Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь імкнецца ў “трыццатку”


Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі выступае перад удзельнікамі Форуму.

Прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі выступае перад удзельнікамі Форуму.

“Інвэстуйце ў Беларусь!” — гэтак прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заклікаў патэнцыйных замежных інвэстараў, якія сёньня сабраліся на двухдзённы форум у Менску.

Першы Беларускі інвэстыцыйны форум прайшоў год таму ў Лёндане пры падтрымцы піяр-кампаніі лорда Бэла. Сёлета кантракт з Тымаці Бэлам не прадоўжылі, а форум перанесьлі ў Менск, у Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Паводле віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова, на форум прыбылі 600 дэлегатаў, у тым ліку 450 — з-за мяжы.

Тэма першага пасяджэньня форуму, ініцыяваная ўрадам, — наколькі рэальна для Беларусі ўвайсьці ў трыццатку краін сьвету з самымі спрыяльнымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу?

У 2007 годзе Беларусь у гэтым сьпісе займала 115-е месца, у 2008-м — 82-е, сёлета ўжо трапіла ў шосты дзясятак. Урад працягвае эканамічную лібэралізацыю і ставіць на мэце далучыць Беларусь да трыццаткі краін паводле ўмоваў для бізнэсу, — заявіў на форуме прэм’ер Сяргей Сідорскі.

“Наш лёзунг застаецца нязьменным — інвэстуйце ў Беларусь!”

Паводле Сяргея Сідорскага, сёлета ўрад Беларусі разьлічвае на 6,8 мільярда даляраў замежных інвэстыцыяў. І ўжо на гэтым форуме беларускі бок гатовы падпісаць канкрэтныя дамовы з інвэстарамі.

Прадстаўнікі замежных інвэстараў віталі такое жаданьне ўраду Беларусі. Але давалі і канкрэтныя парады. У прыватнасьці, Том Крадак-Ватсан, які прадстаўляе на форуме міжнародную кансалтынгавую кампанію “Эрнст энд Янг”, параіў беларускаму ўраду нарошчваць дыялёг зь бізнэсам ды грамадзтвам, спрыяць атмасфэры даверу і далей ісьці шляхам дэкляраванай лібэралізацыі.

Паводле ягоных словаў, “ёсьць яшчэ шмат пазыцыяў, над якімі трэба працаваць. І самая горшая — сплата падаткаў, тут Беларусь знаходзіцца ў самым канцы ў параўнаньні з Расеяй, Украінай, Казахстанам”. Спадар Крадак-Ватсан заявіў, што ў Беларусі зашмат падаткаў, і плаціць іх трэба занадта часта — штомесяц. Паводле словаў выступоўцаў з-за мяжы, ёсьць таксама праблемы ў сфэры атрыманьня крэдытаў, абароны правоў інвэстараў, атрыманьня зямельных участкаў.

Беларускі ўрад на гэта адказвае новымі плянамі. У прыватнасьці, з наступнага году ў Беларусі ўвядуць інтэрнэт-рэгістрацыю юрыдычных асобаў.

Урад стварае інстытут інвэстыцыйных агентаў, абяцае лібэралізацыю ў працэдурах, зьмякчэньні працы кантрольных органаў, радыкальнае скарачэньне ліцэнзаваньня бізнэсу, збліжэньне беларускага бухгальтарскага ўліку з сусьветнымі стандартамі, электроннае мытнае дэкляраваньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG