Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец Макеевай радзе?


Уладзімер Макей
Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімер Макей заявіў аб прыпыненьні працы Грамадзка-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі. Сябра рады галоўны рэдактар “БДГ-онлайн” Пётар Марцаў атрымаў ліст ад сакратара рады, дзе паведамлялася, што бліжэйшым часам плянуецца правядзеньне пэрсанальных кансультацыяў зь сябрамі Рады аб магчымасьці і парадку будучай працы Рады”.

Уладзімер Макей патлумачыў сваё рашэньне тым, што ў мэдыях прадстаўнікі апазыцыі назвалі раду “бутафорскай” і “дэкляратыўнай структурай”. У прэс-службе адміністрацыі прэзыдэнта карэспандэнту Свабоды паведамілі, што прызначанае на заўтра пасяджэньне рады па зьменах у выбарчым заканадаўстве адмяняецца. Аднак, ня ўсе сябры рады пра гэта ведалі, як і пра заяву Ўладзімера Макея. Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч не выключае, што такое ўказаньне даў спадару Макею кіраўнік краіны:

Станіслаў Багданкевіч
“У частцы таго, што вынікі яе пакуль нулявыя, гэта факт, што яна засядае вельмі рэдка. І рашэньні яе не прыводзяць да нейкіх канкрэтных вынікаў, гэта таксама факт. Я асабіста такіх выступаў не рабіў, што яна бутафорская. І нават сёньня на прэсавай канфэрэнцыі казаў, што нават ва ўмовах, калі рашэньне прэзыдэнтам прынятае зараней, па пытаньнях выбарчага заканадаўства, нарада сама па сабе карысная, бо дазваляе выкласьці нашу пазыцыю з улікам і меркаваньня прэзыдэнта на ўдасканаленьне выбарчага заканадаўства. Прызначана гэта паседжаньне было на верасень, а ўжо лістапад”.

У сваёй заяве спадар Макей адзначае, што нападкі на раду прынялі асабліва разьвязны характар напярэдадні чарговага паседжаньня. “Бескарыснасьць і непатрэбнасьць” рады абгрунтавана тым, што “нібыта ўсе пытаньні, якія тычацца рэфармаваньня выбарчага заканадаўства, ужо, маўляў, вырашаны на нарадзе ў прэзыдэнта”. Паводле спадара Макея, “мэтай тэндэнцыйных публікацый ёсьць “спроба агульна дыскрэдытаваць раду і наогул саму ідэю дыялёгу ўлады з дзеячамі, якія трымаюцца розных палітычных перакананьняў”. Макей адзначае, што “калі ў некага ўзьнікае безадказнае жаданьне сьвядома і груба загубіць гэта пачынаньне, то адказнасьць за зрыў пачатага грамадзкага дыялёгу ляжа на іх”.

Сябра рады, старшыня праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт Алег Гулак задае пытаньне, ці азначае гэта наогул канец пацяпленьня?

Алег Гулак
“Гэтае рашэньне не на карысьць, яно складанае, і можна казаць аб тым, што гэта на агульную шкоду. Бо гэта ня дасьць карысьці грамадзкаму сэктару, і палітычным партыям, і ўладзе, У пэўным сэнсе можна казаць пра агульную адказнасьць за такое разьвіцьцё падзей. І абмеркаваньне такога кроку таксама было б карысным”.

Паводле кіраўніка Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, такая заява Макея больш падобная на нейкія дзіцячыя крыўды.

Аляксандар Ярашук
“А што казаць наогул апазыцыі, якую тут столькі гадоў ужо брудам паліваюць? І нічога, мы ж і жывыя, і нават згодныя працаваць у такіх утварэньнях як грамадзка-кансультацыйная рада. Праблема ёсьць насамрэч эфэктыўнасьці. Калі гэта спроба ўтварыць нейкія дэкарацыі, то як іх выставілі, так іх зь лёгкасьцю і здымаюць. А нагоду заўсёды можна знайсьці. Хутчэй размова пра тое, што шукаецца нагода неяк дэзавуяваць на час, а можа і назаўсёды працу рады”.

На пачатку кіраўніка руху “За свабоду” Аляксандра Мілінкевіча запрасілі ў раду. Але палітык палічыў, што падчас схаваных рэпрэсій — палітычных прызываў у войска — ён ня мае права браць удзел. Ён лічыць, што нельга Макею балюча рэагаваць на крытыку:

Аляксандар Мілінкевіч
“Сама ідэя ўнутранага дыялёгу вельмі важная. І без яго наўрад ці можна хутчэй і эфэктыўна рабіць рэформы, найперш палітычныя і ў грамадзкім жыцьці. Рада, па першае, павінна стварацца з двух бакоў — прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці і ўлады. Улада абрала іншы шлях: сама прызначыла тых, з кім хацела б размаўляць. Наўрад ці гэта самае эфэктыўнае. Па другое, калі ствараць такую раду, вельмі важна ведаць яе паўнамоцтвы, якія яна ставіць мэты. Я лічу, што гэтага не хапала. Не зусім было зразумела, чым яна мае канкрэтна заняцца і што мусіць быць вынікам яе працы”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што прычыны рашэньня спадара Макея трэба шукаць глыбей.

Анатоль Лябедзька
“Улада не настолькі моцная, каб згортваць тыя бутафорскія насамрэч структуры і дзеяньні, якія распачаты. Бо патрэбны крэдыты, адмена палітычных рашэньняў, якія ёсьць у Эўропе. І такім чынам пакрыўдзіўшыся, падціснуўшы губкі сказаць, што вось, мы тут не вінаватыя, гэта пазыцыя слабая. Пра нешта мы тут проста ня ведаем. Можа, нейкі прарыў на беларуска-расейскім фронце і можна згортваць тыя дэкарацыі, якія былі зьвернуты да Захаду. Ці, можа, яшчэ нешта. Для мяне гэта пакуль застаецца загадкай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG