Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка рыхтуе дэмакратычныя выбары. У 2016 годзе.


Якія чыньнікі вымусілі беларускія ўлады пайсьці на зьмены ў выбарчае заканадаўства? Чаму многія апазыцыйныя лідэры пераважна нэгатыўна ставяцца да прапанаваных зьменаў? Ці ўдасца Аляксандру Лукашэнку правесьці прэзыдэнцкія выбары так, каб іх прызнаў Захад? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы “Экспэртыза Свабоды” адказвае лідэр АГП Анатоль Лябедзька і рэдактар Інтэрнэт-выданьня “БелМы” Кірыл Пазьняк.


Анатоль Лябедзька
Кірыла Пазьняк
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: На сайце Радыё Свабода прагучала ўжо шмат меркаваньняў наконт прапанаваных уладай зьменаў у выбарчае заканадаўства. Большасьць беларускіх апазыцыйных лідэраў ставіцца да іх даволі скептычна, і нават нэгатыўна. Анатоль, патлумачце вашу пазыцыю, чаму вы ня верыце, што гэтыя зьмены могуць прывесьці да рэальнай лібэралізацыі выбарчага працэсу?

“Сапраўдныя зьмены — гэта тое, што прапанавалі мы”


Лябедзька: Па-першае, я хачу адзначыць, што ніхто так шмат не зрабіў дзеля зьменаў у выбарчае заканадаўства, як Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Мы цэлы год працавалі і працуем у гэтых накірунках і з уладай і з міжнароднымі арганізацыямі. І я хачу паправіць, што пакуль няма зьменаў у выбарчаe заканадаўства, ёсьць толькі заявы Лукашэнкі на гэты конт.

Для нас сапраўдныя зьмены — гэта той фармат, які мы падрыхтавалі і перадалі і ў адміністрацыю
Некаторыя зьмены Лукашэнка ўжо “паправіў” сваімі тлумачэньнямі.
Лукашэнкі і ў БДІПЧ АБСЭ. Толькі ў такім фармаце мы можам спадзявацца, што ў Беларусі будуць свабодныя выбары. Таму мы трымаем плянку на гэтым узроўні.

Што да заяваў Лукашэнкі, то няма яснасьці з падлікам галасоў і з прысутнасьцю прадстаўнікоў апазыцыі ў выбарчых камісіяў усіх узроўняў. Некаторыя зьмены Лукашэнка ўжо “паправіў” сваімі тлумачэньнямі. Напрыклад, практыка заяўнага прынцыпу на правядзеньне мерапрыемстваў — гэта якраз наша прапанова. Але Лукашэнка дадае — “у тых месцах, якія вызначаныя ўладай”. А гэта азначае Бангалор! Кропка. Ці другое — назіраньне. Лукашэнка кажа — “гэта павінны вырашаць кіраўнікі выбарчых камісіяў”. Але ж мы ведаем, што яны ў нас якраз фальсыфікатары нумар 1 усіх выбарчых кампаніяў. Можна дазволіць назіраць з аднаго мэтра, а можна зь сямі мэтраў. І калі гэта аддаецца на разгляд кіраўніку выбарчых камісіяў, то гэта азначае, што заяўка Аляксандра Лукашэнкі нічога не каштуе.

Цыганкоў: А як гэта выглядае ў вашых прапановах?

Лябедзька: У нас вельмі ясна сказана, што ўсе назіральнікі і сябры камісіі становяцца сьведкамі наступнага — кожны бюлетэнь падымаецца, агучваецца, за каго ён пададзены, каб усе гэта маглі бачыць, і кладзецца ў асобны стос. Калі так яно будзе, то цалкам нармальна — але ж пра гэта Лукашэнка не гаворыць.

Цыганкоў: Кірыл, на вашу думку, для чаго ўлада ідзе на такія перамены? Ці гэта касмэтычныя крокі ці пэўная палітычная стратэгія?

“Нездарма Лукашэнка некалькі разоў прасіў Захад патрываць яшчэ адно ягонае прэзыдэнцтва”


Пазьняк: Дасюль апазыцыя і вонкавыя зацікаўленыя бакі вызнавалі максымалісцкі падыход — каб дэмакратыя надарылася тут і цяпер. Плёну гэта не дало, і цяпер мэханізмам стала “рэалпалітык”, дзе стаўка робіцца на паступовыя дасягненьні. Мне здаецца, што калі ўлады хаця б артыкулююць нейкія зьмены, ужо гэта можна лічыць пэўнай перамогай. Бо сама рыторыка са словамі “дэмакратызацыя” і “лібэралізацыя” ўжо ўплываюць на грамадзтва, хаця гэта ня дужа заўважна па першым часе. І натуральна, што апэтыт прыходзіць падчас ежы. Але гэтая самая “рэалпалітык” яшчэ і таму такая лагодная і запаволеная, бо яна такая з-за кволасьці дэмакратычных сілаў.

Што да заяваў Лукашэнкі, то відавочна, ён прапануе Захаду своеасаблівую ўгоду. Усе выдатна разумеюць, што галоўнае — гэта ня тое, што прапісана ў законе, а тое, як гэта будзе рэалізоўвацца на практыцы. Урэшце дыялёг з Эўропай дасьць плён тады, калі зьменіцца якраз правапрымяненьне. А гэта магчыма альбо пры ўзмацненьні апазыцыі (што стане чыньнікам ціску на паводзіны ўлады) альбо з-за жаданьня самога Лукашэнкі. Тэставаньнем і таго і другога стануць мясцовыя выбары. Апазыцыя можа скарыстаць гэту кампанію для пашырэньня сувязяў з насельніцтвам, а Лукашэнка можа прадэманстраваць Захаду, што ён здольны эвалюцыянаваць у бок дэмакратызацыі ня толькі на словах.

За гэта Лукашэнка папросіць маўклівае прызнаньне прэзыдэнцкіх выбараў. Калі ён пойдзе на нейкую ўнутрыпалітычную трансфармацыю сапраўды, яму патрэбны яшчэ адзін прэзыдэнцкі тэрмін, каб новыя выбары падрыхтаваць і самому падрыхтавацца. Нездарма ён падчас сваіх прамоваў апошнім часам некалькі разоў прасіў Захад патрываць яшчэ адно ягонае прэзыдэнцтва. Таму не выключаю, што ў 2016 годзе выбары ўжо пройдуць па-іншаму, але ўжо без Лукашэнкі. Бо ён можа сысьці нібыта дэмакратызатарам і абавязкова — непераможным. Хутчэй за ўсё, ён запатрабуе асабістыя гарантыі бясьпекі, пакіне пераемніка, можа застацца ва ўладзе ў іншай ролі, а-ля Пуцін зь Мядзьведзевым.

Цыганкоў: Выглядае, што палітычны сэнс гэтых зьменаў у выбарчае заканадаўства — Лукашэнка хоча правесьці выбары, якія прызнае Захад, і на іх перамагчы. І тут апазыцыя перад дылемай. Можна ўвогуле не прызнаваць гэтую дэмакратызацыю, але разам з тым, яна пашырае пэўнае вакно магчымасьцяў..

“Лукашэнка будзе імкнуцца “прадаць” мясцовыя выбары”


Лябедзька: Мой досьвед кажа так — чым вышэй ты падымаеш плянку, тым больш якасным і эфэктыўным будзе вынік. Калі яе трымаць на ўзроўні парога, можа “ўзьняцца” толькі да плінтуса. Таму тое, што апазыцыя на сёньня падымае плянку высока — гэта цалкам слушны падыход. І ня трэба адыходзіць ад тых прапановаў, якія зроблены намі. А яны якраз базуюцца на прынцыпах АСБЭ.

Лукашэнка, вядома, паспрабуе “прадаць” мясцовыя выбары як першую кампанію, якая была прызнаная міжнароднай супольнасьцю.
Пэрспэктыва такая, што імавернасьць зьменаў у заканадаўства існуе, але яны будуць мінімальнымі. Лукашэнка, вядома, паспрабуе “прадаць” мясцовыя выбары як першую кампанію, якая была прызнаная міжнароднай супольнасьцю. Якраз у абмен на тое, каб прэзыдэнцкая кампанія ўспрымалася значна менш.

Цыганкоў: Як тады з гэтага пункту гледжаньня будзе выглядаць стаўленьне апазыцыі да мясцовых выбараў? Трэба ў іх удзельнічаць?

Лябедзька: Прынята ўжо палітычнае рашэньне, што мы будзем удзельнічаць у мясцовых выбарах незалежна ад таго, якім посьпехам завершыцца наша кампанія па зьмене выбарчага заканадаўства. Ёсьць кампанія-мінімум — інфармаваць людзей пра крызіс, пра антыкрызісную праграму апазыцыі. Калі зьявіцца мажлівасьць правесьці сваіх дэпутатаў (вядома, ня ў Менску, не ў Гародні — я выключаю, што тут нам дадуць правесьці нашых людзей у дэпутаты) — але калі нават гэта здарыцца ў раённых і пасялковых Саветах, то мы і гэта таксама будзем выкарыстоўваць. Таму тут нашы задачы сфармуляваныя.

Цыганкоў: Кірыл, ці ёсьць шанцы, што Захад можа прызнаць наступныя прэзыдэнцкія выбары часткова свабоднымі? Таго, што робіць афіцыйны Менск — здаецца, пакуль малавата…

“Рэалпалітык” можа быць і пернікам і пугай


Пазьняк: Шмат будзе залежаць ад таго, які набор ацэнак Захад будзе вылучаць. Чаму апошнім часам афіцыйны Менск пачаў досыць інтэнсіўна прапаноўваць пэўныя зьмены? Бо зразумелі, што першую палову года рабіліся надта касмэтычныя крокі, якія не задавальнялі Захад. Тое, што зараз пайшоў інтэнсіў, і што ўрэшце заняліся і выбарчым заканадаўствам, сьведчыць, што “рэалпалітык” таксама можа эвалюцыянаваць у бок і перніка і пугі.

Калі Лукашэнка будзе імкнуцца забалбатаць працэс, то будзе даставацца пуга. Захад пачаў з малога, абы толькі наладзіць дыялёг, а зараз могуць і падціскаць. Шмат чаго сапраўды залежыць ад гэтага рашэньня 16 лістапада, калі пройдзе Рада Эўразьвязу наконт санкцыяў.

Цыганкоў: Анатоль, а чаму Менск, як выказаўся Кірыл, пайшоў на такі “інтэнсіў”? Лукашэнка нават заявіў, што гатовы прыняць адразу ўсе 12 умоваў…

Лябедзька: Тлумачыцца гэта вельмі проста. Гэта ня ёсьць доказ правільнасьці стратэгіі Захаду, ці актыўнасьці апазыцыі — гэта рэакцыя Лукашэнкі прынамсі на 2 чыньнікі. Па-першае, 16 лістапада ў Брусэлі будзе разглядацца пытаньне санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. А па-другое, патрэбныя крэдыты, шмат крэдытаў. Эканамічная стратэгія ўлады — не рэформы, а крэдыты.

Таму Лукашэнка і прадае пакуль сваю рыторыку. Яна каштуе даволі дорага, калі на яе так рэагуюць. Мы ж хацелі рэагаваць на канкрэтныя дзеяньні. Пакуль плюсам ёсьць тое, што АБСЭ у сваіх рэкамэндацыях беларускім уладам зрабіла стаўку на тое, што прапанавала беларуская апазыцыя. Галоўнае зараз — што пакінуць у сухім астатку. Вельмі важна, каб гэта быў ня проста падфарбаваны фасад, а тое, што дае магчымасьць правесьці нешта падобнае на сапраўдныя выбары.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG