Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Шыльда свабоды

Мястэчка Вішнева Валожынскага раёну. Касьцёл Сьвятой Марыі

У гэтым храме зь сярэдзіны 1950-х гадоў да 2001 году служыў ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі — патрыёт Беларусі і беларускага касьцёлу.

У сямідзясятыя — дзевяностыя гады мінулага стагодзьдзя касьцёл у мястэчку Вішнева быў месцам паломніцтва ня толькі вернікаў-каталікоў, але і інтэлектуалаў, студэнтаў розных веравызнаньняў.

Ехалі да айца Ўладзіслава Чарняўскага, які прынцыпова служыў на беларускай мове, марыў пра беларускі касьцёл і ўсё, што мог, рабіў, каб касьцёл па ўсёй Беларусі такім стаў. Успамінае пра свой візыт у Вішнева гісторык, літаратуразнаўца Анатоль Сідарэвіч:

“Сядзіць у гэтым мястэчку ксёндз, перакладае на беларускую мову Сьвятое Пісьмо, перакладае літургічныя тэксты… Пасьля таго як былі зьнішчаныя ксёндз Гадлеўскі, ксёндз Рэшаць, ксёндз Глякоўскі, ксёндз Станкевіч, гэтым ніхто не займаўся на тэрыторыі Беларусі. Ён працаваў на будучыню. Дарэчы, прадказаньне канца СССР у каталіцкай царкве было даволі моцнае. І тыя, хто былі патрыётамі, ехалі да гэтых сьвятароў. У Беларусі — да айца Ўладзіслава, а хто трапляў у Лёндан, той абавязкова хацеў убачыць айца Аляксандра (Надсана — В.Р.). Ехаў праваслаўны Ўладзімер Сямёнавіч Караткевіч, ехалі іншыя, незалежна ад веравызнаньня”.

Дзейнасьць айца Ўладзіслава азначала для беларускіх інтэлігентаў, што яшчэ ня ўсё памерла. Агеньчык надзеі гарэў у Вішневе. І людзі ехалі пагрэцца ля яго.

У Чарняўскага была багатая бібліятэка. Ён быў ня толькі беларускім ксяндзом, ня толькі патрыётам Беларусі, ён быў яшчэ глыбокім інтэлектуалам. Калі ў чалавека няма інтэлектуальнага пакліканьня, ён ня сядзе перакладаць Сьвятое Пісьмо.

Наўпрост палітыкай ксёндз Уладзіслаў не займаўся, ён займаўся рэлігіяй, духоўнасьцю. Але ў палітызаванай краіне, якой быў СССР, дзе духоўнасьць разумелася як адданасьць ідэалам камунізму, рэлігійная справа, дый яшчэ на беларускай мове, успрымалася як антыкамуністычная. Натуральна, што партыя, якая вызнавала атэізм, ставілася да ксяндза варожа. Камуністычныя ўлады не далі дазволу Ватыкану на прызначэньне айца Ўладзіслава біскупам. Адчуваў ён варожасьць і з боку многіх польскамоўных ксяндзоў.

Затое ягонае слова было законам для парафіянаў, а для беларускіх патрыётаў — апірышчам надзеі. Вера Ўладзіслава Чарняўскага ў беларускі касьцёл зьдзяйсьняецца.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG