Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ўвечары спэцыяльная рабочая група дэпутатаў Нацыянальнага сходу Беларусі адлятае ў Грузію, Абхазію і Паўднёвую Асэтыю. Мэта паездкі — вывучэньне сытуацыі ў гэтых рэгіёнах. Падстава — зварот парлямэнтаў Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі да Нацыянальнага сходу Беларусі з просьбаю прызнаць сувэрэнітэт і незалежнасьць гэтых самаабвешчаных дзяржаўных утварэньняў.

У складзе спэцыяльнай групы 12 дэпутатаў. Палова зь іх накіруецца ў Тбілісі, а яшчэ па тры чалавекі — у Сухумі і Цхінвалі. Каардынатар групы — старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Сяргей Маскевіч. Ён ляціць у Грузію.

Сёньня ў размове са “Свабодай” спадар Маскевіч адзначыў: беларускія дэпутаты найперш будуць кантактаваць са сваімі калегамі.

Сяргей Маскевіч
“У нас такая рабочая паездка, а не публічная. Мы едзем згодна з канкрэтнымі дамоўленасьцямі з парлямэнтамі, з групай супрацоўніцтва зь Беларусьсю”.

Кіраўнік групы пацьвердзіў, што пасьля вяртаньня дэпутаты зьбіраюцца наведаць і Дзяржаўную думу, каб пачуць, што думаюць пра сытуацыю ў каўкаскім рэгіёне расейскія калегі.

А вось на пытаньне, калі Палата прадстаўнікоў будзе разглядаць зварот з Сухумі і Цхінвалі, старшыня групы дакладнага адказу ня даў:

“Тут я не магу нават спрагназаваць”.

Карэспандэнт: “Фактычна да канца сэсіі толькі сьнежань застаецца”.

“Ну, можа, і ў сьнежні”.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі вылучае тры аспэкты паездак беларускіх дэпутатаў:

Раман Якаўлеўскі
“Па-першае, трэба адзначыць, што без дазволу Лукашэнкі яны ніколі б там не апынуліся.

Па-другое, яны кажуць, што едуць вывучаць сытуацыю. Дык я б ім параіў: хай бы яны лепш вывучалі меркаваньні сваіх выбарцаў наконт пабудовы ў Беларусі атамнай станцыі. Гэта для беларускіх выбарцаў куды больш актуальна, чым прызнаньне незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.

І трэцяе — гэта яшчэ адзін сродак працягнуць юрыдычнае прызнаньне Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. І ня болей. А калі прызнаньне адбудзецца, ня ведае ніхто, акрамя самога Лукашэнкі”.

Візыт беларускіх дэпутатаў скончыцца 20-га лістапада.

Дагэтуль незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі прызналі толькі Расея, Нікарагуа і Вэнэсуэла.
XS
SM
MD
LG