Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Не заўсёды зразумела, чым пры пнэўманіі можна эфэктыўна дапамагчы”


16 лістапада на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя зьявіўся чарговы прэс-рэліз, у якім фігуруе лічба, што “за пэрыяд маніторынгу, з траўня 2009 году, у Беларусі зарэгістравана 165 выпадкаў захворваньня на пандэмічны грып A/H1N1”.

Гэтая лічба не мяняецца з 10 лістапада. А вось 5 лістапада Мінздраў даваў лічбу 85 выпадкаў “сьвінога” грыпу. То бок за 5 дзён, з 5-га да 10-га, зарэгістравана 80 новых выпадкаў захворваньня, а за наступныя 6 дзён — ніводнага.

Міністэрства аховы здароўя рапартуе, што ад 10 лістапада ў Беларусі “адзначаецца значнае скарачэньне зваротаў з нагоды вострых рэсьпіраторных і вірусных інфэкцый...” У той жа час людзі працягваюць паміраць. На мінулым тыдні ў чацьвёртым шпіталі сталіцы памёр туркмэнскі студэнт. Пра гэта распавёў наш калега, карэспандэнт туркмэнскай службы Радыё Свабода Мурад:

“Ён студэнт, вучыўся на першым курсе мэдычнага ўнівэрсытэту. Ён захварэў і літаральна за тыдзень “згарэў”. Ягоныя калегі-студэнты кажуць, што ад сьвінога грыпу, іншыя — ад пнэўманіі. Ні амбасада не дапамагла, ніхто не дапамог, студэнты скінуліся, каб адправіць цела на радзіму”.

Тое, што сёлета пнэўманія вельмі цяжка паддаецца лячэньню, пацьвярджаюць і мэдыкі. Кандыдат мэдычных навук, выкладчык Беларускай мэдычнай акадэміі пасьлядыплёмнай адукацыі, лекар-інфэкцыяніст Мікалай Галабародзька кажа:

“Зараз сапраўды шмат цяжкіх пнэўманій, і сапраўды яны не такія тыповыя, як у іншыя гады. Ёсьць праблема мэдычная, і тое, што раней такога не было, гэта праўда. Ёсьць пэўныя моманты, якія на ўзроўні мэдычнай супольнасьці ня вельмі зразумелыя. Не заўсёды зразумела, чым можна эфэктыўна дапамагчы”.

Лекар Мікола Галабародзька запэўніў, што ў шпіталях лекаў хапае, апаратаў для вэнтыляваньня лёгкіх таксама для хворых дастаткова.

А вось з прышчэпкамі супраць грыпу — праблема. Афіцыйна бясплатная вакцынацыя скончылася, у камэрцыйных мэдычных установах вакцыны няма — абяцаюць цягам некалькіх тыдняў падвезьці. Гэты дэфіцыт у сваіх мэтах выкарыстоўваюць страхавыя кампаніі, паведамляе “Наша Ніва”. У прыватнасьці, “Купала” прапануе бясплатную прышчэпку імпартнай вакцынай супраць грыпу пры заключэньні дамовы страхаваньня на выпадак часовай страты працаздольнасьці, у тым ліку і пры захворваньні на грып.

Ва ўсім сьвеце набывае папулярнасьць вакцына супраць пнэўмакокавай інфэкцыі “Пнэўма 23” францускай фармацэўтычнай кампаніі Aventus Pasteur, якая абараняе ад 23 найбольш распаўсюджаных тыпаў пнэўмакокаў. Вось меркаваньне прафэсіянала, лекара-інфэкцыяніста Мікалая Галабародзькі:

“У тых краінах, якія багацейшыя, у іх пнэўмакокавая вакцына стаіць у календары — то бок прышчапляюць усіх дзяцей. У нас заўсёды гэта робіцца, калі смажаны певень дзюбне. Тое, што гэта вакцына патрэбная, тое, што большасьць бактэрыяльных паталёгій выклікаецца пнэўмакокам і гемафільнай палачкай, ведаюць усе мэдыкі. Ёсьць вакцына ад гемафільнай інфэкцыі, і ў Менску яна зараз у календары, дзеці прышчапляюцца (у астатніх рэгіёнах пакуль не). Другая вакцына на падыходзе, якую, пэўна, трэба думаць, як шырэй прышчапляць — гэта супраць пнэўмакоку. Таму раілі і раім прышчапляць. Па-першае, дзяцей, па-другое, людзей, старэйшых за 65 гадоў”.

У Беларусі бясплатна прышчэпку “Пнэўма 23” ня робяць нават дзецям. У камэрцыйным цэнтры “Нардзін” яна каштуе 87 тысяч рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG