Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрарадыё атрымала дазвол на акрэдытацыю карпункту ў Беларусі


Пра гэта сёння раніцай у тэлефоннай размове паведаміў чыноўнік Міністэрства замежных спраў кіраўніцтву радыё.

Падрабязнасьці, у тым ліку ўмовы, на якіх атрыманая акрэдытацыя, пакуль невядомыя. Дакументы з МЗС будуць атрыманыя ў другой палове дня, паведамляе сайт Эўрарадыё.

Старшыня праўлення "Эўрарадыё" Дзьмітрый Новікаў, каментуючы БелаПАН інфармацыю аб дазволе беларускага МЗС на адкрыцьцё ў краіне карпункта радыёстанцыі адзначыў:

"Гэта жэст беларускага боку па выкананьні пэўных дамоўленасьцяў у перамовах з ЭЗ".

Паводле яго слоў, дакументы з МЗС павінны паступіць 12 лістапада ў другой палове дня, таму пакуль "складана гаварыць пра далейшыя планы". "Мы яшчэ ня ведаем, якія ўмовы будуць нам пастаўлены. Невядома, на які тэрмін будзе акрэдытацыя і, самае важнае, якую колькасьць журналістаў нам дазволяць акрэдытаваць, — сказаў Новікаў. — Але зразумела, што ўсё роўна будзе нялёгка. Патрэбна будзе вельмі і вельмі шмат працаваць".

Новікаў адзначыў, што раней "Эўрарадыё" намагалася акрэдытаваць свайго ўласнага карэспандэнта для працы ў Беларусі. "Журналіст сам падаваў дакументы ў МЗС, але яму было адмоўлена пад маркай таго, што ён нібыта раней ужо працаваў на "Эўрарадыё" без акрэдытацыі. Хоць спецыяльна заяўку падаваў чалавек, які на нас да гэтага не працаваў", — адзначыў Новікаў.

У пачатку лета 2009 года ў МЗС быў накіраваны пакет дакументаў на акрэдытацыю карпункта "Эўрарадыё" ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG