Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь — на ўскрайку гуманітарнай катастрофы”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы разважаюць пра маючыя адбыцца выбары, дзеляцца думкамі пра нібыта падвышаныя пэнсіі, згадваюць пра чарговы дзень салідарнасьці.

Слухачы зараз дзень пры дні дзеляцца сваімі развагамі пра маючыя адбыцца выбары. Вось званок спадарыні Чаплінскай.

Спадарыня Чаплінская, Маладэчанскі раён: “Слухачам будзе цікава даведацца, як праходзілі выбары ў польскі Сэйм у 1922 годзе. Лічу, што тэма выбараў актуальная. Апісаў выбары айцец Башлык у сваёй кніжцы “Запіскі сьвяшчэнніка Яўстафія”. Цытую: “Падчас выбараў на выбарчым участку, а пасьля і падчас ускрыцьця урны і падліку галасоў прысутнічалі прадстаўнікі розных партый, якія строга пільнавалі, каб не было махлярства з чыйгосьці боку. Пасьля падліку галасоў пад актам падпісваліся і прысутныя падчас галасаваньня і падліку галасоў прадстаўнікі розных партый”.

А што адбываецца падчас цяперашніх беларускіх выбараў?

Спадар: “У кожным раёне старшынь сельсаветаў выбіраюць людзі. Сакратароў сельсаветаў прызначаюць з райвыканкаму. Падчас выбараў у сельсаветах заўсёды адна ўчастковая выбарчая камісія. Сакратаром заўсёды прызначаюць іх, любых нашых сакратароў сельсаветаў. Яны пасадай адказваюць перад райвыканкамам. Абавязкова ў гэтыя камісіі прызначаюць аднаго прадстаўніка раённых структур — гэта наглядальнік. Вось гэтыя людзі і зьяўляюцца галоўнымі фальсыфікатарамі на выбарах. Датэрміновае галасаваньне — гэта лазейка, каб зрабіць фальсыфікацыю. Таму не павінна яго быць. Як жа зрабіць выбары дэмакратычнымі? Я прапаную проста гэты закон адмяніць. А вярнуць назад той закон, які дзейнічаў падчас выбараў, калі выбіраўся першы прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка”.

Гэтымі днямі людзі атрымалі шырока разрэклямаваную ўладамі нібыта падвышаную пэнсію. Ніна Ермалінская параўноўвае яе з коштам камунальных паслугаў.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Добры вечар шаноўнаму спадарству! Улады павялічылі пэнсіі пэнсіянэрам на мізэрную суму. А калі прыйшлі квіткі плаціць за камунальныя паслугі, то многія зь іх жахнуліся: адабралі значна больш, чым далі. Такая ў нас лібэралізацыя па-лукашэнкаўску”.

Спадарыня Ларыса лічыць, што на годную падтрымку пэнсіянэраў грошы ў дзяржавы ёсьць.

Ларыса, Менск: “Мы шмат чаго зрабілі. Дайце прыстойную пэнсію. Сродкі павінны быць, калі атрымалі такія грошы ў выглядзе крэдытаў”.

Сёньня — дзень салідарнасьці з рэпрэсаванымі. Званок спадара Зіноўева.

Спадар Зіноўеў: “У дзень салідарнасьці хацелася б выразіць недавер сьледзтву па справе Аўтуховіча. Стала зразумела, што яму няма чаго прад’явіць з боку абвінавачаньня. Яго трэба выпускаць, але яны ня хочуць гэтага рабіць, бо ўжо такі канфуз”.

І напрыканцы — згадка пра грып.

Спадар: “Беларусь знаходзіцца на ўскрайку гуманітарнай катастрофы ў сувязі з гэтым грыпам. Краіна зачыненая, нават на захадзе людзі ня ведаюць, што адбываецца. Людзкая культура на вельмі нізкім узроўні. Не надзяюць маскі. Яны так выхаваныя, што ня трэба думаць ні пра сябе, ні пра іншых. Лічыце, што горшае ў нас, мабыць, наперадзе”.

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — дзіцячы пэдыятар з Асіповічаў Тацяна Барэль.

Тацяна Барэль
Тацяна Барэль: “Напрыклад, тры тыдні таму прывезьлі прышчэпкі. Аднак я б не сказала, што людзі ў нас ну проста ляцяць прышчапляцца супраць сэзоннага грыпу. Чым усё гэта патлумачыць? Ведаеце, адказ просты і сумны: абыякавасьць квітнее… Што там грып, калі бацькі нават ведаюць пра пэўныя хранічныя захворваньні ці, скажам, пацьверджаны кардыяхірургамі парок сэрца — прычым лекары настойліва рэкамэндуюць як мага хутчэй рабіць апэрацыі, а дарослыя — цягнуць, адкладаюць, марудзяць, спадзяюцца хіба на “авось”? А наконт гастрыту там ці нечага падобнага наагул не зьвяртаюцца па дапамогу! Паўтару: абыякавасьць людзей да ўласнага здароўя расьце з году ў год”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG