыпу абвешчаны конкурс, і Беларусь шукае краіну, дзе будзе закупляцца гэтая вакцына”.

У Беларусь па лініі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя бясплатна паступіла 60 тысяч пакункаў таміфлю, якія разьмеркаваныя па шпіталях
Але колькі доз вакцыны будзе закуплена, спадарыня Наройчык не ўдакладніла: маўляў, яшчэ вядуцца разьлікі.

Прадстаўнік Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя Ягор Зайцаў паведаміў, што Беларусь па сваіх сацыяльна-эканамічных паказчыках не ўваходзіць у сьпіс 16 бедных краінаў, куды вакцына будзе пастаўляцца бясплатна. Але ён пацьвердзіў, што ў Беларусь па лініі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя бясплатна паступіла 60 тысяч пакункаў таміфлю, якія разьмеркаваныя па шпіталях.

З розных рэгіёнаў краіны паступаюць зьвесткі пра летальныя выпадкі ад пнэўманіі.

  • У Капылі памерла 29-гадовая жанчына, якая нарадзіла дзіця. Жанчыне паставілі дыягназ “пнэўманія” і зрабілі кесарава сячэньне.
  • У Ветцы памёр заатэхнік сьвінакомплексу “Чыстая лужа”.
  • У Берасьці клінічныя дасьледаваньні паказалі, што ў 21-гадовай Вольгі Цыбульскай, якая памерла на мінулым тыдні ад пнэўманіі, быў сьвіны грып.

Галоўны санітарны лекар Берасьцейскай вобласьці Алег Арнаўтаў кажа:

“У нас ёсьць лябараторыі рознага ўзроўню і магчымасьцяў. Папярэднія дасьледаваньні, якія праведзеныя ў нашым цэнтры, не выключаюць, што гэта можа быць вірус A/H1N1. А зараз гэтыя матэрыялы забраныя і адвезеныя ў Нацыянальны цэнтар дасьледаваньня грыпу, які праводзіць канчатковыя дасьледаваньні і дае заключэньне”.

Са шпіталёў ужо выпісваюць пацыентаў, якія прайшлі курс лячэньня ад пнэўманіі і сьвінога грыпу, і пераводзяць у Рэспубліканскі шпіталь мэдычнай рэабілітацыі, што ў Гарадзішчах. Праўда, колькі іх зараз на рэабілітацыі, супрацоўніца прыёмнага пакою не паведаміла, але факт гэты пацьвердзіла:

“Да нас пацыенты паступаюць па дамоўленасьці са шпіталямі. Натуральна, гэта ня тыя, хто наноў захварэў, а якія ўжо вылечыліся і ў нас праходзяць курс рэабілітацыі”.

У многіх рэгіёнах краіны дзіцячыя ўстановы закрытыя, кажа галоўны інспэктар Мінадукацыі Лілія Кузняцова:

“Раней у нас ніколі не закрываліся дашкольныя ўстановы. Але на сёньня закрытыя ў краіне 37 дашкольных установаў. Гэта не такая ўжо і вялікая лічба, але яна ёсьць. Закрыта 24,5% сярэдніх школ, гэта 870 школ”.
XS
SM
MD
LG