Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск, праспэкт Незалежнасьці, 47



Шыльда свабоды

Менск, праспэкт Незалежнасьці, 47

Насупраць гэтага дома 26 красавіка 1996 году ў часе Чарнобыльскага шляху адбылося жорсткае сутыкненьне мірных дэманстрантаў зь міліцыяй. Пралілася кроў. Сотні дэманстрантаў былі арыштаваныя.

Ні заяўнікі акцыі Юры Хадыка і Генадзь Карпенка, ні міліцыя не чакалі, што болей як 50 тысяч чалавек 26 красавіка 1996 году возьмуць удзел у мірнай дэманстрацыі, прымеркаванай да 10-годзьдзя чарнобыльскай катастрофы.

Яшчэ многія ўдзельнікі Чарнобыльскага шляху заставаліся на месцы збору ля Акадэміі навук, калі галава жалобнай калёны перайшла плошчу Якуба Коласа. Тут і адбылася раней ня бачаная на вуліцах Менску бойка з мноствам параненых, пралітай на асфальт і бел-чырвона-белыя сьцягі крывёю. Праз гады прафэсар Юры Хадыка перакананы:

“Гэта была, безумоўна, правакацыя міліцыі. Людзей было так многа, што яны запоўнілі ўсю вуліцу. І галава калёны ўперлася ў міліцэйскія аўтамабілі, пастаўленыя ўпоперак дарогі. Некалькі легкавікоў былі перакуленыя. Людзі хлынулі далей, і тут адбылася сутычка зь міліцыянтамі. Вынікам — дзьвесьце чалавек з ранамі зьвярнуліся ў мэдычныя ўстановы. 27 камэраў здымалі шэсьце, але ніводная зь іх не зафіксавала вінаватых”.

Яшчэ некалькі разоў міліцыя й спэцназ у шлемах і са шчытамі перакрывалі шлях калёне. Ля моста на Нямізе адбылася яшчэ адна сутычка. Вялікі мітынг прайшоў ля Палаца спорту. Упершыню там загаварылі пра палітычны Чарнобыль — дыктатуру, здачу незалежнасьці, русыфікацыю.

Затым пачаліся арышты. Некалькі соцень чалавек кінулі ў турмы. Схапілі і ўсё кіраўніцтва БНФ. Супраць Юр’я Хадыкі і Вячаслава Сіўчыка распачалі крымінальную справу, абвінаваціўшы іх у арганізацыі масавых беспарадкаў. Тады ж абодва ў турме на Валадарцы некалькі тыдняў трымалі галадоўку — адну зь першых у часе прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. А празь некалькі дзён пачаліся новыя выступы дэмакратычных сілаў, цяпер — супраць арышту ўдзельнікаў Чарнобыльскага шляху. Тыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю нацыянальнага вызвольнага руху пад красамоўным азначэньнем “Гарачая вясна-96”

Правядзеньне чарнобыльскіх шляхоў кожны год сутыкаецца з супрацьдзеяньнем уладаў, якія іх баяцца, бо, кажа прафэсар Юры Хадыка:

“Чарнобыльскія шляхі ад самага пачатку мелі палітычны характар змаганьня за свабоду. Першая масавая “чарнобыльская” дэманстрацыя ў верасьні 1989 году, якая прайшла па Менску з дазволу ўраду, была ня толькі ў абарону насельніцтва ад радыяцыі, але і супраць таго ўраду, які хаваў праўду пра катастрофу. Гэта ніколі не супрацьпастаўлялася. Канечне, у выступах галоўны націск рабіўся на тое, што ўрад ня робіць захадаў для абароны людзей, для кампэнсацыі стратаў. Але адначасна гэта быў пратэст супраць дзейнага ўраду”.

Чарнобыльскі шлях — адна з цэнтральных падзеяў вясновых выступаў апазыцыі.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG