Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва прапануе зьнізіць кошт шэнгенскіх візаў для беларусаў


Вігаўдас Ушацкас, міністар замежных спраў Літвы

Вігаўдас Ушацкас, міністар замежных спраў Літвы

Міністар замежных спраў Літвы Вігаўдас Ушацкас спадзяецца, што на паседжаньні міністраў замежных спраў краінаў Эўразьвязу ў Брусэлі “будзе прынята важнае рашэньне: пачаць дыялёг зь Беларусьсю па лібэралізацыі візавага рэжыму для ўсіх грамадзян Беларусі”.

“Я таксама спадзяюся, што ў Брусэлі падтрымаюць літоўскую прапанову зьнізіць цану на ўязныя шэнгенскія візы для грамадзян Беларусі з 60 да 35 эўра”, — заявіў кіраўнік літоўскага МЗС.

“Мне хацелася б, каб палітыка санкцыяў у дачыненьні да Беларусі завяршылася як мага хутчэй. На жаль, недастатковы прагрэс у Беларусі ў пытаньнях павагі да правоў чалавека і дэмакратызацыі краіны ўспрымаецца ў краінах Эўразьвязу з заклапочанасьцю, і гэта будзе мець уплыў на рашэньні па санкцыях”, — зазначыў Ушацкас.

Ён дадаў: “Я буду выказвацца за тое, каб дыялёг і супрацоўніцтва зь Беларусьсю працягваліся. Гэта вельмі важна для далейшага збліжэньня Беларусі з ЭЗ”.

“Я хачу яшчэ раз паўтарыць тое, што мы сумесна з калегам, міністрам замежных спраў Італіі Франка Фратыні, напісалі ў артыкуле пра Беларусь месяц таму: “Мы чакаем, што Беларусь пачне адчуваць перавагі кантактаў з Эўропай” (...) Але мы настойваем на тым, што перасьлед людзей за іхныя грамадзянскія і палітычныя перакананьні або публічную дзейнасьць, абмежаваньне свабоды СМІ і недзяржаўных арганізацый павінны застацца ў мінулым”, — адзначыў кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Літвы ў інтэрвію Інтэрфаксу.

“Будучыя выбары павінны адпавядаць прызнаным міжнародных стандартам, вызначаным АБСЭ”, – падкрэсьліў Ушацкас.

Ён таксама адзначыў: “Беларусь павінна паважаць тэрытарыяльную цэласнасьць кожнай з краінаў, у тым ліку Грузіі. (…) Павага да тэрытарыяльнай цэласнасьці іншых дзяржаў — адзін з галоўных прынцыпаў міжнароднай супольнасьці XXI стагодзьдзя”.

Адказваючы на пытаньне пра тое, як можа паўплываць на далейшы дыялёг Беларусі і ЭЗ прызнаньне Менскам незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, Вігаўдас Ушацкас сказаў: “Непрыняцьце ніякага новага рашэньня па гэтым пытаньні — самае пазытыўнае рашэньне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG