Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінгерыс: «Нас відавочна прыніжаюць»

  • Тацяна Поклад

Сёньня міністэрства замежных спраў Літвы выклікала амбасадара Беларусі у Літве Ўладзімера Дражына для тлумачэньняў, чаму літоўскі дэпутат Эмануэліс Зінгерыс не атрымаў візу у Беларусь.


Парлямэнтар, вядомы сваёй актыўнасьцю у падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі, Эмануэліс Зінгерыс, быў дэлегаваны кіраўніцтвам Сойму Літвы у Беларусь, каб прачытаць прывітальнае слова сьпікера літоўскага парлямэнта Ірэны Дзегуцене на Эўрапейскім форуме 14 лістапада.

У часе размовы з амбасадарам віцэ-міністар літоўскага МЗС Эвалдас Ігнатавічус выказаў шкадаваньне, што Э.Зінгерэсу не была выдадзеная віза і адзначыў, што гэта не адпавядае практыцы дабрасуседзкіх дачыненьняў.

Э.Зінгерыс сказаў сёньня радыё Свабода, што ніякага адказу ці тлумачэньняў пасьля гэтага з беларускага боку не было:

«Гэта ужо ня першы раз, калі мяне не ўпускаюць. Ніякага адказу з амбасады не было. Яны відавочна прыніжаюць нас. Паперы былі пададзеныя яшчэ ў мінулы аўторак, але нас прымусілі чакаць да 8 вечара пятніцы. Нам сказалі, што гэта вырашалася на вельмі высокім узроўні. Вырашала нібыта адміністрацыя прэзыдэнта. Яны папросту выкарысталі магчымасьць прынізіць дэмакратычную краіну, пра што і заявіла сёньня нашае МЗС.»

Э.Зінгерыс мяркуе, што паўплывала яго дзейнасьць у Радзе Эўропы — ён зьяўляецца кіраўніком літоўскай дэлегацыі ў Парлямэнцкай асамблеі.

«Я заўсёды вельмі ясна выказваў сваё меркаваньне, заяўляў, што беларускі парлямэнт нелегальна абраны , што справы палітвязьняў павінны быць высьветленыя, выбарчае заканадаўства дэмакратызавана і СМІ ў Беларусі павінны мець свабоду. Напэўна, гэтая яснасьць маёй пазыцыі і не падабаецца».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG