Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нельга перабольшваць ролю пэрсоны”


У сёньняшніх “Званках на Свабоду” слухачы расказваюць пра тое, ці выручае іх гуманітарная дапамога, выказваюцца наконт Беларускага Эўрапейскага форуму, ацэньваюць перадачы Радыё Свабода.

Сёньня шмат званкоў пра тое, як цяжка выжываць шараговым грамадзянам.

Спадар: “Паклікалі мяне паглядзець гуманітарную дапамогу. Пайшоў я туды, у гэтую царкву: абутак, кашулі — тое, іншае. Думаю, і ў мяне было б для Бога, каб меў заробак, як той кадэбэшнік або эмвэдэшнік, браў хабар налева, направа”.

Слухачы ацэньваюць эканамічную сытуацыю ня толькі праз уласны побыт, але й з грамадзянскіх пазыцый.

Спадар: “Тыя фінансавыя траншы, якія ідуць у Беларусь з Расеі, зь Міжнароднага валютнага фонду — ніякія гэта не крэдыты. Я лічу, што гэта нішто іншае, як расплата за Чарнобыль, ад якога мы, беларусы, пакутуем па сёньняшні дзень”.

Мы не аднойчы расказвалі пра жорсткае стаўленьне дзяржавы да тых, хто ня ў стане аплаціць камунальныя паслугі. Аднак слухачы лічаць, што гэты дзяржаўны мэханізм не адпрацаваны як сьлед і таму часам становіцца грамадзка небясьпечным.

Спадарыня Арцёмаўна: “У нашым доме ў адной кватэры жыве пэнсіянэрка з дачкой, якая ўжо завінавацілася 3 мільёны рублёў. Ёй адключылі ваду, газ і ацяпленьне. Дык вось акурат сёньня ў яе здарыўся пажар, загарэўся матрац, на якім яна ляжала, грэлася, напэўна. Яны падвяргаюць небясьпецы ўсіх жыхароў пад’езду. Міліцыянэр, які прыехаў з МЧС, сказаў: “Падавайце ў суд”. Чаму мы павінны падаваць у суд?”

Слухачы працягваюць рэагаваць на чутку, нібыта папа рымскі ўзнагародзіў беларускага кіраўніка мэдалём.

Спадар Станіслаў, Івацэвічы: “Чалавек, які не прытрымліваецца грамадзянскіх законаў і божых запаветаў, спраўна атрымлівае ўзнагароды ад праваслаўных і каталіцкіх канфэсій. Так, глядзіш, і ў лік сьвятых трапіць”.

Мы паведамлялі ўжо, што ў суботу пройдзе Беларускі эўрапейскі форум. Стаўленьне да гэтай падзеі рознае.

Спадар: “Большасьць жыхароў Берасьця, я думаю, падтрымаюць Беларускі незалежніцкі блёк, калі на Эўрапейскім форуме ён сфармулюе ідэю вяртаньня Беларусі ў Эўропу. Там да Тэрэспалю 4 кіляметры, білет каштуе 440 рублёў, ільготны — 220”.

Спадарыня: “За назвай свайго руху — “За свабоду!” — Мілінкевіч хавае сапраўдную яго назву: “За Лукашэнку!”

Камэнтуе грамадзкі рэдактар тыдня — лекарка з Гарадзеншчыны Тацяна Павіна, абраная дэлегатам форуму ад руху “За свабоду”.

Тацяна Павіна
Тацяна Павіна:
“На мой погляд, нельга перабольшваць ролю пэрсоны. Ня мае значэньня канкрэтная асоба, калі не зьмяніць сыстэму, якая ўсталявалася ў краіне. Бяз гэтага нічога не памяняецца, тут усё будзе па прымаўцы: мяняюць шыла на мыла…”

І напрыканцы — вашыя водгукі на працу журналістаў “Свабоды”. Вось што кажа Анастас Семяновіч пра нашу тэлевізійную праграму на тэлеканале “Белсат”.

Спадар: “Што можна сказаць пра працу Радыё Свабода, акрамя вялікага дзякуй за вашу цяжкую працу! Працуйце надалей на карысьць нашай Беларусі. “Тыдзень з Радыё Свабода” — гэта выдатная праграма. Я вельмі рады, Аляксандар Лукашук, за вашу вельмі цяжкую працу. Вельмі добра было б, каб вы паказвалі як мінімум адну гадзіну. Вам і вашым супрацоўнікам ёсьць што сказаць і паказаць. Дырэктар Белсату пакуль ня хоча прыслухацца, а паказвае тое, што нам нецікава. Прыклад: аблавушка і так далей. Заўвагі: калі вашы супрацоўнікі запісваюць праграму на выходны дзень, то трэба думаць, што “Тыдзень з Радыё Свабода” ў нядзелю “Белсат” не паказвае, а толькі ў суботу і ў аўторак. Вялікі дзякуй за вашу працу яшчэ раз”.

Ня ўсім падабаецца актыўнасьць нашых слухачоў.

Спадар: “Ня ганьбіце вы Беларусь навінамі гэтымі, што вы кожны раз перадаяце. Абы-што! Колькі вы плаціце гэтым людзям, якія вам тэлефануюць?”

Так здарылася, што ў сёньняшняй аўдыёпошце ўсьлед за гэтым — іншы званок.

Спадар: “Лічу добрай зьявай, калі ў “Званках на Свабоду” ды ў “Лістах на Свабоду” людзі сталі падпісвацца. Колькасьць званкоў і допісаў павялічылася. Я, напэўна, не памыляюся”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG