Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Абама – 1, Пуцін – 3, Мядзьведзеў – 43, Лукашэнкі няма


Амэрыканскі часопіс Forbes апублікаваў свой сьпіс найбольш уплывовых асобаў у сьвеце. У асноўным туды патрапілі палітыкі і бізнэсоўцы, але сярод найбольш уплывовых таксама лідэр тэрарыстычнай сеткі Аль-Кайда і кіраўнік мэксыканскага наркакартэлю Сіналоа.


Стваральнікі рэйтынгу тлумачаць, што ў сьпісе 67 пазыцыяў, бо кожная зь іх адпавядае 100 мільёнам жыхароў Зямлі. У рэйтынг патрапілі 68 асобаў, бо заснавальнікі кампаніі Google Сяргей Брын і Лары Пэйдж падзялілі пятае месца.

Вырашаючы каго дзе разьмясьціць ў рэйтынгу, яго складальнікі ацэньвалі колькасьць людзей, на якіх уплывае кожны з кандыдатаў, фінансавыя рэсурсы, якімі кандыдаты валодаюць, ці маюць яны ўплыў у розных сфэрах, і, нарэшце, ці актыўна яны карыстаюцца сваім уплывам. Так, напрыклад, 83-гадовы бізнэсовец Інгвар Кампрад, уладальнік кампаніі IKEA і найбагацейшы чалавек Эўропы, зусім не патрапіў у сьпіс, бо не выкарыстоўвае свайго ўплыву. У той жа час расейскі прэм'ер-міністар Уладзімер Пуцін атрымаў высокае трэцяе месца, бо з ахвотай сваім уплывам карыстаецца.

Цікава, што калі Пуцін мае трэці радок ў рэйтынгу, дык цяперашні расейскі прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў толькі 43-і. На адзін радок Мядзьведзева апярэдзіў нават віцэ-прэм'ер расейскага ўраду Ігар Сечын.


Ад Абамы да Чавэса


Экспэрты Forbes адзінагалосна назвалі найбольш уплывовым чалавекам сьвету цяперашняга прэзыдэнта ЗША Барака Абаму. Сьледам за ім ідзе кіраўнік Кітаю Ху Дьзіньтао. Мінулы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш малодшы ў сьпіс не патрапіў, а вось ягоны папярэднік Біл Клінтан мае ў рэйтынгу 31-ю пазыцыю.

Папа рымскі Бэнэдыкт ХVI – на 11-м месцы ў рэйтынгу, а духоўны лідэр Тыбэту Далай-Лама – на 39-м.

Акрамя палітыкаў, бізнэсоўцаў і рэлігійных лідэраў у сьпісе таксама ёсьць амэрыканская тэлевядоўца Опра Ўінфры (45-е месца) лідэр тэрарыстычнай сеткі Аль-Кайда Усама бін Ладэн (37-е) і кіраўнік мэксыканскага наркакартэлю Хаакін Гусман (41-е), за дапамогу ў арышце якога амэрыканскі ўрад абяцае 5 мільёнаў даляраў.

Замыкае сьпіс на 67-м месцы прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс. А вось Аляксандра Лукашэнкі ў сьпісе няма.
XS
SM
MD
LG