Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдуць у Беларусь інвэстыцыі пасьля інвэстыцыйнага форуму?


Беларускі інвэстыцыйны форум
Беларускі інвэстыцыйны форум

У Менску праходзіць першы Беларускі інвэстыцыйны форум. Ці патрэбныя Беларусі замежныя інвэстыцыі? Чаму іх мала? Ці будзе эфэкт ад цяперашняга інвэстыцыйнага форуму?

Удзельнікі: эканамісты Барыс Жаліба і Аляксандар Кавалёў.

Ці патрэбныя Беларусі замежныя інвэстыцыі?


Валер Карбалевіч: “Тэма прыцягненьня замежных інвэстыцый у беларускую эканоміку апошнімі гадамі ўвесь час застаецца на парадку дня беларускіх уладаў. А ці насамрэч яны патрэбныя з гледзішча ўраду? Магчыма, хопіць крэдытаў, якія цяпер даюць Беларусі больш ахвотна?”

Барыс Жаліба: “Крэдыты, якія нам дае МВФ, ідуць на падтрымку валютнага курсу беларускага рубля. А нам неабходныя наўпроставыя інвэстыцыі на мадэрнізацыю нашай эканомікі. Гэта дзясяткі мільярдаў даляраў. Прычым у крызіс яны неабходныя яшчэ больш. Але падчас крызісу на Захадзе стала менш свабоднага капіталу, адчуваецца дэфіцыт грошай”.

Аляксандр Кавалёў: “Сапраўды, нам, можа, і не патрэбныя цяпер банкаўскія ці грашовыя інвэстыцыі. Нам патрэбны рэальны капітал. Хоць статыстыка дае 20—30% прыросту інвэстыцый у асноўны капітал, але сярэдні знос асноўных фондаў па эканоміцы Беларусі складае больш за 50%. Пытаньне інвэстыцый — гэта пытаньне выжываньня беларускай эканомікі”.

Чаму ў Беларусь не ідуць замежныя інвэстыцыі?


Карбалевіч: “Гэта ня першы інвэстыцыйны форум, які ладзіць беларускі ўрад. Год таму прайшоў Лёнданскі інвэстыцыйны форум, які быў шырока разрэклямаваны беларускімі дзяржаўнымі мэдыямі. Увесь час прымаюцца заканадаўчыя акты, якія павінны спрыяць прыходу ў краіну замежнага капіталу. Аднак эфэкт ад гэтага ня надта вялікі, інвэстыцыі ідуць слаба. Чаму? Крызіс таму прычынай ці што іншае?”

Жаліба: “Ня толькі крызіс таму прычынай.
Прыватны капітал адштурхоўвае краінавая рызыка, у тым ліку палітычная рызыка.
У папярэднія гады склаўся нэгатыўны імідж Беларусі. Наша эканоміка не адпавядала рынкавым стандартам, была вялікая прысутнасьць дзяржавы ў эканоміцы. Існавала “залатая акцыя”. У нас не было свабоды цэнаў. Дырэктарат ня меў права скарачаць працаўнікоў на дзяржпрадпрыемствах. Існуе тарыфная сетка для вызначэньня заробку. Усё гэта не спрыяла прыцягненьню інвэстыцый, і паводле гэтага паказчыку Беларусь была на апошнім месцы ў рэгіёне.

Цяпер беларускія ўлады робяць крокі ў кірунку рынкавых рэформаў. Больш свабоды цэнаў. МВФ прапануе стварыць Агенцтва па прыватызацыі, каб прысьпешыць прыцягненьне інвэстыцый. Але пакуль эфэкту вялікага гэта не дало. Прыватны капітал адштурхоўвае краінавая рызыка, у тым ліку палітычная рызыка”.

Кавалёў: “Думаю, што, нягледзячы на крызіс, на Захадзе ёсьць вольны капітал. І калі яны не ідуць у Беларусь, то гэта азначае, што не існуе гарантыі правоў уласьнікаў. Калі б Беларусь прыняла закон аб прыватнай уласнасьці на зямлю, то гэта быў бы моцны сыгнал замежным інвэстарам аб гарантыі правоў уласьнікаў”.

Ці будзе эфэкт ад гэтага інвэстыцыйнага форуму?


Карбалевіч: “Вось прэм’ер Сідорскі абяцаў зрабіць новыя захады дзеля лібэралізацыі эканомікі. А зь іншага боку, ён адзначыў, што на прыватызацыю буйных прадпрыемстваў улады ня пойдуць. Ці будзе эфэкт ад гэтага інвэстыцыйнага форуму?”

Жаліба: “Ад гэтага і іншага форумаў эфэкт невялікі. Але ўрад робіць крокі дзеля лібэралізацыі эканомікі. І гэтыя крокі паступова павінны даць эфэкт, замежныя інвэстыцыі павінны прыйсьці. А форум рэклямуе ўмовы для прыцягненьня інвэстыцый. Трэба стукаць, і дзьверы адчыняцца”.

Кавалёў: “Сапраўды,
Падаецца, што кіраўніцтва Беларусі пачынае разумець, што нельга выжыць, едучы па старых рэйках.
кароткатэрміновага эфэкту гэты форум ня дасьць. Толькі частковы вынік. Вось зьявілася інфармацыя, што бэльгійскі бізнэсовец зьбіраецца будаваць лягістычны цэнтар каля аэрапорту “Менск-2”. Хоць, думаю, дамовіліся пра гэта яшчэ да форуму.

Але хацелася б, каб крокі ўладаў па шляху лібэралізацыі былі пасьлядоўнымі. Вось, напрыклад, адменены цэнавыя надбаўкі ў гандлі, але структуры па рэгуляваньні цэнаў засталіся ў выканкамах. І вось кіраўнік камітэту па цэнах Мінгарвыканкаму заяўляе, што ягоная структура будзе сачыць за цэнамі нават пасьля адмены цэнавай надбаўкі. Трэба спрасьціць падатковае заканадаўства, рабіць меншай краінавую рызыку. Усё можна зрабіць, абы была палітычная воля”.

Карбалевіч: “Вось пра палітычную волю. Ці ўплывае на прыцягненьне інвэстыцый палітычны чыньнік? Вось ужо год адбываецца пацяпленьне палітычных дачыненьняў паміж Беларусьсю і Эўразьвязам. Які эфэкт гэта дае ў пляне прыходу замежнага капіталу?”

Жаліба: “Так. Але гэты чыньнік цяпер спрыяе Беларусі. ЭЗ бачыць, што адбываецца паступовы пераход ад адміністратыўнай да больш лібэральнай эканомікі. І ўключэньне Беларусі ў праграму ЭЗ “Усходняе партнэрства” таксама ўплывае. Цяпер добра складаюцца дачыненьні зь Нямеччынай”.

Кавалёў: “Палітычны чыньнік вельмі важны. Падаецца, што кіраўніцтва Беларусі пачынае разумець, што нельга выжыць, едучы па старых рэйках. Прычым маюць значэньне ня толькі сур’ёзныя палітычныя прычыны, але і дробязі. Напрыклад, візы для бізнэсоўцаў. Яны ж нам патрэбныя больш, чым мы ім”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG