Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі цынізм і карупцыя ў палітыцы пагражаюць дэмакратыі ў Эўропе. Пра гэта гаварылі на міжнароднай канфэрэнцыі ў Празе, прысьвечанай 20-годзьдзю дэмакратычных рэвалюцый у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе ў 1989 годзе.


Канфэрэнцыя "Свабода і яе праціўнікі" была арганізаваная Фондам, які ўзначальвае былы прэзыдэнт Чэхіі Вацлаў Гавэл.

Пасьля краху камунізму людзі сталі больш свабоднымі, сказаў францускі палітоляг Жак Рупнік.

"У нас ёсьць свабода, калі людзі адчуваюць, што дзяржава менш умешваецца ў іх жыцьцё, аднак яны маюць вельмі мала ўплыву на ўрад і грамадзкія справы".

Паводле Рупніка, у спадчыну ад камунізму засталася ідэя, што "дзяржава зьяўляецца ворагам свабоды", якая зрабіла ўсходніх эўрапейцаў абыякавымі да палітыкі. Гэта, як ён сказаў, дазволіла палітыкам выкарыстоўваць "свабодны рынак", як кодавае слова для "рабаваньня і нястрымнай хцівасьці". Цяпер, як кажа Рупнік , палітычныя лідэры пачалі выкарыстоўваць "мову свабоды, калі адкідваюць грамадзянскую супольнасьць і вяршэнства закону":


"Таму мы маем дэмакратычную абалонку, інстытуцыйную абалонку, але яна пустая, сутнасьць вычышчаная. Так, мы стварылі рынкавую эканоміку, але яна знаходзіцца ў крызісе".

Адам Міхнік, рэдактар польскай "Газэты выборчай", пагаджаецца з тым, што ўсходнеэўрапейскія дзяржавы "полыя" з пункту гледжаньня лібэральных каштоўнасьцяў. Аднак ён сказаў, што аўтарытарныя рэжымы на Кубе, у Іране і Расеі наводзяць яго на думку, што гэтыя пустэчы могуць быць запоўненыя іншым, што таксама пагражае Эўропе.

"Што ёсьць пасткай у свабодзе? Я лічу, што гэта карупцыя, якая зьяўляецца сталай часткай дзяржаўнай структуры".

Міхнік прывёў прыклад расейскага аўтарытарнага прэм’ер-міністра Ўладзімера Пуціна, які выкарыстоўвае лёзунгі "сувэрэннай дэмакратыі", каб апраўдаць увядзеньне сваіх правілаў у краіне.

Расейскі палітычны аналітык Андрэй Піянткоўскі кажа пра "вялікае і шырока распаўсюджанае" неразуменьне Расеі на Захадзе. Паводле яго, "расейская сыстэма разьвіваецца не ў кірунку постіндустрыяльнага адкрытага грамадзтва, а ў бок фэадалізму”. Піянткоўскі папярэджвае, што эўрапейскія краіны, якія сутыкаюцца з расейскімі энэргетычнымі кампаніямі, маюць рызыку падмануць свае ўласныя народы.

Ён таксама згадаў спробы прэзыдэнта ЗША Барака Абамы "перазагрузіць" адносіны з Расеяй. Паводле палітоляга, гэтая палітыка не акажа ніякага ўплыву, і расейскія лідэры ўсё роўна будуць ганіць Захад як пагрозу для Расеі з мэтай апраўдаць свой "рэжым клептакратыі":

"І ніякія перазагрузкі ня зьменяць гэтага. Яны заўсёды будуць мець патрэбу ў Захадзе ў якасьці ворага. Асабліва жорсткія напады былі ў дачыненьні да суседзяў Расеі, якія выбралі эўрапейскі шлях разьвіцьця, якія абралі шлях да свабоды: Грузіі і Ўкраіны".

Лепшым спосабам дапамагчы Расеі Піянткоўскі лічыць падтрымку дэмакратыі ў Грузіі і ва Ўкраіне. Але гэта, сказаў ён, цяпер заблякавана "глупствам эўрапейскіх інстытутаў".

Брытанскі драматург Том Стопард папярэдзіў, што грамадзкая абыякавасьць пагражае паступовым зьнішчэньнем дэмакратыі ня толькі ў краінах былога савецкага блёку, а таксама і ў некаторых з найстарэйшых дэмакратый, такіх як Вялікая Брытанія:


Паводле Стопарда, людзі павінны змагацца з ростам аўтарытарнай ўлады з "пачуцьцём адказнасьці ў дачыненьні да сваіх суседзяў".



Брытанскі гісторык Тымаці Гартан Эш падсумоўвае: пасьля 1989 году ў посткамуністычнай Ўсходняй Эўропе хуткасьць рэформаў перавагае над зьместам.

"Я добра памятаю, як пасьля 1989 году мы мелі нібыта Сьвятую Тройцу. Мы заўсёды казалі: "дэмакратыя, рынкавая эканоміка і грамадзянская супольнасьць ". І гэта было абсалютна слушна, але тады не хапала аднаго пункту, які рабіў бы відавочны акцэнт на вяршэнстве закону".

Паводле Гартана Эша, вынікам гэтага стала тое, што карупцыя сёньня "атручаная паветрам свабоды".

І аднаўленьне вяршэнства закону, лічыць ён, зьяўляецца адной з ключавых задачаў, якія стаяць сёньня перад Усходняй Эўропай.
XS
SM
MD
LG