Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анкета Свабоды: Пятро Садоўскі


Пятро Садоўскі

Пятро Садоўскі

На анкету Свабоды адказваюць аўтары і стваральнікі "Бібліятэкі Свабоды". Пятро Садоўскі - аўтар кнігі “Мой шыбалет”. Першы амбасадар незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня, мовазнаўца.




Што для вас свабода?


Калі я магу быць самім сабою.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Уласнае пачуцьцё меры ў зададзеным соцыюме.


Што для вас шчасьце?

Быць здаровым, зразуметым і адпаведна ацэненым грамадзтвам.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Землятрусу, пажару, патопу…


Які талент вы хацелі б мець?

Іграць на музычных інструментах.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Шмат кім у мастацтве. З мысьляроў – усе зь мінулага.


Што вы найбольш любіце рабіць?

  • Ляжаць у мяккім ложку і чытаць.
  • Застольле зь сябрамі пасьля абложнай працы.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Быў бы больш абачлівы ў сваёй адкрытасьці.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Не рабіць чалавеку па дробязях (sic!) крытычныя заўвагі.


Які ваш улюбёны дэвіз?


Усё неяк зробіцца само. Ня трэба хацець шмат і вельмі старацца.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Ніводная зь вядомых мне не падыходзіць. Магчыма, у асьвечанай манархіі, дзе б цаніўся талент і дапускаўся анархізм.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Ісляндыі ці Даніі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У 19-м стагодзьдзі.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?


Правёў бы акцыю пакаяньня за камуністычны гвалт і чым мог бы дапамог ахвярам. Папрасіў бы прабачэньня ва ўсіх пакрыўджаных і папрасіў бы людзей выкінуць крыўду з сэрцаў.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Стаць чальцом.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Нармальныя добрасуседзкія.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Усякая дыктатура дрэнная. Хіба што асьвечаная манархія, але з павагай да таленту.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі персанальна, то гадоў праз шэсьць. Калі паводле зьместу да эўрапейскага ўзроўню, то гадоў праз 10.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Гадоў праз 10. (Калі гэта ўжо не будзе экзотыкай).


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Вырасьце племя ціхіх мурашак, выдатных рамеснікаў, магчыма, (як кампенсацыйная сублімацыя!) – вылупяцца мірыяды выдатных музыкаў, мастакоў, скульптараў. У тых дзялянках, дзе не патрэбнае слова. Але гэта будуць трагічныя, мінорныя творы, зь лёгкімі мажорнымі проблескамі чаканьня шчасьця.
XS
SM
MD
LG