Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў зьвярнуўся са штогадовым пасланьнем да Фэдэральнага сходу. Асноўная яго частка была прысьвечана ўнутрырасейскім праблемам.

“Квінтэсэнцыя пасланьня — гэта мадэрнізацыя”, — адзначыў Дз.Мядзьведзеў. Ён вызначыў пяць асноўных напрамкаў гэтай мадэрнізацыі.

Паводле расейскага кіраўніка, стасункі зь іншымі краінамі павінны таксама быць нацэлены на рашэньне задач мадэрнізацыі Расеі і тэхналягічнага прарыву.

“Нам няма чаго надзімаць шчокі. Мы зацікаўлены ў прытоку ў краіну капіталаў, новых тэхналёгій і перадавых ідэй... Наша зьнешняя палітыка павінна быць выключна прагматычнай. Яе эфэктыўнасьць павінна ацэньвацца паводле простага крытэру: ці спрыяе яна паляпшэньню жыцьцёвых стандартаў у нашай краіне”.

Мядзьведзеў адзначыў, што прыярытэты застаюцца ранейшымі. Расея выступае за ўмацаваньне шматпалярнасьці, якая “ўсё больш выразна зацьвярджаецца ў сьвеце”. Ён заявіў пра гатоўнасьць да сумеснай працы ў вырашэньні складаных пытаньняў міжнароднай палітыкі — такіх, як праблемы ядзерных праграмаў Ірану і Паўночнай Карэі, нестабільнасьці ў Аўганістане, блізкаўсходняга ўрэгуляваньня і іншых. “Для выпрацоўкі калектыўных падыходаў ёсьць унівэрсальны мэханізм ААН”, — адзначыў Дз.Мядзьведзеў.

У галіне бясьпекі асноўныя намаганьні Расея сканцэнтруе на дамове аб забесьпячэньні эўрапейскай бясьпекі. Расейскі прэзыдэнт назваў імпэратывам юрыдычнае афармленьне прынцыпу непадзельнасьці бясьпекі ў Эўраатлянтыцы і выпрацоўку мэханізмаў практычнай рэалізацыі абавязаньняў, якія адсюль вынікаюць.

“Нас іншым разам папракаюць, што мы ўсё гэта прыдумалі супраць НАТО. Гэта ня так. Мы сваю зьнешнюю палітыку супраць некага наагул не выбудоўваем. Але і ў НАТО мы не ўваходзім. Дый шэраг іншых краінаў не зьяўляюцца сябрамі гэтага блёка. А сур’ёзныя рашэньні, неабходныя для бясьпекі ў Эўропе, трэба прымаць ужо цяпер. І таму нам патрэбна новая, эфэктыўная пляцоўка”.

Паводле Мядзьведзева, калі б быў такі эфэктыўны інстытут для спыненьня агрэсара, “то ў Грузіі не хапіла б нахабства разьвязаць вайну супраць Паўднёвай Асэтыі”. Прэзыдэнт Расеі адзначыў, што на асаблівым кантролі павінна быць дыпляматычная праца ў інтарэсах эканомікі Расеі.

Сытуацыю на Паўночным Каўказе Дзьмітры Мядзьведзеў назваў самай сур’ёзнай унутрыпалітычнай праблемай краіны.

“Мы будзем весьці непрымірымую барацьбу зь міжнародным тэрарызмам. Будзем зьнішчаць бандытаў. Мы зробім усё магчымае, каб жыцьцё людзей на Паўночным Каўказе было шчасным. А з тымі, хто будзе нам перашкаджаць, — разьбярэмся”.

Дз.Мядзьведзеў таксама адзначыў, што ў 2010 годзе завершацца асноўныя мерапрыемствы па стварэньні войска, якое “ня дасьць шансу пагражаць нам і нашым саюзьнікам”. У войска будзе пастаўлена больш за 30 балістычных ракет наземнага і марскога базаваньня, 5 ракетных комплексаў “Іскандэр”, каля 300 адзінак сучаснай бронетэхнікі, 30 верталётаў, 28 баявых самалётаў, 3 атамныя падводныя лодкі і адзін баявы карабель клясы “карвэт”, 11 касьмічных апаратаў.

Расейскі прэзыдэнт зьвярнуў увагу на неабходнасьць стварэньня найноўшых узораў зброі, якія “забясьпечаць перавагу над любым праціўнікам”.
XS
SM
MD
LG