Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Помнік зьнесьлі цішком, каб ня ведалі людзі”


Статус недатыкальнасьці страціў у Магілёве палаца-паркавы комплекс ХVIII стагодзьдзя. Мясцовыя чыноўнікі заявілі, што на разбурэньне гістарычнага помніка быў атрыманы афіцыйны дазвол навукова-мэтадычнай рады Міністэрства культуры.

Радыё Свабода дасьледуе сёньня ня толькі гэтую канфліктную сытуацыю. Нашы карэспандэнты ў рэгіёнах высьвятлялі, якія помнікі мінулага апынуліся пад пагрозай і якія новыя помнікі ўзводзіць улада.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Помнік зьнесьлі, каб не затуляў з дарогі выгляд новабудоўлі


Будынак палацавага комплексу каталіцкага арцыбіскупа Богуша-Сестранцэвіча ўзьвялі ў Магілёве ў XVIII стагодзьдзі. Помнік значыўся ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Цяпер ён разбураны.

Будынак, у якім ад сярэдзіны дзевятнаццатага стагодзьдзя месьцілася адно з аддзяленьняў псыхіятрычнай лякарні, зьнесьлі без папярэдняй агалоскі. Апошнія пяць гадоў ён не эксплюатаваўся й заняпаў. Пра тое, што яго зьнесьлі, стала вядома выпадкова, бо месьціўся ён на гарадзкім ускрайку, паблізу Пячэрскага лесапарку.

“Прынятае было рашэньне навукова-мэтадычнай рады Міністэрства культуры. Аднагалосна рада прагаласавала за тое, каб гэта здарылася. Там фундамэнт толькі застаўся ад таго будынка дзевятнаццатага стагодзьдзя. Ён некалькі разоў перабудоўваўся. Таму не ўяўляе зь сябе ніякай архітэктурнай і гістарычнай каштоўнасьці”, — паведаміў супрацоўнік управы культуры Магілёўскага аблвыканкаму.

Зьнесены будынак знаходзіўся між праежджай часткай вуліцы Сурганава й будаваным цяпер пасёлкам для сірот “SOS — дзіцячая вёска”. Ёсьць меркаваньні, што ён затуляў з дарогі від на вёску, якую ўзводзяць за грошы замежных інвэстараў.

На месцы старога будынка цяпер не засталася ні цаглінкі, адно пустэча. На заднім пляне відаць будынкі “SOS-дзіцячая вёска”.

Так выглядаў будынак сёлета ўвесну. Фота з community.livejournal.com/mahiliou.

Меркаваньне актывіста незарэгістраванага руху “Рушэньне” Валадара Цурпанава:

Гэта робіцца, каб умацаваць перакананьне, што нібыта ўсё вартаснае можа ствараць толькі цяперашняя ўлада.
“Гэта робіцца толькі дзеля таго, каб умацаваць у люду паспалітага адчуваньне таго, што сёньня ўсё вартаснае — яно зроблена гэтай уладай. Старыя пракаветныя рэчы зруйнуюць, каб не будзілася гістарычная памяць, каб народ не прыгадваў сваіх каранёў”.

Непакоіць актывіста таксама лёс трох будынкаў на кавалку вуліцы Віленскай. Яны таксама помнікі архітэктуры, але цяпер — у заняпадзе. Што будзе зь імі, калі так лёгка зьмяніць статус недатыкальнасьці?

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У рэканструкцыі — адкат назад


Група аўтарытэтных гісторыкаў з Гарадзеншчыны выступіла з адкрытым зваротам да міністра культуры Паўла Латушкі з просьбай зьмяніць на лепшае сытуацыю з захаваньнем гісторыка-культурнай спадчыны.

Болей за ўсё помнікаў архітэктуры Беларусі захавалася на Гарадзеншчыне. Аднак гаворачы пра тое, у якім стане большасьць зь іх знаходзіцца, гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч з жалем зазначае:

“Па-першае, Горадня назаўсёды страціла помнікі прамысловай архітэктуры: млын паравы на вуліцы Васілька, млын на вуліцы Каханоўскага, будынак Гарадзенскай электрастанцыі 1912 году. На дадатак — помнікі канструктывізму, частку гарадзкой забудовы. І больш старажытныя, такія, як, да прыкладу, флігель палаца віцэ-адміністратара на вуліцы Горкага, які адносіцца да пачатку XVIII ст.”

Пра рэканструкцыю гавораць гадамі, але ніхто нічога ня робіць.
Гісторык дадае, што многія з помнікаў архітэктуры — такія, як палац Валовічаў у Сьвяцку, Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне, палац Тызэнгаўза ў Жалудку, а таксама гарадзенская сынагога, Стары замак у Горадні, дом купцоў Мураўёвых і іншыя — знаходзяцца ў жудасным стане, пра іх рэканструкцыю гавораць гадамі, але ніхто нічога ня робіць.

Але яшчэ болей яго хвалюе тое, што многія помнікі архітэктуры на Гарадзеншчыне наагул не занесеныя ў рэестар помнікаў гісторыі і не знаходзяцца пад аховай дзяржавы:

“Цэлага шэрагу каштоўных помнікаў няма ў сьпісах ахоўваных дзяржавай. Да прыкладу, у Кашубінцах каля Скідзеля знаходзіцца ўнікальная драўляная сядзіба прыкладна 1860 году і драўляны езуіцкі касьцёл XVIII ст. Яны знаходзяцца на балянсе ў мясцовага калгаса і паціху папросту развальваюцца”.

Шкада, што крызіс не пачаўся раней. Менш бы разбурылі.
Што датычыць аднаўленьня помнікаў архітэктуры на Гарадзеншчыне, гісторык Янка Лялевіч узгадвае так званую рэканструкцыю старой часткі Гародні:

“Старыя аўтэнтычныя камяніцы руйнаваліся дашчэнту, а на іх месцы ў лепшым выпадку ўзводзіліся копіі таго, што стаяла. Мы прыйшлі да такой высновы: шкада, што эканамічны крызіс не пачаўся раней на гады чатыры. Бо цяпер, за апошні год, у горадзе нічога істотна не рэканструюецца, а значыць, не руйнуецца”.

Андрэй Вашкевіч дадае, што за апошнія гады ў пляне захаваньня гістарычнай спадчыны ня толькі на Гарадзеншчыне, але наагул ва ўсёй Беларусі адчуваецца значны адкат назад:

“Гэта зьвязана ў першую чаргу з тым, што ніякіх сур’ёзных інстытуцый, якія б займаліся вывучэньнем помнікаў і іх аднаўленьнем, у краіне папросту ўжо не існуе. Няма неабходных інстытуцый, кадраў, навукоўцаў, існуе нешта паасобку раскіданае. І ў параўнаньні з тым, што было на пачатку 90-х, — гэта значны адкат назад”.


Палац у Сьвяцку

Праваслаўная царква супраць Каліноўскага — значыцца, помніка ня будзе


Тым часам на Гарадзеншчыне зьявіліся наступныя помнікі: Францішку Багушэвічу — у Смаргоні, Елісею Лаўрышаўскаму — у Наваградку і ўдзельнікам савецка-аўганскай вайны — у Сьвіслачы, з надпісам: “Салдатам неабвешчанай вайны”.

Помнікі буйным гістарычным постацям ня супраць паставіць мясцовыя ўлады ў Лідзе і Наваградку. Больш актыўныя ў гэтым сэнсе наваградцы, яны спыніліся на вялікім князі Міндоўгу. Аднак старшыня Гарадзенскай абласной арганізацыі Саюзу мастакоў Аляксандар Анціпін лічыць, што ў гэтым разе абавязкова трэба абвясьціць конкурс. Сам спадар Анціпін, дарэчы, таксама скульптар:

“Конкурс мае на мэце палепшыць працу, каб не была яна чыста заказной. Але заказчык усё роўна мае права выбіраць, яго слова — вырашальнае: як ён скажа, так і будзе. Але ўвогуле конкурс робіцца дзеля адбору лепшых працаў”.

Забудзьце пакуль пра помнік Гедыміну — грошай няма.
Што тычыцца задумы паставіць конную статую вялікага князя Гедыміна каля лідзкага замка, то сытуацыя такая:

Анціпін: “Той жа самы ў Лідзе помнік Гедыміну, я пытаўся ва ўправе культуры, мне сказалі — забудзьцеся пакуль што на нейкі час, таму што грошай няма”.

Дваццаць гадоў мінула, як была прынята ўрадавая пастанова пра помнік Кастусю Каліноўскаму ў Горадні. Але ні яму, ні многім іншым славутым асобам помнікі не паставяць, лічыць гарадзенскі мастак-рэстаўратар Уладзімір Кіслы.

Кіслы: “Помнікаў у нас трэба сотню паставіць. Я не кажу ўжо пра агульнанацыянальных герояў, а толькі пра тых, якія тут жылі і працавалі і перажывалі за гэты край. Што датычыць Каліноўскага, яму помнік дакладна не паставяць, таму што кампанія праваслаўнай царквы праводзіцца. Каліноўскі падаецца як злачынец, каторы парушаў дзяржаўны лад. Вось у мяне вісіць у майстэрні партрэт Каліноўскага, зайшоў бацюшка: але ж, “мерзавец” ён быў. Я кажу: гэта чаму ж, таму што бароды бацюшкам галіў? Ты ж сам цяпер без барады ходзіш!”


Шэсьць гадоў не выконваецца рашэньне гарадзкіх уладаў Горадні наконт мэмарыяльнай шыльды Васілю Быкаву.


Кіслы: “Паколькі Быкаў не падтрымаў рэжым, ні дошку, ні помнік пакуль што яму ня зробяць. А многа каму трэба было паставіць — Браніславу Тарашкевічу, Вітаўту. Але пры гэтай уладзе, мне здаецца, гэта нерэальна, не зацьвердзяць. Нават каб скульптар ахвяраваў сваю працу, калі ёсьць ідэалягічны сумнеў, то не паставяць. Грошы на помнікі заўжды маглі б знайсьціся, на рамонт фасадаў выдаткоўваюць ня столькі. Я думаю, справа ўпіраецца ня ў грошы, а ў ідэалёгію. А калі біцца за гэта, то гэта будзе бясконца цягнуцца. Што ўжо казаць, калі Дранец у Менску помнік Скарыну гадоў пятнаццаць, мусіць, ня мог паставіць?”

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Жыхары Берасьця патрабуюць ад улады перагляду канцэпцыі помніка ў гонар 1000-годзьдзя гораду


У Берасьці да сёньня здараюцца непрыемнасьці вакол заснаванага мясцовай уладай помніка ў гонар 1000-годзьдзя гораду. Пакуль так і не вярнулася зь пераплаўкі шыльда з надпісамі, на якой было знойдзена 75 граматычных памылак. Няма вакол помніка гранітных слупкоў агароджы. Іх зьбіў няўдалы кіроўца аўтамабіля. Увогуле, пра прыдатнасьць гэтага помніка спрачаюцца жыхары, краязнаўцы, гісторыкі.

Берасьцеец Сяргей Вакуленка адным зь першых пералічыў на будаўніцтва гэтага помніка асабістыя грошы. Ахвярадаўца кажа, што жадаў увекавечыць памяць пра сьвятара Афанасія Філіповіча і князя ВКЛ Ягайлу. Скульптуры гэтых герояў Бацькаўшчыны былі ў праекце, але на помніку не ўвасоблены.

Шыльды абяцалі выправіць у кастрычніку, але і ў лістападзе нічога не зьмянілася.
Крыўдуе спадар Вакуленка на чыноўнікаў Берасьцейскага гарвыканкаму:

“Да сёньня помнік застаецца, якім яны яго прыдумалі. Шыльды з надпісам прыбралі і казалі, што да сярэдзіны кастрычніка помнік будзе гатовы, але вось ужо маем лістапад, ды нічога не зьмянілася”.

Берасьцейцы, якія ня згодныя з праўладным праектам помніка, ладзяць вулічныя дыспуты і нават пікеты пратэсту. У жніўні за гэта быў арыштаваны актывіст апазыцыі Міхаіл Ільін. Ён тлумачыць:

“Я прымаў удзел у пікеце, таму што кампазыцыя помніка — гэта выява савецкіх салдатаў і калгаснай працаўніцы. Гэтая безгустоўнасьць мяне моцна засмучае. На мой погляд, сапраўдны помнік Берасьцю павінен мець выяву Ягайлы, як і плянавалася адразу”.


Да гістарычнай даты яшчэ 10 гадоў. Застаецца час выправіць памылкі.


У 2019 годзе Берасьце адзначыць 1000 гадоў сваёй гісторыі. Да гэтай даты яшчэ дзесяць гадоў, а таму, як даводзіць берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк, цяпер уладзе трэба не ігнараваць думку грамадзкасьці, а арганізаваць шырокае абмеркаваньне. У прыватнасьці, Раман Кісьляк удакладняе сваю пазыцыю:

“Не спадабалася, што ўлады паддаліся ўплыву адной з канфэсій. Помнік павінен быць міжканфэсійным”.

Трох’ярусны манумэнт у Берасьці ўсталяваны на скрыжаваньні вуліц Савецкай і Гогаля.

Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пісьмова зьвярнулася ў Берасьцейскі аблвыканкам з просьбай яшчэ раз абмеркаваць праект помніка. Экспэрты таварыства лічаць, што і месца ўсталяваньня помніка супярэчыць патрабаваньням артыкулаў 29, 32 і 43 Закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Помнік цяпер перакрывае пэрспэктыўны агляд вуліцы Савецкай (раней — Мільённая, Паліцэйская, імя маёра Ежы Дамброўскага).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG