Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля паведамленьня агенцтва Reuters, якое зьявілася на мінулым тыдні, сёньняшняе рашэньне Эўразьвязу адносна Беларусі ўжо не было сюрпрызам: візавыя санкцыі адносна ключавых беларускіх чыноўнікаў захоўваюцца яшчэ на год, але іх прыпыненьне працягнутае яшчэ на 6 месяцаў.

Прычым рашэньню быў нададзены падкрэсьлена руцінны характар – яно было прынятае нарадаю паслоў краінаў Зьвязу.

Так што, фігуральна кажучы, дамоклаў меч санкцыяў ужо даўно не падвешаны над галавою беларускага кіраўніцтва, але яго вырашылі ня выкідаць зусім, а яшчэ пэўны час патрымаць у похве.

Чаму? Гэта своеасаблівая дэманстрацыя афіцыйнаму Менску, што Брусэль лічыць недастатковымі тыя крокі па лібэралізацыі палітычнага жыцьця, якія за справаздачны пэрыяд зрабілі беларускія ўлады.

Чаму Эўропа не спужалася?


У тыдні напярэдадні сёньняшняга пасяджэньня Менск сам прадэманстраваў пэўны набор уласных пернікаў і бізуноў для Брусэлю. Было абвешчана пра істотную рэформу выбарчага заканадаўства, “Эўрапейскае радыё для Беларусі” атрымала акрэдытацыю ў краіне, з вуснаў кіраўніка дзяржавы прагучала абяцаньне выканаць усе 12 умоваў лібэралізацыі, сфармуляваныя Эўразьвязам яшчэ ў лістападзе 2006 году.

З другога боку, было абвешчана пра магчымасьць разгляду на гэтай сэсіі палаты прадстаўнікоў пытаньня аб прызнаньні незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімер Макей заявіў аб прыпыненьні працы кансультацыйнай рады пры ягонай асобе. Пры ўсёй разнавагавасьці гэтых крокаў, усе яны сыгналізавалі аб адным: скасуеце санкцыі – вось які росквіт дэмакратыі ўбачыце, пакінеце – вось зь якімі праблемамі сутыкняцеся, лібэралізацыя – гэта ж як арэлі: можа ісьці наперад, а можа і назад.

Чаму ж Эўропа зрабіла выгляд, што не зразумела гэтых жэстаў? Можа ўсё ж такі Realpolotik, аб’ект праклёнаў часткі беларускай апазыцыі, мае пэўныя межы? Можа і мае. А можа навідавоку з аднаго боку захаваньне Эўропай твару, а з другога – як раз самы што ні на ёсьць Real у сэнсе выкананьня ўзаемных умоваў. Зразумела, што 12 умоваў – гэта пазыцыя запыту, максымум, якога Эўразьвяз хацеў. Але на працягу году, пад шоргат грошай МВФ, якія ліліся ў беларускую казну, былі ўзгодненыя нейкія ўмовы больш сьціплыя і больш канкрэтныя. І яны, гледзячы па ўсім, не былі выкананыя, Менск, як кепскі студэнт, спрабаваў за апошнюю ноч перад іспытам, ліхаманкава вывучыць увесь курс, які ён прагуляў у сэмэстар. У Брусэлі, гэтак жа як і ў Маскве, ня любяць, калі ў абмен на нейкія рэальныя рэчы, прапаноўваюцца адно пацалункі і абяцаньні.

Пакараньне атрымалася досыць пяшчотным, бо на практыцы санкцыі ня дзейнічаюць амаль гэтак жа, як калі б яны былі скасаваныя цалкам. Пры ўсёй сымбалічнасьці рашэньня пра працяг санкцыяў яно – халодны душ ад менскага “галавакружэньня ад посьпехаў”.

Падсаладжэньне горкай пілюлі ці працяг партнэрства?


Акрамя гэта, сёньняшняе рашэньне Эўразьвязу ўтрымлівае і важкі “пернік” для беларускай улады – абвешчана пра пачатак перамоваў па дамове аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Гэта ня нейкая эксклюзіўная пашана, наадварот, гэта тая самая нармалізацыя адносінаў, якой прагне афіцыйны Менск. У адрозьненьні ад Усходняга партнэрства, якое па сутнасьці ёсьць ні што іншае, як пляцоўка для дыялёгу, дамова – умовы канкрэтнага, найперш гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Насамрэч знакамітае пытаньне танных візаў завязанае наўпрост на гэтую дамову, зьніжэньне кошту з 60 эўра магчымае толькі пры наяўнасьці такой дамовы. У 1995 годзе яна была падпісаная Лукашэнкам і эўрапейскім бокам, ратыфікаваная беларускім парлямэнтам. Аднак працэс ратыфікацыі быў спынены. У выніку Беларусь апынулася ў становішчы горшым ня толькі за Ўкраіну, але і Расею, Казахстан, і Ўзбэкістан, якія зусім ня ўзор дэмакратыі, але падобныя дамовы з Брусэлем маюць.

Сувэрэнная “халодная вайна” і дэманстратыўнае нежаданьне “весьці свой народ за цывілізаваным сьветам” аказваецца дарагім задавальненьнем – цяпер у якасьці перніка даводзіцца атрымліваць тое, што ў свой час больш сьціплыя ў антызаходніцкіх пачуцьцях Карымаў і Назарбаеў атрымлівалі ў “парадку жывой чаргі”.

Дамова – шлях да рэальнага супрацоўніцтва Беларусі з Эўропай і менавіта ў той сфэры, ў якой Менск найбольш зацікаўлены.

У пэўным сэнсе Брусэль ловіць Менск на слове: рэчы сымбалічныя – правы чалавека, дэмакратыя, розная іншая “лухта” ня маюць значэньня, а маюць толькі грошы, інвэстыцыі, гандаль, межы і г.д.? OK, вось грошы, гандаль і межы – у дамове аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Ну а санкцыі – дык яны ж ня дзейнічаюць, чаго на іх увагу зьвяртаць практычным людзям?

Цяпер цікава, якой будзе рэакцыя Менску? Нейкую эскападу нельга выключыць. Хаця хутчэй за ўсё таксама сымбалічную. Наўрад ці Менск можа дазволіць сабе зараз такую раскошу, як весьці свой народ убок ад цывілізаванага сьвету.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG