Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Мядзьведзеў не згадаў ні Беларусь, ні саюзную дзяржаву?


У штогадовым пасланьні да Фэдэральнага сходу прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў ні слова не сказаў пра Беларусь і саюзную дзяржаву.

У мінулым пасланьні Дзьмітрый Мядзьведзеў таксама ня згадваў пра Беларусь. Тады ён усяго толькі адзначыў, што ў Расеі “ёсьць інтэграцыйнае ядро ў выглядзе саюзнай дзяржавы і ЭўрАзЭС”. І паабяцаў нарошчваць аб’ёмы і глыбіню ўзаемадзеяньня ў ваенна-палітычнай сфэры ў АДКБ. У сёлетнім пасланьні расейскі прэзыдэнт ужо не згадаў ніводнае з гэтых інтэграцыйных структураў. Расейскі дэпутат Сяргей Маркаў адзначае, што Мядзьведзеў не назваў ніводнай “беспраблемнай краіны”.

Сяргей Маркаў
“Ён назваў толькі праблемныя краіны — Ірак, Аўганістан і гэтак далей. Пра супрацоўніцтва як такое ён наагул не казаў. А зь Беларусьсю працэс разьвіваецца цяжка, але ў цэлым пазытыўна. Я б назваў і Ўкраіну, і Беларусь, і Казахстан як бліжэйшых саюзьнікаў. Але ж і ЗША не былі названыя, ні Нямеччына, ні Францыя. Ніводная беспраблемная краіна не была названая. Значыць, Беларусь — беспраблемная. Адносна зьнешняй палітыкі было сказана толькі адно, што мы павінны рабіць новую дамову пра эўрапейскую бясьпеку, а існыя структуры неэфэктыўныя, не працуюць. А тут Беларусь поўнасьцю падтрымлівае наш пункт гледжаньня”.

З тым, што Беларусь беспраблемная для Расеі, не пагаджаецца беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў.

Андрэй Фёдараў
“Праблемаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях хапае. У гэтым годзе іх асабліва было шмат, і год яшчэ ня скончыўся. Нас яшчэ чакае вызначэньне кошту газу на наступны год. Мы памятаем жорсткія заявы зь беларускага боку на адрас другога суправіцеля Расеі, і я ня ўпэўнены, што ўсе гэта засталося ў мінулым. Гэта, відаць, не асноўны кірунак расейскай зьнешнепалітычнай актыўнасьці”.

Уладзімер Жарыхін
Намесьнік дырэктара маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Уладзімер Жарыхін адзначыў, што пасланьне было сканцэнтраванае на ўнутрыпалітычных і эканамічных пытаньнях.

“Гаворка не пра нейкі сэлектыўны выбар, а аб прынцыповай пазыцыі — абмяркоўваць у гэтым пасланьні ўнутрырасейскія праблемы”.

Маскоўскі палітоляг Кірыл Коктыш мяркуе, што гэта зьвязана зь нявызначанасьцю таго, чым зьяўляецца саюзны праект і што зь ім далей рабіць.

Кірыл Коктыш
“Сёньня Беларусь і Расея рэалізуюць супрацьлеглыя стратэгіі ў тым, што тычыцца газавага транзыту. Расея імкнецца зьменшыць транзытную залежнасьць ад Беларусі і Ўкраіны ці пазбавіцца ад яе. Беларусь і Ўкраіна, наадварот, уступілі ва “Ўсходняе партнэрства”, адной з мэтаў якога ёсьць падвышэньне залежнасьці Расеі ад транзытных краінаў. І саюзны праект нейкім чынам апынуўся стварэньнем мінулай рэальнасьці”.

Аляксей Кароль
Палітоляг Аляксей Кароль лічыць, што гэта адлюстроўвае стан беларуска-расейскіх стасункаў, які сьведчыць пра тое, што праект саюзнай дзяржавы пахаваны і не ўспрымаецца ўсур’ёз расейскім бокам.

“Хацелася б спадзявацца, што гэта ёсьць знакам таго, што Расея цьвяроза ацэніць геапалітычны стан і выйдзе на пабудову зь Беларусьсю адносін як дзяржава зь дзяржавай, на грунце двухбаковых дамоў. І не хацелася б думаць, што гэта паўза змаўчаньня — перад тым як перайсьці да сцэнару ціску і паступовай інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG