Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць “Начной Свабоды” -- колішні кіраўнік “Талакі”, гісторык кіраўнік грамадзкай арганізацыі "Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча" Сяржук Вітушка.

Эфір 13 лістапада.


Ганна Соўсь: 13 лістапад -- міжнародны Дзень сьляпых, усталяваны Міжнароднай арганізацыяй аховы здароў'я. У Беларусі каля 20 тысяч інвалідаў першай і другой групаў — гэта людзі з найбольш сур'ёзнымі формамі захворваньняў. Сяржук, Вы часта бываеце госьцем нашага эфіру, выступаеце з цікавымі прапановамі, ўспамінамі, аналізам сытуацыі, і тыя, хто ня ведаюць вас асабіста, напэўна і не здагадваюцца, што вы калісьці страцілі зрок. Скажыце, калі ласка, якія праблемы сьляпых людзей, людзей з дрэнным зрокам вам падаюцца найгалоўнымі на сёньня?

Сяржук Вітушка: Я вельмі задаволены матэрыяламі Свабоды ў дзень сьляпых, асабліва ранішнім эфірам, дзе госьцем быў старшыня Беларускай арганізацыі сьляпых. І вось у ягонай прамове галоўная праблема прагучала -- сьляпыя хочуць працаваць, хочуць быць патрэбнымі грамадзтву, хочуць працаваць, і зароблены рубель даражэй за ўсе пэнсіі, ільготы, якія нехта дае. Таму, безумоўна, калі грамадзтва, дзяржава дае гэтыя льготы, гэта прыемна, але важна яшчэ вучыць людзей, каб яны самі прымалі актыўны ўдзел у сваім лёсе.
ароблены рубель даражэй за ўсе пэнсіі, ільготы, якія нехта дае
І я б на першае месца паставіў сацыяльную рэабілітацыю, рыхтаваць валантэраў, якія б працавалі са сьляпымі людзьмі і тлумачыць ім, дзе і як можна ўладкавацца. Ці, напрыклад, масажыстам навучыцца працаваць, ці сядзець на тэлефоне, прымаць званкі -- такія работнікі патрэбныя. Я магу са свайго асабістага досьведу параіць, напрыклад, журналісцкая праца даступная сьляпому чалавеку. У многіх радыё і тэлевізіях ёсьць агляд газэт, а я для газэты рабіў агляд радыёперадачаў. Але зноў жа трэба пытацца ў хворых людзей, што ім найперш трэба.

Соўсь:
Я як раз запытаюся Вас. Вы слухаеце Радыё Свабода, а ў нас цяпер вельмі актыўна разьвіваецца інтэрнэт-старонка, што трэба было б зрабіць Свабодзе, каб вы маглі чытаць наш сайт?

Вітушка: Сорамна, але я яшчэ не дайшоў да гэтага, але цяпер у Літве пачаўся такі праект у бібліятэках -- падрыхтавалі спэцыялістаў і запрашаюць невідушчых людзей прыходзіць у бібліятэкі, і там іх навучаюць, як карыстацца электроннай поштай і чытаць інтэрнэт. Я пакуль першую ступень засвоіў, навучыўся працаваць з кампутарам, набіраць тэкст, працаваць з тэкстам, так што пакуль мяне гэта ратуе, але, безумоўна, я зьбіраюся да новага году прайсьці гэтую навуку, і тады змагу быць экспэртам, ці сайт свабоды можна чытаць невідушчаму чалавеку. А гэта вельмі важна -- ўлічваць гэта, каб стваральнікі сайтаў ня толькі фоткі і карцінкі разьмяшчалі, але і думалі пра тое, каб тэкставая інфармацыя была так разьмешчаная, каб сьляпы чалавек мог разабрацца.

Соўсь: Якія невыкарыстаныя раней магчымасьці вы адкрылі ў сябе пасьля таго, як згубілі зрок? Што вы робіць лепш за іншых? Што адчуваеце лепш за іншых?

Вітушка: Бачу сны. Цяпер гэта мая прафэсія... (сьмяецца). Раней, можа, не зьвяртаў увагі, а цяпер да кожнай дробязі. І калі сьняцца каляровыя сны, гэта вельмі ўражвае. Дзякаваць Богу, наплываюць гэтыя ўспаміны...

Соўсь: А які апошні сон запомніўся?

Вітушка: Я раскажу пра адзін сон, які мяне ўразіў. Вось вёска, дзе мая бабуля жыла, шнурам хаты разьмешчаныя, шэрыя такія, а насупраць кожнай хаты гароды такія, і вось вясной, калі іх засаджваюць, яны пачынаюць зелянець, кожны ў розную пару і розным колерам. І вось я бачу гэтыя шнуры гародаў рознакаляровых, рознай ступені зялёнасьці. Я стаю і захапляюся -- сіняе неба, шэрыя хаты і вось гэтыя зялёныя шнуры, такі вясновы пэйзаж перад вачыма так ярка стаў, што я ж так сам парадаваўся.

Калі адзінокі сьляпы чалавек пайшоў у заапарк -- вось гэта страшна, калі цябе няма зь кім пайсьці
А самае галоўнае -- мова. Я і раней шанаваў сваю родную мову, і так стараўся бараніць яе, а цяпер удвая яна мне больш дарагая. Я ўслухоўваюся ў гукі, інтанацыі, раней я дабіваўся нейкага сэнсу праз тое, што напісана. А цяпер мне многае кажуць інтанацыі. Таму вельмі люблю слухаць радыё, і не падабаецца, калі перакладаюць чалавека з расейскай мовы на беларускай, тады губляецца інтанацыя. Вось паслухайце, як наш прэзыдэнт гаворыць перад людзьмі з Беларусі, і як ён гаворыць у Маскве перад Пуціным . Там як нейкі школьнік перад настаўніцай, які правініўся, і так бу-бу-бу, нясьмела, так апраўдываючыся. А тут ён герой, і гэта толькі інтанацыя можа перадаць. Тэкст газэтны гэтага не перадасьць.

Соўсь: Я ўчора была ў праскім заапарку, дык там побач з кожным вальерам разьмешчаная інфармацыя брайлеўскім шрыфтам, і ёсьць магчымасьць націснуць кнопку і пачуць гукі жывёлаў. Што, як вам падаецца, яшчэ варта зрабіць для невідушчых?

Я ўслухоўваюся ў гукі, інтанацыі, раней я дабіваўся нейкага сэнсу праз тое, што напісана. А цяпер мне многае кажуць інтанацыі
Вітушка:
Я скажу, што гэтага рабіць ня трэба. Гэта абсалютна лішняя трата грошай. Трэба вучыць сьляпых людзей, каб яны былі кантактнымі, і гэта нашмат лепей, калі ён пойдзе зь кім-небудзь у гэты заапарк, і той нехта яму патлумачыць словамі і ён пачуе натуральныя гукі зьвяроў. Калі адзінокі сьляпы чалавек пайшоў у заапарк -- вось гэта страшна, калі цябе няма зь кім пайсьці ў заапарк. Я бы найперш арганізоўваў сацыяльную ўзаемадапамогу. Нядаўна мы езьдзілі ў Палангу, там была група з рознымі хваробамі і я пасябраваў з адным чалавекам. які мог ехаць толькі на вазочку. Мы разам удвох ехалі па горадзе, я падпіхаў ягоны вазочак, а ён камандаваў: направа, налева. Цудоўна мы адзін аднаму дапамагалі. Так што вось на гэта трэба зьвяртаць увагу.

Соўсь: Што вы цяпер чытаеце? Ці слухаеце?

Вітушка: Найперш слухаю радыё, гэта ратуе страшэнна. Пераслухаў усю беларускую школьную праграму. Выдавецтва “БелТонМэдыя”, пачало выпускаць беларускія аўдыёкнігі, і гэта для мяне проста выратаваньне. Такіх кнігаў яшчэ мала, на гэта трэба зьвяртаць увагу, яны патрэбныя ня толькі сьляпому, але і відушчыя могуць у дарозе паслухаць, ці ў машыне. Два дыскі “Начной чытанкі”, якія “Свабода” мне прыслала, паслухаў зь вялікім задаваленьнем, пазнаваў галасы сваіх знаёмых сяброў паэтаў. За гэта вам вялікі дзякуй.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG