Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На форуме кандыдатаў у прэзыдэнты вылучаць ня будуць


У суботу, 14 лістапада, у Менску пройдзе Беларускі эўрапейскі форум. Яго арганізатары заяўляюць, што галоўная мэта гэтай імпрэзы — садзейнічаць дыялёгу Беларусі з Эўразьвязам і ўзмацніць эўрапейскі вэктар разьвіцьця краіны.

Галоўныя арганізатары форуму — рух “За свабоду”, аргкамітэты дзеля стварэньня партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і Партыі свабоды і прагрэсу, а таксама грамадзкае аб’яднаньне “Малады фронт”, якое зарэгістраванае ў Чэхіі. Ачольвае аргкамітэт Форуму Аляксандар Мілінкевіч.

Дэлегаты зьбяруцца ў палацы культуры Менскага аўтазаводу. Намесьнік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч кажа: падрыхтоўка ўжо скончана.

Юрась Губарэвіч
“Сфармаваныя сьпісы дэлегатаў, рэгістрацыйныя лісты. Паводле нашых разьлікаў, у форуме могуць удзельнічаць больш за 1200 чалавек. Мы, канечне, робім папраўку на тое, што людзей даводзіцца запрашаць у апошні дзень. І ёсьць пэўныя праблемы з эпідэміяй грыпу. Аднак мы разьлічваем на дастаткова шырокае прадстаўніцтва, і павінна ўсё адбыцца так, як мы заплянавалі.

Рэгіёны прадстаўлены даволі шырока. Адбылося больш за 90 сходаў, на якіх вылучалі дэлегатаў. І ў бальшыні раёнаў кожнай вобласьці прайшлі такія сходы”.

Алесь Лагвінец, дарадца Аляксандра Мілінкевіча ў міжнародных пытаньнях, называе найбольш вядомых замежных палітыкаў, якія стануць гасьцямі форуму:

Алесь Лагвінец
“Ужо сёньня прылятае Карын Вольтман-Кёль — намесьніца старшыні Эўрапейскай народнай партыі, дэпутатка Эўрапарлямэнту ад Галяндыі. Сёньня ж прыяжджае міжнародны сакратар гэтай партыі Нікаля Брыека. Чакаем віцэ-сьпікера польскага сэнату Зьбігнева Рамашэўскага — легенду “Салідарнасьці”, дэпутатаў нацыянальных парлямэнтаў зь Літвы і Нямеччыны. Будзе таксама кіраўнік дэлегацыі для стасункаў зь Беларусьсю ў Эўрапейскім парлямэнце Яцэк Пратасевіч”.

Алесь Лагвінец упэўнены: Беларусі патрэбны ня толькі заўтрашні форум:

“Шматлікая іншая праэўрапейская дзейнасьць: каб інфармаваць наша грамадзтва, каб паказваць перавагі эўрапейскай інтэграцыі для Беларусі, каб уздымаць дыскусіі і ствараць публічную прастору. Беларусь толькі на самым пачатку руху ў аб’яднаную Эўропу. І такіх рэчаў трэба праводзіць як мага больш. Каб у нас была сталая палітычная камунікацыя, тлумачэньне нашым суграмадзянам пра перавагі і выклікі эўрапейскай інтэграцыі”.

20 чэрвеня 2009 году ў Менску ўжо праходзіла адно эўрапейскае мерапрыемства — Кангрэс эўрапейскага выбару. У ім бралі ўдзел наступныя асноўныя дэлегацыі: ад Народнай грамады (лідэр — Мікола Статкевіч), аргкамітэту руху салідарнасьці “Разам” (лідэр — Вячаслаў Сіўчык) і аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Свабода” (лідэр — Сяргей Скрабец). Таксама да кангрэсу далучыліся ўдзельнікі сходу Партыі БНФ, які праходзіў у той жа дзень.

Тады Міколу Статкевіча вылучылі кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі.

“У парадку дня Беларускага эўрапейскага форуму пытаньня пра вылучэньне кандыдата ў прэзыдэнты краіны наагул няма”, — паведаміў сёньня нашаму радыё Юрась Губарэвіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG