Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эпідэмія грыпу: вакцынацыя спынена, лекаў не хапае


У Беларусі спынена вакцынацыя насельніцтва супраць грыпу, якая праводзілася за сродкі бюджэту краіны. А ў аптэках па-ранейшаму дэфіцыт лекавых прэпаратаў антывіруснага дзеяньня.

У прыватных мэдычных цэнтрах гэтымі днямі прышчэпкі не праводзяцца, бо няма вакцыны. Да прыкладу, вось што паведамілі ў мэдцэнтры “Нардзін”:

Карэспандэнтка: “Ці можна ў вашай установе зрабіць прышчэпку ад грыпу?”

“Не. Вакцыны няма і ня будзе больш у нас”.

Карэспандэнтка: “Вы яе нават ня будзеце набываць?”

“Так, прывозіць нам больш ня будуць”.

У некаторых дзяржаўных паліклініках паведамілі, што зараз вакцыны няма, але чакаюць яе паступленьня. А ў асобных мэдустановах прышчэпкі працягваюць рабіць усім ахвотным. У прыватнасьці, пра гэта паведамілі ў амбуляторыі № 2 Менску:

Карэспандэнтка: “Ці можна ў вашай установе зрабіць прышчэпку ад грыпу?”

“Можна. Вам неабходна зьвярнуцца ў кабінэт далекарскай дапамогі з карткай”.

Карэспандэнтка: “Гэта вакцына расейскай вытворчасьці?”

“Не, француская”.

Карэспандэнтка: “І кожны чалавек можа зрабіць бясплатную прышчэпку?”

“Так, кожны чалавек і бясплатна”.

Становішча з вакцынацыяй і заявы афіцыйных асобаў пра завяршэньне кампаніі імунізацыі жыхароў Менску за кошт дзяржаўных сродкаў камэнтуе кіраўніца прэсавай службы Міністэрства аховы здароўя Вольга Шульпіна:

“Вакцынацыя завершаная тая, якая праводзілася за кошт дзяржавы. Яна працягваецца ў мэдцэнтрах і дзяржаўных паліклініках. За кошт сродкаў прадпрыемстваў, дзяржаўных бюджэтаў і асабістых сродкаў грамадзян”.

Як паведаміла Вольга Шульпіна, новых зьвестак пра захварэлых на сьвіны грып і колькасьць сьмерцяў ад пнэўманіі ў прэсавую службу не паступала.

Тым часам у аптэках па-ранейшаму не хапае лекавых прэпаратаў антывіруснага дзеяньня. Як сродак прафіляктыкі грыпу многія бацькі выкарыстоўваюць для сваіх дзяцей забарону наведваць школы: другі дзень запар навучальныя ўстановы напаўпустыя. У прыватнасьці, вось што паведаміла клясная кіраўніца адной зь менскіх школаў Алена Цыбульская:

“Дзяцей напалову менш. Дзеля гэтых двух дзён многія, пэўна, не прыводзілі. Няхай проста пасядзяць дома — так і казалі”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, на сёньня ў Беларусі зарэгістравана 165 выпадкаў захворваньня на сьвіны грып. Прыпыненыя заняткі ў 1477 школах і адноўленыя ў 571 сярэдняй навучальнай установе.
XS
SM
MD
LG