Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Козік выступіў у Брусэлі за танныя шэнгенскія візы


Леанід Козік

Леанід Козік

На пасяджэньні Форуму грамадзянскай супольнасьці ў рамках "Усходняга партнэрства", які адкрыўся ўчора ў Бруселі, выступіў старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік.

Ён прапанаваў разгледзець пытаньне аб зьніжэньні кошту шэнгенскіх віз для беларусаў і грамадзян іншых краін-удзельніц Усходняга партнэрства, а потым перайсьці да пытаньня аб іх адмене, -- паведамляе БелаПАН.

Прапанову актыўна падтрымалі прадстаўнікі Ўкраіны, Грузіі, Малдовы. Прынятае рашэньне аформіць гэтую прапанову і перадаць яе на разгляд у адпаведную камісію.

Рашэньні, ухваленыя ў рамках форуму, носяць рэкамэндацыйны характар.

Форум завершыць сваю работу 17 лістапада. Ад Беларусі на форум запрошаныя прадстаўнікі 27 арганізацый, сярод іх – Рух "За Свабоду", "Хартыя'97", Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларуская асамблея няўрадавых арганізацый.

Ад Эўразьвязу ў форуме ўдзельнічаюць кіраўнік МЗС Швэцыі Карл Більт, эўракамісар па зьнешніх сувязях і эўрапейскай палітыцы суседзтва Бэніта Фэрэра-Вальднэр і старшыня Сацыяльна-эканамічнага камітэта ЭЗ Марыё Сэпі.

Асноўная мэта Форуму грамадзянскай супольнасьці — аблягчэньне дыялёгу і супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці і ўрадамі краін — удзельніц Усходняга партнэрства, садзейнічаньне ў рэалізацыі праграмы.
XS
SM
MD
LG