Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле справаздачы расейскага канцэрну “Газпром”, запазычанасьць з боку Беларусі за пастаўленае ў І паўгодзьдзі паліва склала блізу 166 мільёнаў даляраў. Многія беларускія спажыўцы ня здольныя своечасова разьлічвацца за газ. У “Белтрансгазе” ўстрымліваюцца ад камэнтароў пра рост запазычанасьці.

Згодна з пагадненьнем паміж “Газпромам” і “Белтрансгазам”, у формуле кошту газу для Беларусі вызначаны паніжальны каэфіцыент на 2008—2010 гады. Цяпер усярэднены паказьнік складае 115 даляраў за тысячу кубамэтраў. У першым паўгодзьдзі кошт газу быў 250 даляраў за тысячу кубамэтраў, а да канца 2009-га мусіць апусьціцца да 100 даляраў. Сярэднегадавы кошт складзе блізу 150 даляраў за тысячу кубамэтраў.

Аднак нават ільготны рэжым непад’ёмны для беларускага боку. У надрукаванай справаздачы канцэрну “Газпром” паведамляецца: запазычанасьць Менску перад Масквой наблізілася да 166 мільёнаў даляраў. Пры тым, што ад 2007 году дзейнічае кантракт, у якім прадугледжанае паступовае падвышэньне коштаў да рынкавага ўзроўню, пэрспэктывы неплацяжоў абвастраюцца. У “Белтрансгазе” даўгі Маскве не камэнтуюць. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы прадпрыемства Ўладзімер Чэкаў:

“У мяне пакуль што няма распараджэньняў камэнтаваць якіясьці лічбы. Да таго ж, я зараз у ад’езьдзе і тым больш не ўпаўнаважаны на нейкія заявы”.

Эканаміст Станіслаў Гусак лічыць, што да канца году газавыя адносіны паміж Менскам і Масквой з эканамічнай плоскасьці традыцыйна пяройдуць у палітычную. Але, на думку экспэрта, ніякай палёгкі кіраўніцтву Беларусі чакаць ня варта, бо ў цяперашніх умовах экспартныя пастаўкі для Расеі — асноўная крыніца прыбыткаў у бюджэт:

Станіслаў Гусак
“Справа ў тым, што Расея таксама ня вечная. І Расея гэтаксама праводзіць зараз палітыку жорсткай эканоміі: навокал, дзе толькі можна ўжываць вугаль, паляць вугаль. І толькі там, дзе вугаль адаптаваць немагчыма, паляць нафту ці газ. Вырашана, што газ на 90% будуць пасылаць у Эўропу, бо эўрапейскія спажыўцы на гэты момант гатовыя плаціць за газ — то бок, толькі з газу можна атрымаць такія велізарныя грошы. І ўжо потым разглядаюцца прыбыткі за нафту, і ў самым канцы — за вугаль. Іншымі словамі, самі расейцы цяпер сябе па максымуме саджаюць на вугаль, а ўжо тое, што застанецца, будуць даваць нам”.

Экспэрт у энэргетычнай галіне Валянцін Мацкевіч нагадвае: сёлета Расеі ўдалося “адвязаць” газавыя цэны ад нафтавых. Па сутнасьці, зьявілася магчымасьць дыктаваць на сусьветным рынку адвольныя кошты, карыстаючыся гатоўнасьцю шэрагу краінаў плаціць па любых рахунках:
Расею ў гэтым “сувэрэнітэце” іх падтрымліваюць заходнія краіны ...

“Сутнасьць у тым, што Расея здолела адвязацца з коштам на газ ад астатніх энэрганосьбітаў. Фактычна за апошнія гады, калі расейскае кіраўніцтва заяўляла, што цэнаўтварэньне завязанае на сусьветны кошт нафты, яны здолелі ад нафты, якая катастрафічна патаньнела, адвязацца. І ў гэтым “сувэрэнітэце” іх падтрымліваюць заходнія краіны, якія могуць за газ заплаціць нашмат болей. Фактычна гэта Нямеччына, іншыя заходнеэўрапейскія краіны, часткова нават Польшча. Яны пагаджаюцца плаціць па высокіх расцэнках, уздымаючы кошт на газ і для астатніх”.

Хоць кошт газу для Беларусі вызначаны міждзяржаўнымі кантрактамі, беларускі бок ня супраць пазмагацца за зьніжкі. На інвэстыцыйным форуме ў Менску прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў: на эўрапейскім рынку адзначаецца падзеньне коштаў на газ, тады як для Беларусі цана падвышалася цягам апошніх трох гадоў. Кіраўнік ураду зьдзіўлены: чаму для Беларусі ў 2010 годзе кошт газу мусіць расьці, калі ў Эўропе ён падае? Пры гэтым Сідорскі ўвязвае неабходнасьць перагляду дамоўленасьцяў з умовамі прыватызацыі “Газпромам” “Белтрансгазу”. Праўда, экспэрты нагадваюць: цана газу для Беларусі ў разы меншая, чым для іншых спажыўцоў. У 2007 годзе кошт складаў усяго 100 даляраў за тысячу кубамэтраў, з 2008-га ён разьлічваецца штоквартальна. Паводле папярэдніх разьлікаў, у 2010 годзе сярэдні паказьнік будзе 170 даляраў.

Між тым кіраўнік “Газпрома” Аляксей Мілер яшчэ ў кастрычніку зазначыў: цана на газ для Беларусі будзе падвышацца ў адпаведнасьці з кантрактам, які прадугледжвае паэтапны рост коштаў. І гэты кантракт беларускі бок мусіць выконваць у поўным аб’ёме.



На мінулым тыдні прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін закрануў тэму транзыту расейскага газу заходнім спажыўцам. І патлумачыў, хто адкажа за магчымы зрыў у пастаўках газу краінам Заходняй Эўропы. Пры выкананьні краінамі-транзытэрамі кантрактных абавязкаў праблем з пастаўкамі ня будзе. Аднак Расея неадкладна скароціць падачу ў выпадку яго несанкцыянаванага адбору. Відавочна, гэта тычыцца і Беларусі, празь якую газаправодам “Ямал-Эўропа” газ скіроўваецца ў Польшчу. “Газпром” неаднаразова ініцыяваў магчымасьць спыненьня паставак газу ў Беларусь з-за хранічнай запазычанасьці беларускага боку ў аплаце за спажытае паліва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG